Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Боль землятрусу аб''ядноўвае праціўнікаў


Юры Дракахруст, Прага “Боль землятрусу аб''ядноўвае праціўнікаў” – у артыкуле пад такой назвай New York Times распавядае, як стыхійнае бедзтва спрыяла пэўнаму збліжэньню Індыі і Пакістану – дзьвюх краінаў, тэрытарыяльны канфлікт паміж якімі цягнецца дзесяцігодзьдзямі.

Пасьля набыцьця незалежнасьці ў 1947 годзе дзьве былыя брытанскія калёніі тройчы ваявалі, два разы – з-за спрэчнага раёну Кашмір. З 1989 году ў індыйскай частцы Кашміру дзейнічаюць мусульманскія паўстанцы. Дэлі абвінавачвае Ісламабад у падтрымцы гэтых сэпаратыстаў. Пакістан адхіляе абвінавачваньні, але адносіны паміж дзьвюма дзяржавамі, якія цяпер валодаюць ядзернай зброяй, увесь час балянсуюць на мяжы вайны.

Менавіта на спрэчны Кашмір прыпаў асноўны ўдар мацнейшага землятрусу – амаль 8 балаў паводле шкалы Рыхтэра. Загінула прынамсі 40 тысячаў чалавек, сотні тысячаў людзей страцілі жытло. Найбольш пацярпеў Пакістан. У гэтай сытуацыі Індыя працягнула суседу-праціўніку руку дапамогі, і гэтая дапамога была прынятая.

Праўда, спадчына шматгадовай варажнечы ня зьнікла – Ісламад згадзіўся прыняць ад Індыі намёты, коўдры, ежу, лекі, але прапанова дапамагчы гелікоптэрамі і камандамі выратавальнікаў была адхіленая. Ісламабад адхіліў індыйскую прапанову накіраваць выратавальную каманду ў тыя вёскі на мяжы з Індыяй, куды лягчэй патрапіць з індыйскай тэрыторыі. Ісламабад не дапускае, каб індыйскі вайсковец ці проста службовец ступіў на зямлю пакістанскай часткі Кашміру. І гэта пры тым што, Пакістан прымае выратавальнікаў з краінаў НАТО і Расеі.

Але ў любым выпадку катастрофа зблізіла спрадвечных ворагаў. З 2002 году, калі высілкамі міжнародных пасярэднікаў Індыю і Пакістан ледзь утрымалі ад вайны за Кашмір, мірныя перамовы ішлі вельмі марудна. Толькі сёлета ў красавіку была ўпершыню за паўстагодзьдзя адкрытая аўтатраса, якая злучае індыйскую і пакістанскую часткі Кашміру. Дарэчы, цяперашнім землятрусам яна была цалкам разбураная.

Паколькі абедзьве дзяржавы валодаюць ядзернай зброяй, пэўны час таму яны дамовіліся пра меры даверу ў гэтай галіне, Індыя і Пакістан абяцалі паведамляць адзін аднаму пра ядзерныя выпрабаваньні. Існуе спэцыяльная тэлефонная лінія паміж міністрамі замежных справаў для тэрміновай сувязі ў выпадку ваеннага крызысу. Наконт выпрабаваньняў пагадненьне не выконваецца, а вось менавіта па гарачай лініі кіраўнік індыйскага МЗС патэлефанаваў свайму пакістанскаму калегу пасьля землятрусу і прапанаваў дапамогу, якая была прынятая пакістанскім бокам.
XS
SM
MD
LG