Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"АБСЭ сапраўды практыкуе падвойныя стандарты да розных рэгіёнаў Эўропы"


Юры Дракахруст, Прага У працы “Форуму-2000”, які праходзіў у нядзелю і панядзелак у Празе, браў удзел былы міністар замежных справаў Польшчы Браніслаў Герэмэк. Журналісты нашага радыё задалі яму пытаньні наконт Беларусі.

(Карэспандэнт: ) "Беларускія ўлады нярэдка кажуць, што заходнія краіны ўжываюць да Беларусі падвойныя стандарты ацэнак, жорстка крытыкуючы парушэньні правоў чалавека ў ёй, у той жа час амаль не зважаючы на сытуацыю, скажам, у Цэнтральнай Азіі ці на Каўказе, дзе становішча ня лепшае. Ці сапраўды існуюць такія падвойныя стандарты?"

Адказвае Браніслаў Герэмэк:

(Герэмэк: ) "Я маю горкі досьвед, што ў АБСЭ сапраўды практыкуюцца падвойныя стандарты адносна розных рэгіёнаў Эўропы. У 1998 годзе я быў старшынём АБСЭ як кіраўнік польскага МЗС, і я спрабаваў узьняць пытаньне дэмакратыі і правоў чалавека ў Цэнтральнай Азіі гэтак жа, як і Грузіі, Украіне і Беларусі. Але тут пытаньне ня толькі жаданьня, але і чульлівасьці розных грамадзтваў.

Эўрапейскія і амэрыканскае грамадзтвы больш чульліва ставяцца да сытуацыі ва Ўкраіне і Беларусі, чым ва Ўзбэкістане ці Таджыкістане. Беларусь – адзіная дыктатура ў Эўропе і яе нельга разглядаць, як нейкае экзатычнае выключэньне з правілаў. Гэта – парушэньне правілаў. У Эўропе дэмакратыя і вяршэнства закону – унівэрсальныя нормы.

І гэта ня можа спыніцца на мяжы Беларусі. У Беларусі пачынаецца працэс, падобны да тых, што былі ва Ўкраіне і ў Грузіі, і гэта з сымпатыяй успрымаецца эўрапейскай і ўсясьветнай грамадзкай думкай.

Гэта павінна быць падтрыманае. Як? Па-першае, я супраць таго, каб маўчаць аб гэтым. Калі я быў дысыдэнтам, для нас было вельмі важным, што інфармацыя аб нашай дзейнасьці прысутнічала ў грамадзкім жыцьці іншых краінаў. Па-другое, мы павінны ясна даць зразумець , што дэмакратычная супольнасьць не паважае дыктатараў. І па-трэцяе, мы павінны ўкласьці капітал у адукацыю моладзі.

Мы павінны даваць сотні, тысячы, дзясяткі тысячаў грантаў маладым беларусам, каб даць ім доступ да дэмакратыі і да адукацыі. Нарэшце, мы павінны падтрымаць свабодныя мэдыі. Я разумею, яны бедныя, але мы можам падтрымаць іх, і калі гэта будзе зроблена міжнароднай супольнасьцю, я спадзяюся, гэта будзе эфэктыўным сродкам дапамагчы беларускім грамадзянам зразумець, што будучыня іх краіны палягае ў свабодзе, вяршэнстве права і дэмакратыі".

Гл. таксама іншыя рэпартажы з "Форуму-2000": • На "Форуме-2000" абмяркоўвалі шляхі да зьменаў у Беларусі (фота) • На "Форуме-2000" прэзэнтаваная кніга "Невядомая Беларусь" • Былы дырэктар ЦРУ: "Лукашэнка – надзвычай брутальны чалавек" • Аляксандар Мілінкевіч бярэ ўдзел у "Форуме-2000" (фота)
XS
SM
MD
LG