Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька выйграў судовы працэс (абноўлены)


Алег Супрунюк, Берасьце Судзьдзя Берасьцейскага раёну Валянціна Кавенка спыніла разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да лідэра Аб''яднанай грамадзянскай партыі ў сувязі з адсутнасьцю ў ягоных дзеяньнях складу правапарушэньня.

У суд Берасьцейскага раёну Анатоля Лябедзьку выклікалі паводле абвінавачваньня ў арганізацыі несанкцыянаванага сходу ў паселішчы Дамачава. У часе гэтага сходу, які адбыўся сёлета 9 ліпеня, былі вылучаныя дэлегаты для ўдзелу ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Пазьней у міліцэйскіх пратаколах арганізатарамі сходу, у прыватнасьці, былі названыя Анатоль Лябедзька і Станіслаў Шушкевіч.

Спадар Лябедзька абверг гэтыя высновы і заявіў, што ня браў удзел у сходзе. Яшчэ да пачатку гэтага мерапрыемства аўтамабіль, у якім знаходзіўся старшыня Аб''яднанай грамадзянскай партыі, быў спынены на адной з вуліцаў Дамачава. Спаслаўшыся на тое, што Анатоль Лябедзька парушыў правілы знаходжаньня ў памежнай зоне, яго адвезьлі ў пастарунак. Лідэр АГП знаходзіўся там каля чатырох гадзінаў і таму рапарты міліцыянтаў, паводле якіх Лябедзьку нібыта бачылі сярод ўдзельнікаў сходу ён называе ілжывымі. Гэтыя заявы апазыцыйнага палітыка найшлі сваё пацьверджаньне ў судзе.

Рашэньне судзьдзі Валянціны Кавенкі спыніць справу ў сувязі з адсутнасьцю ў дзеяньнях Анатоля Лябедзькі складу адміністрацыйнага правапарушэньня, сам спадар Лябедзька пркамэнтаваў даволі стрымана.

(Лябедзька: ) “Гэта ўсё ж такі выключэньне з агульнага правіла і я не зьмяню свае адносіны да судовай сыстэмы. На вялікі жаль, яна ў нас кантралюемая, рашэньні прымаюцца праз тэлефонныя званкі. Калі няма абсурду ў кубе, які быў сёньня і які засьведчылі міліцыянты і матэрыялы справы. Я думаю, што ў мяне былі вельмі моцныя аргумэнты і вельмі моцная пазыцыя”.

Разам з тым Антоль Лябедзька не выключае, што ў вышэйшых судовых інстанцыях сёньняшняе рашэньне можа быць перагледжанае.

Што тычыцца кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслава Шушкевіча, дык ён у Берасьце сёньня не прыехаў.
XS
SM
MD
LG