Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палез, як цыган па драбінах на неба


Эдвард Зайкоўскі, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

У апавяданьні Якуба Коласа “Соцкі падвёў” паліцэйскі ўраднік, які задумаў спэцыяльную апэрацыю для арышту “сіцыліста”, ужо загадзя смакуе ў думках сваё павышэньне па службе, прасоўваньне па кар’ернай лесьвіцы: “І палез наш ураднік наверх, як цыган па драбінах на неба”.

Якуб Колас выкарыстаў тут выраз з жывой народнай мовы. Цыганы на нашых землях вядомыя яшчэ з XV стагодзьдзя. Амаль да нашага часу беларускія, як, зрэшты, і ўсе астатнія цыганы, вялі вандроўны лад жыцьця, звычайна нідзе не асядаючы і не займаючыся земляробствам. Асноўнымі заняткамі мужчын-цыганоў былі гандаль коньмі, канавальства, кавальства і некаторыя іншыя рамёствы (кшталту разьбы па дрэве ці пляценьня кашоў). Цыганскія жанчыны жылі з варажбы, знахарства, папрашайніцтва – з заняткаў, якія вымагалі кемлівасьці і спрыту, веданьня чалавечай псыхалёгіі.

У пэўнай меры “інтэлектуальныя” спосабы здабываньня кавалка хлеба былі ўласьцівыя і мужчынам, таму досыць шырокую вядомасьць набылі цыганы як музыкі і дрэсіроўшчыкі мядзьведзяў. Некаторыя групы цыганоў займаліся таксама паказам тэатралізаваных сцэнак, нярэдка з элемэнтамі цыркацтва. У шэрагу такіх сцэнак выкарыстоўваўся своеасаблівы тэатральны рэквізыт – спэцыяльныя прыстасаваньні, дзякуючы якім цыганы-акторы імітавалі тое, чаго не бывае ў штодзённым жыцьці, напрыклад, узыходжаньне героя на неба. Гэты сюжэт грунтаваўся на фальклёрных уяўленьнях пра тое, што па драбінах можна дабрацца да раю, які знаходзіцца на небе. Пад узьдзеяньнем паказу такіх тэатралізаваных сцэнак і зьявіўся выраз палез, як цыган па драбінах на неба. Так скажуць пра таго, хто спадзяецца простым і лёгкім шляхам дасягнуць жыцьцёвых мэтаў, дабіцца посьпеху.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG