Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбныя Петрыкаву новыя прамысловыя прадпрыемствы?


Казімір Яноўскі, Петрыкаў Будучы ў Петрыкаве напачатку восені, Аляксандр Лукашэнка заяўляў: “Я ня буду тут будаваць якіясьці вялікія заводы. Перш за ўсё мы павінны адрадзіць зямлю гэтага краю”. Як ставяцца да такой пэрспэктывы жыхары гэтага палескага райцэнтру?

Канешне, я не праводзіў у Петрыкаве нейкія маштабныя сацыялягічныя дасьледаваньні. Проста апытваў шараговых гараджанаў і высьвятляў іх стаўленьне да будучыні бяз новых прадпрыемстваў, якія, звычайна, даюць штуршок эканоміцы невялікіх гарадоў. І чуў вось такія адказы:

(Жанчына:) “Трэба нешта будаваць. Людзям патрэбная праца. Дзе тут працаваць? Таму ўсе зьяжджаюць на заробкі ў Маскву ды іншыя краіны. Трэба даваць работу людзям”.

(Карэспандэнт:) “Ці трэба будаваць у Петрыкаве прадпрыемствы, каб мець працоўныя месцы”?

( Другая жанчына:) “Напэўна, трэба. Расьце маладое пакаленьне. Ім дзесьці працаваць трэба, мне так падаецца, каб больш было працоўных месцаў”.

(Мужчына:) “У Петрыкаве гэта неабходна, таму што працоўныя месцы ўсюды патрэбныя”.

Такія меркаваньні выказвалі літаральна ўсе жыхары райцэнтру, з кім давялося пагутарыць.

Хаця ў Петрыкаве ёсьць керамзітавы завод, перасоўная мэханізаваная калёна, хлеба- і маслазаводы, людзі, аднак, не маглі згадаць, дзе ў райцэнтры можна зарабіць добрыя грошы:

(Мужчына:) “Гэта такое пытаньне… адкрытае. Справа ў тым, што такіх прамысловых прадпрыемстваў тут няма. Заробкі вельмі маленькія”.

І толькі адна з жанчынаў, якая назвалася Сьвятланай Іванаўнай, задаволена сказала, што яна зарабляе добрыя грошы:

(Жанчына:) “ Ну, хаця б у нас, у раённым вузьле электрасувязі, нармальныя заробкі”.

Іншых людзей, задаволеных сваімі заробкамі, мне неяк не давялося напаткаць.

Дарэчы, у пошуках заробкаў жыхары Петрыкава найчасьцей едуць у Расею. На вялікі жаль, ня ўсе вяртаюцца адтуль жывымі.

Я распавядаў ужо мінулай зімою, што ў Падмаскоўі на будоўлі ў вагончыку загінулі ў агні ажно пяцёра жыхароў Петрыкаўскага раёну, якія выехалі туды на заробкі.

Дык, можа сапраўды мэтазгодней у такіх невялікіх гарадах, як Петрыкаў, налягаць на калгасы і саўгасы і за кошт іх імкнуцца разьвіваць гэтыя райцэнтры?

Землі ў Петрыкаўскім раёне не асабліва ўрадлівыя. І зусім не калгасы ды саўгасы падтрымліваюць гарады. Наадварот, каб не загіблі дарэшты многія калгасы, іх цяпер перадаюць прамысловым прадпрыемствам. У тым жа Петрыкаўскім раёне два калгасы аддадзены Мазырскаму нафтаперапрацоўчаму заводу. Апошні цяпер імкнецца вывесьці іх з банкруцтва. Гэта ўжо ня першая хваля паратунку сяльгаспрадпрыемстваў сіламі гарадоў. Праўда, новых працоўных месцаў у Петрыкаве гэтыя захады пакуль не прынесьлі.
XS
SM
MD
LG