Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк рыхтуе новую стратэгію супрацоўніцтва зь Менскам


Юлія Шарова, Менск Усясьветны банк распачаў распрацоўку новай стратэгіі супрацоўніцтва зь Беларусьсю на наступныя гады. Як заявіў сёньня на брыфінгу ў Менску кіраўнік прадстаўніцтва гэтай арганізацыі, у распрацоўцы стратэгіі возьмуць удзел беларускія ўрадавыя адмыслоўцы, а таксама незалежныя экспэрты.

Папярэднюю стратэгію супрацоўніцтва з краінай Усясьветны банк прыняў у 2002 годзе — яна зьмяшчала пералік асноўных праектаў, якія беларускі ўрад меркаваў ажыцьцявіць сумесна з Банкам. Папярэдняя стратэгія была разьлічаная на тры гады. Аднак з прычыны непаразуменьняў з уладамі амаль усе праекты аказаліся спыненымі. Сродкі, што выдаткоўваліся ў межах той стратэгіі (мінімальны аб’ём — 140 мільёнаў даляраў, максымальны — 270 мільёнаў), не былі рэалізаваныя.

Цяпер распрацоўваюць іншую стратэгію. Паводле кіраўніка беларускага прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку Вадзіма Вароніна, яе падрыхтуюць недзе ў сярэдзіне наступнага году. Плян сумесных дзеяньняў будзе распрацоўвацца з улікам канцэпцыі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2006—2010 гады.

Дакладна вядома, што Банк і Беларусь будуць працаваць над праектам сацыяльна-эканамічнай рэабілітацыі чарнобыльскіх раёнаў. Сярод мэтаў праекту — стварэньне новых працоўных месцаў у пацярпелым рэгіёне, падвышэньне прыбыткаў насельніцтва, паляпшэньне якасьці пітной вады, газыфікацыя дамоў у вёсках.

Падтрымліваць уласна эканамічныя праекты ў Беларусі Ўсясьветны банк пакуль не зьбіраецца — гэта немэтазгодна, кажа спадар Варонін. Інвэстыцыі на беларускія прадпрыемствы павінны прыйсьці не ад донарскіх арганізацыяў, лічыць ён, але ад стратэгічных замежных партнэраў.

(Варонін: ) “Вырашыць праблему за кошт фінансаваньня Ўсясьветнага банку — гэта проста нерэальна, як нерэальна за кошт фінансаваньня любой міжнароднай арганізацыі. Патрэбнае фінансаваньне, якое ў дзясяткі, у сотні разоў перавышае магчымасьці Ўсясьветнага банку. Калі так, то неабходна залучыць інвэстара. На жаль, рэальная сытуацыя з вонкавымі інвэстыцыямі агулам сьведчыць сама за сябе. Узровень такіх інвэстыцыяў вельмі нізкі, недзе каля 4%”.

Паводле Вадзіма Вароніна, эканамічны рост у Беларусі цяпер забясьпечваецца за кошт вялікіх унутраных інвэстыцыяў, якія ўрад накіроўвае ў прамысловасьць. А гэта зьніжае канкурэнтаздольнасьць эканомікі, найперш прамысловага сэктару.

(Варонін: ) “Неабходна ў найбліжэйшы час забясьпечыць прырост вонкавых інвэстыцыяў. У зьвязку з гэтым задача стварэньня спрыяльнага інвэстыцыйнага клімату набывае для Беларусі першараднае значэньне. Ня варта ставіцца да апошняга пэрыяду эканамічнага росту як да нечага, што падавалася Богам дадзеным”.

Між тым, Усясьветны банк лічыць магчымым ажыцьцяўляць невялікія інвэстыцыйныя праекты па лініі Міжнароднай фінансавай карпарацыі, якія будуць скіраваныя на разьвіцьцё малога й сярэдняга бізнэсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG