Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто выратуе беларускі футбол?


Ігар Карней, Менск Сёньня нацыянальная зборная Беларусі ў футболе праводзіць апошні матч адборачнага турніру да чэмпіянату сьвету 2006 году. І хоць сустрэча з камандай Нарвэгіі нічога не вырашае, а беларуская каманда чарговым разам можа канстатаваць няўдалую спробу трапіць у фінальную частку спаборніцтваў, спэцыялістаў цікавіць іншае: ці здолее захаваць сваю пасаду галоўны трэнэр зборнай Беларусі Анатоль Байдачны, пад кіраўніцтвам якога цягам усяго гульнёвага цыклю каманда атрымала толькі дзьве перамогі?

Тое, што пасьля ажыятажнай гульні са зборнай Італіі на сёньняшні матч не прададзена і палова квіткоў, найлепш дэманструе ступень цікавасьці да сустрэчы.

Да таго ж, сам матч пачынаецца надзвычай позна – у 21.30, што для гульні, якая па сутнасьці нічога не вырашае, досыць незвычайна. Каб прыцягнуць больш гледачоў, за гадзіну да футболу пачнецца эстрадны канцэрт з удзелам беларускіх поп-выканаўцаў. Што да шанцаў, то, як паведамілі ў букмэйкерскіх канторах, бальшыня ставак зробленая на станоўчы для беларусаў вынік, але з улікам, што нарвэжцам дзеля гарантаванага выхаду ў плэй-оф неабходная як мінімум нічыя, то характар гульні можа быць самы нечаканы. Да таго ж, з улікам нядаўніх выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі на адрас футбалістаў можна прагназаваць, што Анатоль Байдачны скіруе сваіх выхаванцаў у пераможнае рэчышча.

Пасьля матчу зь італьянцамі месяц таму, калі беларусы прайгралі з буйным лікам 1:4 і страцілі нават тэарэтычныя шанцы трапіць у фінальную частку ўсясьветнага першынства, зноў узьніклі размовы – што рабіць зь беларускім футболам?

Усё часьцей гучаць прапановы па аналёгіі з хакеем запрасіць замежнага “выратавальніка” – усе папярэднія спробы “выехаць” на мясцовым спэцыялісьце плёну ня мелі. Адпаведны настрой, дарэчы, і ў кіраўніка НАК Аляксандра Лукашэнкі. У канцы верасьня ён не саромеўся ў выказваньнях на адрас футбалістаў падчас зьезду Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, а зусім нядаўна “пляжыў” іх на нарадзе з кіраўнікамі спартовых фэдэрацыяў. Працытую невялікі ўрывак, які тычыўся футболу: “Гэтыя гультаі, лайдакі у якіх мы ўкладаем вялізныя грошы, на чале з кіраўніком фэдэрацыі Нявыгласам правалілі ўсё. Сорамна глядзець: у іх вага, як у мяне – 100 кг. Куды ён з такой вагой пабяжыць, гэты футбаліст?..”.

Нават візуальна бачна, што самы “цяжкі” у футбольнай зборнай – трэнэр Байдачны. Некаторыя лічаць, што пасьля такіх намёкаў ён на гэтай пасадзе “дажывае” апошнія дні. Праўда, у фэдэрацыі футболу сказалі: паседжаньне выканкаму заплянаванае на лістапад, а справаздачная канфэрэнцыя – толькі на сакавік. Аднак на мінулым тыдні Лукашэнка прыгразіў: пасьля таго, як сваёй шэрай гульнёй футбалісты ўсяму беларускаму народу плюнулі ў твар, кожны за гэта адкажа пэрсанальна. Наўрад ці ў гэтым сэнсе для трэнэра зробяць выключэньне. У чымсьці жорсткую пазыцыю Лукашэнкі падзяляе і адзін з найстарэйшых футбольных спэцыялістаў Леанід Гарай.

(Гарай: ) “У мяне такое бачаньне: запрасілі ў зборную – павінен лічыць гэта за гонар. Выходзь на поле і цалкам аддавайся гульні, да апошняга. Маладыя стараюцца, нічога дрэннага не скажу. Іншая справа, што майстэрства не хапае. А “дарослыя” можа і хочуць паказаць гульню, але не рэалізавалі момант, не забілі – скісьлі. Гэта ўжо недахоп псыхалягічнай падрыхтоўкі. Нікога не хачу “паліваць”, але трэнэры, гульцы перад гледачамі вінаватыя за такія вынікі. Мяне гэта ўсё “карожыць”, бо я сам 10 гадоў гуляў, усё прайшоў, быў побач з Эдзікам Малафеевым. І як бы Малафеева ні асуджалі за “шчыры футбол”, але ў гэтым сэнсе ён фанат. А тут неяк чытаю, Байдачны кажа: за такія грошы гуляць?.. Ня мае права трэнэр такія рэчы казаць”.

Дарэчы, зноў жа, са словаў Лукашэнкі, кіраўнік Фэдэрацыі футболу Генадзь Нявыглас прыходзіў да яго і прасіў падвысіць прэміі за кожную гульню ў зборнай да 5 тысячаў даляраў кожнаму футбалісту. Лукашэнка быццам не адмовіў, за што цяпер і “кусае локці”. У любым выпадку, наракаць на адсутнасьць фінансавага стымулу сапраўды не выпадае.

Учора апошні матч групавога турніру згуляла і моладзевая каманда. Параза ад аднагодкаў з Нарвэгіі зь лікам 2:3 спыніла гаспадароў у кроку ад фінальнай часткі спаборніцтваў. Як казаў Леанід Гарай – маладыя стараюцца, але майстэрства аб’ектыўна не хапае. Але хутка гэтая моладзь зойме месца ў галоўнай камандзе. І кола зноў “замкнецца”.

Як кажуць спэцыялісты, праблема ўвогуле палягае ў аднабокасьці падыходаў да спорту. Культывуюцца дысцыпліны, у якіх беларусы ніколі не былі на першых ролях – той жа хакей, футбол. Затое віды, дзе былі традыцыі моцныя, паступова зьнікаюць. Пра гэта сьведчыць і нядаўні ліст да Аляксандра Лукашэнкі, падпісаны найлепшымі прадстаўнікамі гандболу, валейболу, баскетболу. Яны пішуць, што дзяржава, зацыкліўшыся на двух відах, упарта ігнаруе ўсе астатнія. Зрэшты, як паказваюць сьціплыя посьпехі футбольных клюбных і нацыянальных камандаў, сэлекцыйная праца нават у гэтым “стратэгічным” відзе спорту гэтаксама пакідае жадаць лепшага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG