Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца сэзон пераапрананьня: школы -- у шэрае, суды – у чорнае


Вячаслаў Кулік, Менск У Беларусі ня толькі школьнікаў абавязваюць мець у наступным годзе адзіную ўніформу. На загад Лукашэнкі пераапрануцца з цывільнага ў мундзіры і новыя катэгорыі дзяржаўных чыноўнікаў.

Лёгкая прамысловасьць Беларусі атрымлівае дадатковае дыханьне. Як паведаміла ў інтэрвію Радыё Свабода супрацоўніца службы маркетынгу менскага прадпрыемства “КамВоль”, у гэтыя дні на кірмашы гандлёвых прапановаў у Менску падскочыў попыт на сукно.

(Супрацоўніца ААТ “Камволь”: )“ Замовы ідуць пад школьную форму. Цяпер сілавыя структуры і чыгунка – усе замаўляюць”.

Менскі “Камволь” – буйны даўжнік нямецкага банку “Гермес”. Каб разьлічыцца па працэнтах, прадпрыемства выставіла на продаж Палац культуры, лягер адпачынку і іншыя аб’екты сацкультбыту. Па словах суразмоўцы, у крытычнай сытуацыі дзяржава дапамагае тым, што задумала пераапрануць 1 мільён 200 тысяч школьнікаў, часткова – армію, міліцыю, працаўнікоў мэтро. Упершыню, паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі, сваю ўніформу павінны мець ўсе судовыя выканаўцы агульных і гаспадарчых судоў. Тканіну таксама забясьпечыць “КамВоль”.

(Супрацоўніца ААТ “КамВоль”) “Вось цяпер заключаем дамову з Вышэйшым гаспадарчым судом. Першая дамова. Кажуаць, якую тканіну ім вырабіць. Мажліва, штосьці ў нас ёсьць. А калі няма, то нават падпрацоўваем адмыслова і выпускаем тканіну”.

У Вышэйшым гаспадарчы судзе паведамілі, што судовыя выканаўцы мужчыны будуць насіць чорныя мундзіры з воўны, жанчыны – чорны жакет, спадніцу альбо нагавіцы. Паводле начальніка ўправы кантролю за выкананьнем судовых рашэньняў Аляксандра Арлова, тое “пераапрананьне” пацягне немалую суму, прычым, палову – з уласнай кішэні судовага выканаўцы.

(Арлоў: ) “Папярэдні разьлік – 700 тысяч рублёў. Мажліва, крыху больш камплект будзе каштаваць. Ну, вось лічыце: 350 тысяч судоваму выканаўцу давядзецца ўнесьці. Хаця і тут замарочкі, і яны, у прынцыпе , будуць узьнікаць”.

Паводле Аляксандра Арлова, сёньняшні імідж судовага выканаўцы патрабуе паляпшэньня.

(Арлоў: ) “Адна справа, калі чалавек прыходзіць пры знаках адрозьненьня, і іншыя – калі ў просьценькай сукеначцы, джынсіках і красоўках”.

Што тычыцца шараговых грамадзянаў, то падчас вулічнага апытаньня ля мікрафона Радыё Свабода гучалі наступныя адказы на пытаньне: ці павышае аўтарытэт чыноўніка службовы мундзір?

(Спадарыня: ) “Я лічу, павышае. Форма надае ўпэўненасьць. І калі што якое, то можна зьвярнуцца да гэтага чалавека сьмела”.

(Юначка: ) “Калі, напрыклад, ваенныя якія-небудзь, асабліва маладзенькія, то яны прыцягваюць увагу”.

(Спадар: ) “Я мяркую, што форма больш палохае, чым дапамагае. Усе фіскальныя – падатковая, міліцыя, суды – больш насьцярожваюць і палохаюць, чым заспакойваюць у разьліку на будучыню. Я лічу, што сутнасьць трэба мяняць гэтых органаў. Сутнасьць! А ня вонкавую форму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG