Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран запрасіў Беларусь да ўдзелу ў ядзернай праграме


Алесь Дашчынскі, Менск Амбасадар Ірану ў Беларусі Абдальхамід Фэкры запрасіў Беларусь да ўдзелу ў ядзерных праграмах сваёй краіны. Ён заявіў, што іранская ядзерная праграма адкрыта для беларускіх навукоўцаў. Якія тут пэрспэктывы мае Беларусь?

Амбасадар нагадаў, што прэзыдэнт Ірану на Генасамблеі ААН адкрыта прапанаваў усім краінам і прыватным кампаніям удзельнічаць у ядзернай праграме. Іранскае кіраўніцтва ня супраць, каб у ёй бралі ўдзел таксама беларускія навукоўцы. Аднак на сёньняшні момант, паводле дыплямата, беларускія дасьледчыкі не працуюць у рамках гэтай праграмы. Гэтую інфармацыю таксама пацьвердзіў генэральны дырэктар беларускага Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў “Сосны” Вячаслаў Куўшынаў. Якімі ж могуць быць пэрспэктывы беларуска-іранскага супрацоўніцтва ў гэтай сфэры?

(Куўшынаў: ) “Я ўпершыню пра гэта чую, і мне невядомыя пэрспэктывы нашага супрацоўніцтва. Таму што я ня ведаю, якая ў іх праграма. Калі гаворка ідзе пра будаўніцтва атамнай станцыі, то там будуюць расейцы. А што яны там яшчэ робяць, нікому невядома. Таму для мяне дзіўна тое, што сказаў амбасадар. Калі стане вядома, якая там у іх праграма, тады, магчыма, у нечым і зможам удзельнічаць. Але пакуль мне ня ясна, якія там у іх праграмы. МАГАТЭ іх пастаянна правярае і быццам бы нічога дрэннага не знаходзіць. Мы, напрыклад, зьвязаны з Бэльгіяй, Францыяй, Швэцыяй, але з Іранам у нас ніколі не было сувязяў”.

Паводле Станіслава Шушкевіча, у Беларусі шмат навукоўцаў, якія могуць займацца тымі праблемамі, у якіх зацікаўлены Іран. А ў Беларусі ў іх нізкія заробкі. Але гэта пытаньне хутчэй палітычнае, чым навуковае.

(Шушкевіч: ) “У Беларусі ёсьць спэцыялісты, якія могуць дапамагчы Ірану многае зрабіць — і ня толькі ў мірных мэтах, таму гэтае рашэньне павінна быць палітычным. І калі чалавек ідзе на тое, каб дапамагаць ісламскаму сьвету рабіць яшчэ адну, акрамя пакістанскай, атамную бомбу, то відавочна трэба на гэта ісьці, калі не, то не. Я ня веру ў тыя запэўніваньні Ірану, што гэта мірная праграма. Ёсьць МАГАТЭ. Бяз згоды і кансультацыяў з гэтым агенцтвам нельга туды ехаць працаваць”.

Вайсковы аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Аляксандар Алесін мяркуе, што афіцыйны Менск наўрад ці пойдзе на супрацоўніцтва з Іранам бяз санкцыі МАГАТЭ.

(Алесін: ) “Выгады для Беларусі ў гэтым ніякай няма. Што, Беларусь хоча атрымаць сабе ядзерную зброю, альбо, не зьвяртаючы ўвагі на свае інтарэсы, прыслужыць дзядзькам з Ірану? Тут шкода міжнароднаму прэстыжу. Могуць быць і эканамічныя санкцыі, улічваючы, як насьцярожана ставіцца Эўропа да гэтай праблематыкі. У нас і бяз гэтага адносіны з Эўропай і ЗША вельмі няпростыя. Таму, я думаю, што Беларусь будзе дэманстратыўна адмяжоўвацца ад такіх рэчаў. Я думаю, што рызыкаваць ня будуць”.
XS
SM
MD
LG