Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як адпачывае Аляксандар Лукашэнка?


Алесь Дашчынскі, Менск Ад 11 кастрычніка ў Сочы Аляксандар Лукашэнка праводзіць, паводле афіцыйных паведамленьняў, “кароткатэрміновы адпачынак, які працягнецца некалькі дзён”. А напрыканцы гэтага тыдня кіраўнік Беларусі зноў прыступіць да працы.

Адпачынак А.Лукашэнкі звычайна пачынаецца раптоўна, пра гэта зьяўляецца вельмі скупая інфармацыя або наагул нічога не паведамляецца. Нагадаем гісторыю зь 10-дзённым адпачынкам у Аўстрыі, куды А.Лукашэнка лётаў пакатацца на горных лыжах. Прэсавая служба не падала ніякай інфармацыі.

АГП была зьвярнулася нават з запытам да кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі: дзе і як праводзіць кароткатэрміновы адпачынак прэзыдэнт і хто ў час ягонай адсутнасьці выконвае ягоныя функцыі і паўнамоцтвы. На гэты запыт ніякага адказу, натуральна, не было. Але тады беларускі прэм’ер Генадзь Навіцкі шчыра прызнаўся журналістам, што А.Лукашэнка ў адпачынку ў Аўстрыі. Там ён меў нумар у пяцізоркавым гатэлі «Клёстэрброй» коштам 780 эўра за суткі.

Намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Публічныя асобы павінны даваць інфармацыю пра тое, што яны робяць. Таму што гэта цікавіць жыхароў дзяржавы, якой яны кіруюць. Гэта правільна і было б добра. Каб гэта было адкрыта. Заўсёды нейкія пытаньні вырашаюцца, калі чалавек едзе кудысьці. Ня ведаю, колькі адпачывае Аляксандар Рыгоравіч, мне здаецца, што надыйшла яго пара наагул адпачыць ад гэтых турботаў, даць дарогу новым людзям”.

Пытаньне прэзыдэнцкага адпачынку скончылася турмой для сябраў прадпрымальніцкага страйкаму Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева. Суд прызнаў іх вінаватымі ў публічнай абразе кіраўніка дзяржавы. Паводле прысуду, фраза "Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб за твой кошт нехта езьдзіў у Аўстрыю катацца на лыжах, жыць як душа жадае", зьмяшчае абразу гонару і годнасьці А.Лукашэнкі.

Падчас аднаго са сваіх адпачынкаў кіраўнік Беларусі пабываў таксама ў Казахстане, на вядомым курорце Чымбулак. Там дасьведчаныя інструктары далі яму некалькі ўрокаў горнага спуску на лыжах.

Летась А.Лукашэнка пабываў у Славеніі на гарналыжным курорце Крвавец. Яго бачылі ў замку Брдо, дзе нумар каштуе 858 эўра за ноч.

А вось на чарнаморскі курорт у Сочы А.Лукашэнка звычайна езьдзіць для сустрэчаў з расейскім прэзыдэнтам У.Пуціным. Аднак гэтым разам прэзыдэнцкая прэсавая служба зноў не паведамляе матывацыі адпачынку менавіта ў гэты час. Разважае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч.

(Гайдукевіч: ) “Кастрычнік – гэта палітычна не актыўны месяц. Асноўныя падзеі прайшлі, у тым ліку кангрэс дэмсілаў, і ў мяне як у кандыдата ў прэзыдэнты пытаньні ўжо сфармаваныя. Гэта такое палітычнае зацішша перад бурай”.

А чаму так мала інфармацыі падаецца пра адпачынкі кіраўніка краіны?

(Гайдукевіч: ) “Можа, з палітычнага пункту гледжаньня гэта ўсё правільна. Мы ўсе нэрвуемся, пытаемся і мяркуем. У кожнага свая тактыка, свой характар. Гэтым ён і дамагаецца таго, што гэта так праходзіць” .

Але і ў Беларусі кіраўнік краіны мае вялікія магчымасьці для адпачынку. Тут ёсьць некалькі рэзыдэнцыяў – у Заслаўі, “Віскулі” у Белавескай пушчы, “Дразды”, на беразе ляснога возера Плаўна, у Астрашыцкім гарадку… Натуральна, што раз-пораз іх наведвае гаспадар. А калі яшчэ згадаць шэраг спартыўных аб’ектаў, сярод якіх лыжаролерная траса ці тэнісныя корты… Вядома, што А.Лукашэнка асабліва захапляецца зімовымі відамі спорту. Прычым, падчас спартыўных адпачынкаў перакрываюцца вуліцы, рух транспарту, выстаўляецца вялікая ахова.
XS
SM
MD
LG