Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

11 кастрычніка Рада БНР зацьвердзіла Часовую Канстытуцыю


RFE/RL Каляндар Свабоды – 11 кастрычніка. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 11 кастрычніка.

11 кастрычніка 1918 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі зацьвердзіла Часовую Канстытуцыю БНР. Гісторык Анатоль Сідарэвіч заўважае, што ўрад Антона Луцкевіча гатовы быў увесьці ў Беларусі савецкую канстытуцыю пры ўмове, што савецкая Расея прызнАе незалежнасьць БНР. Аднак такая прапанова не была прынятая Масквою і таму была зацьверджана свая ўласная беларуская Канстытуцыя.

Дзень 11 кастрычніка 1994 году у расейскую гісторыю ўвайшоў як “чорны аўторак”. Тады ў выніку некалькіх прычынаў (скупкі і рэзкага продажу акцыяў) курс расейскага рубля ў адносінах да амэраканскага даляра за адзін толькі дзень упаў амаль утрая. Закранула гэтая бяда і прывязаную да расейскай беларускую эканоміку.

11 кастрычніка 1838 году ў былым маёнтку Сьцяпянка, які цяпер знаходзіцца ў межах Менску, нарадзіўся Ян Ваньковіч, сын знакамітага жывапісца Валентыя Ваньковіча. Скончыўшы адукацыю ў Пецярбургу, Ян Ваньковіч стане адным з кіраўнікоў паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Пад псэўданімам Ляліва ён будзе кіраваць паўстанцімі атрадамі на Палесьсі.

11 кастрычніка 1885 году прыйшоў на сьвет францускі пісьменьнік, ляўэат Нобэлеўскай прэміі Франсуа Марыяк. Аўтар раманаў “Тарэза Дэскейру”, “Клубок зьмеяў” ды іншых увайшоў у гісторыю сусьветнай літаратуры як прадстаўнік каталіцкага экзыстэнцыялізму.

11 кастрычніка 1913 году ў Менску нарадзілася беларуская паэтка Эдзі Агняцьвет. Найбольш прыкметны ўнёсак Эдзі Агняцьвет у беларускую літаратуру – гэта яе дзіцячая паэзія і пераклады з францускай мовы твораў Гюго, Бэранжэ, Апалінэра, Арагона, Элюара... На вершы Эдзі Агняцьвет напісалі песьні кампазытары Аладаў, Глебаў, Семяняка, Лучанок... У 1986 годзе Міжнародная рада дзіцячай і юнацкай літаратуры ўзнагародзіла паэтку Ганаровым дыплёмам імя Ганса Хрысьціяна Андэрсэна за кнігу "На двары алімпіяда".

Таксама 11 кастрычніка – у 1928 годзе нарадзіўся італьянскі кампазытар Эніа Марыконэ, адзін з найбольш вядомых у сьвеце аўтараў музыкі да кінафільмаў.
XS
SM
MD
LG