Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска ў Сыліконавай даліне


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа". Удзельнічае Тацяна Макаед (Каліфорнія).

22 верасьня Аляксандр Лукашэнка падпісаў адмысловы Дэкрэт № 12 пад назваю “Аб парку высокіх тэхналёгій”. Такім чынам, ідэя стварэньня ў Беларусі тэхнапарку ўзору амэрыканскай Сыліконавай даліны, пра якую так шмат гаварылася апошнім часам з боку беларускага прэзыдэнта, набывае рэальныя абрысы. Дэкрэтам прадугледжаны канкрэтныя меры па рэалізацыі праекту.

Што ўяўляе сабою сапраўдная Сыліконавая даліна ў амэрыканскай Каліфорніі? Пра гэта распавядае беларуска з Лос-Анджэлеса Тацяна Макаед.

(Сурмач: ) “Тацяна Макаед належыць да новай беларускай эміграцыі на паўднёва-заходнім узьбярэжжы Амэрыкі. Яна была цягам паўтара гадоў вядучаю Беларускай перадачы на адной з каліфарнійскіх радыйных праграмаў.

Тацяна, вітаем Вас, адразу хачу запытацца, ці выходзіць у эфір да гэтага часу Ваша праграма?”

(Макаед: ) “Радыёперадача ўжо недзе каля году як не выходзіць. Яна скончылася таму, што ў нас не было грошай і не было каму падтрымаць. Я была толькі адной зь вядучых, каб праграма працягвалася патрэбен быў нейкі спонсар, але ў мяне не было магчымасьці яго знайсьці, так што нашу праграму зачынілі”.

(Сурмач: ) “Шкада, што так атрымалася”.

(Макаед: ) “Так, дарэчы, праз маю праграму некалькі чалавек адазваліся. Гэтая праграма іх натхніла на нейкую дзейнасьць, і яны выказвалі мне падзяку, былі задаволеныя, што пачулі тут у Каліфорніі родную мову, успомнілі і пачалі між сабою размаўляць. Тое, што хоць некалькі чалавек адазваліся, для мяне ўжо было вартым майго часу”.

(Сурмач: ) “Цяпер ва ўсходнія раёны ЗША прыехала шмат моладзі з Беларусі, а як у Каліфорніі?”

(Макаед: ) “Вельмі мала сюды прыяжджаюць, адлегласьць вялікая, шмат далей ад Радзімы. Звычайна едуць да сваіх знаёмых ці сваякоў, але такіх мала. Здараецца гэта больш у Сан-Францыска, а таксама ў Тага – гэта мясцовасьць, дзе ёсьць зона адпачынку, турысты, там, дзе можна зарабіць грошы”.

(Сурмач: ) “Тацяна, чым вы цяпер займаецеся, працуеце, ці вучыцеся?”

(Макаед: ) “Я працягваю вучыцца ў Лос–Анджэлесе ва ўнівэрсытэце, вывучаю эканоміку, застаўся год вучыцца. Да гэтага я працавала два гады. Вырашыла ўзяць перапынак, паглядзець як выглядае праца ў рэальнасьці. Папрацаваўшы вырашыла, што ўсё ж вучыцца лепш, трэба вучыцца і цяпер у мяне зусім іншы падыход да вучобы”.

(Сурмач: ) “А цяпер адносна тэмы нашай сустрэчы. Вы жывяце ў Каліфорніі, дзе знаходзіцца знакамітая Сыліконавая даліна, аналяг якой марыць пабудаваць у Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Вам давялося там пабываць?”

(Макаед: ) “Так, я была”.

(Сурмач: ) “Калі пад''яжджаеш, якое ўражаньне, нешта асаблівае, мадэрновае?”

(Макаед: ) “Для мяне нічога асаблівага, звычайны горад. Там чыста, горад добра прыбраны, у асноўным вакол будынкі. Музэй вельмі цікавы, асабліва для тых, хто цікавіцца кампутарамі”.

(Сурмач: ) “Там толькі офісы, ці ёсьць і жылыя дамы?”

(Макаед: ) “Жывуць вельмі шмат, пераважна тыя, хто там працуе. Але там вельмі дорага каштуе жытло і жыцьцё ўвогуле. Купіць там хату амаль што немагчыма, хіба што толькі той можа, хто там працуе на высокіх пасадах”.

(Сурмач: ) “Сыліконавая даліна – гэта не адзін горад, гэта назва цэлае мясцовасьці, дзе знаходзіцца адзін з найбольш вядомых у Амэрыцы ўнівэрсытэтаў – Стэнфардзкі. Калі гаварыць афіцыйнай моваю, то Сыліконавая даліна – гэта, фактычна, Стэнфардзкі дасьледчы і прамысловы парк, які разьмяшчаецца ў рэгіёне паблізу горада Пало-Альто, гэта ў 40 кілямэтрах на поўнач ад Сан-Хасэ і ў 60 кіляматрах на поўдзень ад Сан-Францыска. Цяпер гэта адзін з найбуйнейшых у сьвеце цэнтраў разьвіцьця высокіх тэхналёгій і іннавацыяў”.

(Макаед: ) “На пачатку мінулага стагодзьдзя там квітнелі сады і даліна была вядомая пад назваю "Даліна радасьці сэрца", там вырошчваліся абрыкосы, гэта быў агракультурны цэнтар. А пачалося ўсё гэта з таго, што ўнівэрсытэт у Стэнфардзе ў 30-х гадох меў праблемы зь фінансамі. Каб падтрымаць сваіх выпускнікоў, адзін прафэсар, які працаваў на электра-інжынэрнай катэдры, вырашыў, што патрэбна зацікавіць выпускнікоў, каб яны не ад''яжджалі ў іншыя рэгіёны, а заставаліся ў Каліфорніі. Ён выступіў з такой ідэяй, каб стварыць свой дасьледчы цэнтар.

Прафэсар запрасіў сваіх ранейшых вучняў, двое з іх былі Вільям Х''юлет і Дэвід Пакард. Х''юлет распрацаваў генэратар гукавой частаты і потым была наладжана ягоная камэрцыйная вытворчасьць. Яны залажылі кампутарную кампанію "Hewlett Packard", якая стала сусьветна вядомаю як вытворца кампутараў, вымяральных прыбораў і абсталяваньня.

Потым пачалі адчыняцца малыя фірмы, якія засноўвалі факультэты і студэнты. Потым пачалі далучацца ўжо існуючыя вялікія кампаніі. І вось там быў зроблены першы паўправаднік. Менавіта з той прычыны, што паўправаднікі вырабляліся з крэмнія (silicon), і пайшла назва Сыліконавая даліна.

(Сурмач: ) “Я б хацела нагадаць імя прафэсара, пра якога гаварыла Тацяна. Гэта Фрэдэрык Тэрман (Frederick Terman), якога цяпер называюць бацькам Сыліконавай даліны. Упершыню гэтая назва была ўжытая журналістамі ў 1971 годзе.

Ініцыятары стварэньня парку не мелі сродкаў і пачыналі з таго, што здавалі зямлю ў арэнду...”

(Макаед: ) “Унівэрсытэт меў шмат зямлі, яны не мелі права яе прадаваць, але можна было здаваць яе ў арэнду. Вельмі шмат зямлі ў гэтай даліне належала менавіта ўнівэрсытэту таму, што губэрнатар Стэнфарду, які заклаў гэты ўнівэрсытэт, напісаў у сваім тэстамэнце, што гэтую зямлю нельга прадаваць. І яны вырашылі аддаць зямлю ў арэнду. Пабудавалі не прадпрыемства, а будынкі. Яны сабралі навукоўцаў, распрацоўшчыкаў, таксама запрасілі вядомыя кампаніі арандаваць памяшканьні”.

(Сурмач: ) “Зямля і будынкі ў арэнду здавалася далёка ня ўсім жадаючым, а толькі тым высокатэхналягічным кампаніям, якія маглі быць карыснымі для ўнівэрсытэту і ягонага праекту. У 1950-я гады туды паступова пачалі прыходзіць вядомыя буйныя кампаніі, напрыклад, такія, як гігант General Electric. У хуткім часе ў гэты рэгіён перамясьціліся дасьледчыя цэнтры кампаній IBM, Xerox...

Тацяна, што ўяўляе сабою Сыліконавая даліна на сёньняшні дзень? Гэта прадпрыемствы, інфармацыйныя цэнтры, лябараторыі?”

(Макаед: ) “Так, менавіта тое, што Вы кажаце. Цяпер там знаходзіцца прыкладна дзьве тысячы кампаній і іх прадстаўніцтваў у галіне электронных тэхналёгій, інфармацыі, таксама фірмы сэрвісу, паставак. Усе яны знаходзяцца не ў нейкім адным горадзе, а разьмешчаныя ў цэлай гэтай мясцовасьці. І калі туды паедзеш, у асноўным бачыш будынкі, высокія, шматпавярховыя з назвамі знакамітых кампаній, такіх як напрыклад Microsoft, Intel і інш. Як для турыстаў гэта, мабыць, ня надта цікавае мейсца ў сэнсе прыгажосьці краявідаў. Але, каго цікавіць гісторыя кампутарных тэхналёгій, для таго там вельмі цікава. Ёсьць музэй, там вельмі цікава даведацца пра гісторыю кампутараў і можна пабачыць самыя апошнія дасягненьні ў гэтай галіне, якія стаяць толькі на вітрыне і якіх яшчэ нават няма ў продажы”.

(Сурмач: ) “Дадам, што Сыліконавая даліна займае плошчу больш за 280 га, налічвае 162 будынкі і 23 тысяч працаўнікоў. З кампаній, якія там працуюць, 52% складаюць дасьледчыя і тэхналягічна арыентаваныя кампаніі, 46% працуюць у галіне абслугоўваньня патрэбаў парку.

Асноўнымі сфэрамі дзейнасьці ў Сыліконавай даліне зьяўляюцца электроніка, касьмічная галіна, біятэхналёгіі, кампутарнае абсталяваньне і праграмы.

Тэрыторыю парка можна назваць самадастатковай структурай, якая мае 46 міль дарогаў, электрастанцыю, уласныя сыстэмы водазабесьпячэньня, ацяпляльную і халадзільную станцыі, электразабесьпячэньне, пошту, банкі, а таксама ўласную пажарную і паліцэйскую службы.

Тацяна, які сучасны стан “Сіліконавай даліны”, ці там не выяўляюцца прыкметы заняпаду, ці яна разьвіваецца?”

(Макаед: ) “Так, разьвіваецца. Вядома, былі часы спаду, але тут працуюць сусьветна вядомыя кампаніі, і я ня думаю што парк можа прыйсьці ў заняпад. Адсюль кампутары пачаліся, адсюль паходзяць амаль усе вынаходніцтвы ў гэтай галіне. Магчыма, у будучым знойдуцца канкурэнты, якія на сусьветным рынку змогуць спаборнічаць з “далінаю” і быць канкурэнтамі Амэрыкі, але на цяперашні час наўрад ці гэта магчыма, бо цяпер на рынку кампутараў прадукты ідуць пераважна з Амэрыкі”.

(Сурмач: ) “Тым ня менш, канкураваць з каліфарнійскаю Сыліконавай далінаю спрабуюць многія. Дакладней, можна сказаць, пераймаюць вопыт.

Падобныя навукова-прыкладныя цэнтры існуюць у Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі. У Індыі, дзе апошнім часам імкліва разьвіваюцца кампутарныя тэхналёгіі, парк высокіх тэхналёгіяў заснаваны ў горадзе Бангалор.

Расейская Фэдэрацыя плянуе стварыць вялізны тэхнапарк у Маскве і нешта падобнае ў Пецергофе пад Санкт-Пецярбургам. Нядаўна прэзыдэнт Казахстану Назарбаеў таксама абвясьціў пра намер пабудаваць у краіне ўласную "Сыліконавую даліну". Як бачым, не засталася ў баку ад гэтага працэсу і Беларусь.

Тацяна паведаміла пра тое, што ў гэтыя дні, дакладней з 30 верасьня па 9 кастрычніка, ў Каліфорніі адбывалася прэзэнтацыя беларускага парку высокіх тэхналёгіяў. З гэтай мэтаю амэрыканскую “Сыліконавую даліну” наведаў адказны за беларускі праект памочнік прэзыдэнта Валеры Цапкала. У той час, калі сам беларускі прэзыдэнт амаль у кожным сваім публічным выступе крытыкуе ЗША, ягоны прадстаўнік спрабаваў устанавіць кантакты і намовіць амэрыканскія кампаніі з Сыліконавай даліны супрацоўнічаць у ажыцьцяўленьні беларускага праекту.

Як вядома, галоўную рухаючую сілу амэрыканскай Сыліконавай даліны акрамя фінансаў складаюць інтэлектуальныя чалавечыя рэсурсы – спэцыялісты, навукоўцы, якія там працуюць.

Хочацца запытаць, ці працуюць у амэрыканскай Сыліконавай даліне беларускія спэцыялісты?”

(Макаед: ) “У мяне ёсьць некалькі знаёмых, якія працуюць у Сыліконавай даліне. Гэтае месца вельмі прыцягальнае для беларускіх праграмістаў. Працу знайсьці там цяжка, але калі нехта там мае знаёмых ці сяброў, то па іх запрашэньні і рэкамэндацыі можна неяк трапіць туды. Ёсьць тут такое, што ў адным месцы працуюць шмат людзей зь Беларусі, нават жывуць побач”.

(Сурмач: ) “Беларускія кампутарныя спэцыялісты працуюць сёньня не толькі ў амэрыканскай Сыліконавай даліне, яны разьехаліся па цэлым сьвеце з прычыны немагчымасьці рэалізаваць свае здольнасьці на радзіме, а некаторыя ў сувязі з палітычнай сытуацыяй ў краіне.

Чалавечы патэнцыял беларускай Сыліконавай даліны часткова апынуўся сёньня ў замежжы і вярнуць яго, магчыма, больш складана, чым прыцягнуць замежныя інвэстыцыі і замежных спэцыялістаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG