Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” друкуе запыт Вольгі Абрамавай да міністра інфармацыі


Іна Студзінская, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы – 11 кастрычніка.

“Народная Воля” друкуе сёньня дэпутацкі запыт Вольгі Абрамавай міністру інфармацыі Ўладзімеру Русакевічу. Дэпутатка патрабуе, каб друкаваньне незалежных газэт “Народная воля i “БДГ. Деловая газета” было адноўлена на тэрыторыі краіны. А чытач газэты Ігар Леднік зьвярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з запытам, у якім просіць праверыць на адпаведнасьць Канстытуцыі дзеяньні адказных асоб, якія паспрыялі таму, што “Народная воля” ня можа друкавацца і распаўсюджвацца ў Беларусі.

Дэпутат Васіль Хрол сьцвярджае, што амаль усе грамадзяне краіны паляць кантрабандныя цыгарэты “L&M” і іншыя, завезеныя з Расеі. Пазыцыя самога парлямэнтара, а таксама адказ міністра фінансаў Мікалая Корбута – у матэрыяле “Так цыгарэты ці мяса?”

“Рэабілітацыя? Хутчэй прысуд...” – такое меркаваньне аб кнізе Аляксандра Фядуты “Лукашэнка. Палітычная біяграфія” выказвае ў “Народнай Волі” Сяргей Навумчык.

Крычаўскі “Вольны горад” распавядае пра створаны ў горадзе ідэалягічны цэнтар, на афармленьне і абсталяваньне якога пайшлі немалыя грошы з раённага бюджэту. Пра іншую публікацыю распавядае галоўны рэдактар “Вольнага гораду” Сяргей Няроўны.

(Няроўны: ) “Год таму ў Крычаве была арыштаваная банда з 12 чалавек, якая рабавала, забівала людзей, адбірала ў іх аўтамашыны. Зараз у Магілеве праходзіць судовы працэс на імі. Крычаўская міліцыя амаль не працавала, а больш ганялася за апазыцыяй, а праглядзела такую банду”.

“Прэзыдэнт знойдзе замену кіраўнікам спартовых фэдэрацыяў” – сьцвярджае “БДГ. Деловая газета”. Больш за ўсё старшыню Нацыянальнага алімпійскага камітэту абурылі дзьве паразы футбольнай зборнай камандам Малдовы і Італіі. “Нашы футбалісты на чале зь Нявыгласам правалілі ўсё… Вы плюнулі ўсяму народу ў твар… Канкрэтна хтосьці за гэта адкажа” – прыгразіў кіраўнік дзяржавы А.Лукашэнка. Ён параіў забыцца, што фэдэрацыі – гэта грамадзкія аб’яднаньні і паабяцаў знайсьці замену чыноўнікам і парлямэнтарам, якія не спраўляюцца з грамадзкай працай.

"Витебский курьер" публікуе артыкул “СНІД як сындром нацыянальнага імунадэфіцыту”. Беларусы амаль пагалоў заражаныя гэтым вірусам, размаўляюць, пішуць, чытаюць на мове суседняй дзяржавы. Лідэр незарэгістраванай моладзевай ініцыятывы «Новая плынь» Віталь Броўка гэтым летам праходзіў рэзэрвовую службу ў артылерыйскай брыгадзе пад Лепелем. На старонках газэты ён распавядае пра армейскія прыгоды, зьвязаныя з тым, што прынцыпова не захацеў пераходзіць на «великий и могучий».

Менск наведаў славуты зямляк Жарэс Алфёраў. Ён прыляцеў адмыслова на 70-годзьдзе 42-й школы, якую скончыў у 1947 годзе. Сустрэўся з аднаклясьнікамі, згадаў сваіх настаўнікаў. Яшчэ нобэлеўскі ляўрэат пагаварыў з Аляксандрам Лукашэнкам пра фізыку, піша “Комсомольская правда в Белоруссии”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG