Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выканаюць незарэгістраваныя арганізацыі загад Мінюста?


Валер Каліноўскі, Менск Напрыканцы верасьня міністар юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў забараніў дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, ініцыятываў і рухаў, абавязаўшы іх прайсьці легалізацыю. Тым самым Міністэрства юстыцыі прызнала праблемай для дзяржавы існаваньне шматлікіх структураў будучай грамадзянскай супольнасьці.

Незадоўга да распаду СССР па былых рэспубліках пракацілася хваля стварэньня незалежных ад уладаў арганізацыяў і рухаў. Іх тады празвалі нефармальнымі. Дзесяткі суполак узьніклі і ў Беларусі: “Паходня”, “Талака”, “Узгор’е”, “Мартыралёг”… Старэйшая апазыцыйная партыя краіны – Беларускі народны фронт – таксама пачыналася як буйны нефармальны палітычны рух. Шумныя і шматаблічныя арганізацыі пазьней сталі асновай для стварэньня легальных партыяў, праваабарончых, прафсаюзных, экалягічных, спажывецкіх ды іншых арганізацыяў… Аднак апошнім часам у Беларусі пачаўся зваротны працэс – дзесяткі легальных грамадзкіх структур закрываліся рашэньнем судоў і пераходзілі ў разрад нефармалаў, а многія новыя ініцыятывы, якія ўзьнікалі ў грамадзтве, ніяк не маглі зарэгістравацца.

Уладзімер Навасяд сваю Партыю свабоды і прагрэсу спрабаваў зарэгістраваць тройчы, з 2002 году.

Тройчы праводзіліся ўстаноўчыя зьезды, афармляліся статутныя дакумэнты. Міністэрства юстыцыі ў першы раз знайшло ў статуце неадпаведнасьці закону аб палітычных партыях і адмовіла ў рэгістрацыі, у другі раз – перадало дакумэнты на экспэртызу ў Інстытут крыміналістыкі, і той выявіў, што 42 подпісы заснавальнікаў партыі нібыта несапраўдныя. А трэцім разам чыноўнікі нават не адказалі, – зазначае лідэр Партыі свабоды і прагрэсу Уладзімер Навасяд.

(Навасяд: ) “Я думаю, нікога рэгістраваць яны болей ня будуць: ні грамадзкія арганізацыі, ні партыі. Увогуле тэндэнцыя такая, каб пакінуць толькі арганізацыі тыпу аматараў-сабакаводаў, абароны прыроды, якія будуць працаваць разам са структурамі выканаўчых органаў улады.”

Уладзімер Навасяд цяпер ужо й не спрабуе зарэгістраваць сваёй партыі, якая існуе фактычна нелегальна, але і ў такім статусе яна ўваходзіць у так званую апазыцыйную “дзесятку", удзельнічае ў палітычным працэсе. Ацэньваючы сытуацыю ў цэлым, Уладзімер Навасяд прыгадвае, як за камуністычным часам у краінах так званай народнай дэмакратыі (ПНР, ГДР) існавала па некалькі некамуністычных партыяў, напрыклад, сялянскіх. Аднак камуністычныя рэжымы трымалі іх у “замарожаным” стане, і тыя ніяк не ўплывалі на жыцьцё сваіх краін. Цяпер падобную тактыку да партыяў і грамадзкіх арганізацыяў прымяняе беларускі рэжым,– перакананы спадар Навасяд.

У такіх складаных умовах грамадзкі значныя ініцыятывы вымушаныя рэалізоўвацца ў якасьці нефармальных рухаў. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч, напрыклад, ініцыяваў Антыядзерны рух. Ён гаворыць, што ў яго дастаткова прыхільнікаў, але рэгістравацца, чаго патрабуе міністар юстыцыі, не зьбіраецца.

(Парфяновіч: ) “Ёсьць вельмі шмат людзей, якія займаюць пасады, навукоўцы тыя ж, але калі яны скажуць, што знаходзяцца ў гэтым руху, заўтра ж іх могуць звольніць з працы. Таму я мяркую, што мы не павінны іх “падстаўляць”, калі мы ня маем сродкаў утрымліваць іх сем’і”.

Спадар Парфяновіч кажа: ягоная арганізацыя выйдзе “з падпольля”, калі праблема пабудовы АЭС у Беларусі набудзе сапраўды вострае гучаньне – калі будзе прынятае рашэньне і знойдзеная пляцоўка пад будаўніцтва атамнай станцыі. Што да патрабаваньня юрыдычнай рэгістрацыі для няўрадавых арганізацыяў, то тут спадар Парфяновіч прывёў іншы красамоўны прыклад – ужо каля году Мінюст не рэгіструе Саюз алімпійскіх чэмпіёнаў, заснавальнікамі якога зьяўляецца 40 славутых беларускіх алімпійцаў, у тым ліку і Ўладзімер Парфяновіч. Саюз алімпійскіх чэмпіёнаў меўся б вырашаць сацыяльныя праблемы былых спартоўцаў.

(Парфяновіч: ) “Прэзыдэнт Алімпійскага камітэту баіцца зарэгістраваць такую арганізацыю,– гэта сьмеху варта, дзе такое можа быць… Адказваюць нам, што кропка не там, а гэта не тое, а вы павінны быць там, а ня тут…”

Калі не рэгіструюць арганізацыю былых спартоўцаў і чэмпіёнаў у краіне, якая абвясьціла спорт сваім прыярытэтам, то што гаварыць пра іншыя аб’яднаньні, перш за ўсё праваабарончага і палітычнага кірунку, зазначае спадар Парфяновіч.

А вось кіраўніца віцебскай моладзевай арганізацыі “Наш дом”, дэпутат гарадзкога савету Вольга Карач ня бачыць ніякай неабходнасьці ў афіцыйнай рэгістрацыі яе суполкі:

(Карач: ) “Не, мы не зьбіраемся рэгістравацца, таму што на нашу думку, самае галоўнае, каб была такая ўнутраная легітымнасьць з боку насельніцтва, каб насельніцтва нас прымала. Гэта датычыць і нашых незарэгістраваных газэт, улётак. Калі насельніцтва лічыць нас легітымнымі, то нам дзяржаўная рэгістрацыя непатрэбная. Калі ж насельніцтва не прызнае нас, то й дзяржаўная рэгістрацыя не дапаможа”.

Спадарыня Карач кажа, што сьпісаў сяброў арганізацыі не вядзецца зь меркаваньняў іх бясьпекі, тым ня меней яна цалкам задаволеная эфэктыўнасьцю дзейнасьці “Нашага дому”.

Вольга Карач і яе паплечнікі разам з жыхарамі Віцебску вырашаюць сацыяльна-эканамічныя і камунальныя праблемы гораду. Многія іншыя незарэгістраваныя арганізацыі Беларусі маюць выразную палітычную накіраванасьць: рух “За новую Беларусь”, рух Андрэя Клімава, грамадзянская ініцыятыва “Хартыя-97”, не зарэгістраваная моладзевая арганізацыя "Малады Фронт" ды многія іншыя. Што чулі звычайныя грамадзяне пра такія палітычныя рухі, і як да іх ставяцца? Вось найбольш характэрныя адказы менчукоў:

(Спадар: ) “Я ня бачу такіх масавых мерапрыемстваў зь іх боку, хацелася б, каб некаторыя больш выступалі”.

(Спадар: ) “ Мы чулі, але ніколі самі ўдзелу ня бралі”.

(Спадарыня: ) “Ведаеце, хаця я гэтым асабліва не цікаўлюся, але чула пра іх”.

(Спадарыня: ) “Усё гэта я ведаю, але лічу, што дыктатуры ў нас няма”.

Загад міністра юстыцыі аб рэгістрацыі ўсіх грамадзкіх ініцыятываў і рухаў выкананы ня будзе, ва ўладаў іншыя мэты – зьнішчыць ўсялякія парасткі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, – перакананая кіраўніца выканаўчага бюро Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Беларусі Алена Валынец.

(Валынец: ) “Грамадзкія арганізацыі і ініцыятывы ёсьць такімі рухавікамі пераменаў у краінах, якія знаходзяцца ў гэткім пераходным стане. Канечне, хочацца верыць, што нашы грамадзкія арганізацыі ня зьнікнуць пасьля гэтых загадаў. Веру і ведаю, што грамадзкія аб’яднаньні будуць працаваць дзеля пераменаў, а якія мэтады і формы сваёй працы яны будуць выкарыстоўваць,– цяжка сказаць. Але я думаю, што гэтыя мэтады і формы будуць эфэктыўнымі ў нашых умовах, будуць больш прыстасаванымі да іх”.

Алена Валынец прадстаўляе Асамблею няўрадавых арганізацыяў, якая два гады таму таксама спрабавала зарэгістравацца ў Мінюсце, але марна. І сёньня спадарыня Валынец раіць сваім калегам па трэцім сэктары часьцей карыстацца парадамі незалежнага выданьня “Беларускі кансьпіратар”, якое вучыць працаваць незалежным аб’яднаньням у падпольлі ў сучасных беларускіх умовах... Вось такі адказ Мінюсту...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG