Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

9-гадовы Янка нарэшце можа вучыцца па-беларуску


Міхал Стэльмак, Жодзіна У Жодзіне ад сёньняшняга дня аднавіў навучаньне ў школе па-беларуску 9-гадовы Янка Лапіцкі, які з 2004 году не наведваў заняткаў. Нагадаем, беларускамоўная кляса, у якой вучыўся Янка і ў якой было два вучні, была расфармаваная напярэдадні мінулага навучальнага году. Паводле жодзінскіх чыноўнікаў, трымаць клясу дзеля двух вучняў — задорага для бюджэту. Бацькі Янкі адмовіліся ад прапанаванага навучаньня сына ў расейскамоўнай школе. 10 кастрычніка Жодзінскі гарвыканкам прыняў рашэньне пра беларускамоўную адукацыю хлопчыка па індывідуальнай праграме.

Янка Лапіцкі вучыцца ў гімназіі №1 Жодзіна. Паводле яго, ён даўно чакаў сёньняшняга дня:

(Янка: ) “Узрадаваўся. Таму што надакучыла вучыцца дома. І больш хочацца вучыцца ў нармалёвай беларускай клясе”.

Янку і яго бацькоў Аляксея і Сьвятлану Лапіцкіх сустрэлі сёньня ў гімназіі ветліва. Дырэктар установы Генадзь Коршун пацьвердзіў, што Жодзінскі гарвыканкам прыняў рашэньне пра навучаньне хлопчыка па індывідуальнай праграме.

(Коршун: ) “Знамянальны дзень, калі выканкам прыняў рашэньне аб навучаньні па індывідуальным пляне. Будзем выконваць гэтае рашэньне. Зацьверджана праграма, у тым ліку праграма выроўніваньня. Каб цягам месяца атэставаць яго. Каб афіцыйна ён стаў вучнем чацьвёртай клясы. Вось і ўсё”.

Паколькі мінулы навучальны год Янка не наведваў заняткаў, то ён пакуль афіцыйна залічаны ў трэцюю клясу, у той час як яго аднагодкі вучацца ў чацьвёртай. Аднак у сапраўднасьці Янка таксама будзе вывучаць праграму чацьвёртай клясы, бо праграму трэцяй клясы ён прайшоў у хатніх умовах. Бацькі перакананыя, што Янка пасьпяхова пацьвердзіць свае веды гімназічнай настаўніцы і дагоніць аднагодкаў з расейскамоўнай клясы.

Упэўнены ў такім выніку і дырэктар Генадзь Коршун, паводле якога паспрыяе гэтаму настаўніца вышэйшай катэгорыі Ніна Кавалеўская. У сваю чаргу, спадарыня Кавалеўская паведаміла, што яе не палохае праца з адным вучнем. Яна патлумачыла, што мае багаты пэдагагічны досьвед, у тым ліку і па індывідуальным навучаньні. Настаўніца паведаміла, што будзе выкладаць Янку наступныя прадметы:

(Кавалеўская: ) “Беларуская мова і літаратурнае чытаньне, расейская мова і чытаньне, матэматыка, “Чалавек і сьвет”, яшчэ выяўленчае мастацтва, працоўнае навучаньне. Працавалі, бывала, і з адным вучнем. То да школы падрыхтаваць, то яшчэ штосьці”.

Яе аптымізм наконт пэрспэктываў беларускамоўнага навучаньня Янкі узьняў настрой і бацькоў хлопчыка. Гаворыць бацька Янкі Аляксей Лапіцкі:

(Лапіцкі: ) “Тое, што Янка за апошні год і месяц нарэшце пайшоў у школу, гэта выдатна. Тое, што я ўбачыў нармалёвае становішча, што ён адразу псыхалягічна прыняў настаўніцу, бо яна размаўляе па-беларуску. І бачна, што яна ставіцца да гэтага вельмі добра. Гэта радуе. Ёсьць некаторыя моманты, якія насьцярожваюць. Гэта зьвязана з будучыняй. Будучай пятай клясай. Самае галоўнае, каб адміністрацыя школы і аддзел адукацыі знайшлі калектыў настаўнікаў, якія б маглі на гімназьчным узроўні далей займацца па беларускамоўнай праграме”.
XS
SM
MD
LG