Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над газэтай “Прессбол” пачнецца ў лістападзе


Ігар Карней, Менск У судзе Цэнтральнага раёну Менску адбылася папярэдняя размова з удзелам прадстаўнікоў газэты “Прессбол” і бухгальтаркі Дзяржаўнай вучэльні алімпійскай рэзэрвы Сьвятланы Рамановіч. Артыкул “Весткі з палёў”, надрукаваны ў газэце, на думку спадарыні Рамановіч, прынізіў яе гонар і годнасьць. І хоць прозьвішча самой бухгальтаркі ў матэрыяле ня згадвалася, яна патрабуе матэрыяльнай кампэнсацыі на 14,5 мільёна рублёў. Да міравога пагадненьнябакі не прыйшлі, і пачатак судовых паседжаньняў заплянаваны на першую дэкаду лістапада.

Аўтарка спрэчнага артыкулу — вядомая спартоўка Сьвятлана Парамыгіна, якая некалькі гадоў працуе ў “Прессболе” карэспандэнткай. Месяц таму Парамыгіна наведалася ў Дзяржаўную вучэльню алімпійскай рэзэрвы. Вынікам стаў артыкул пад назвай “Весткі з палёў”, у якім сярод іншага гаварылася пра звольненую бухгальтарку, кваліфікацыя якой не адпавядала статусу, што і пацьвердзілі шматлікія супрацоўнікі спартовай установы.

Між тым, кіраўнік вучэльні Мікалай Ананьнеў за сваё рашэньне звольніць некваліфікаванага спэцыяліста атрымаў вымову ад цяперашняга міністра спорту і турызму Аляксандра Грыгарава. Пры тым, што прозьвішча звольненай фінансісткі ў матэрыяле нават ня згадвалася, галоўны бухгальтар Сьвятлана Рамановіч пакрыўдзілася і на аўтарку артыкулу, і на выданьне. Зь яе гледзішча, надрукаваны тэкст нанёс ёй маральныя страты на суму 14,5 мільёна рублёў (у эквіваленце каля 7 тысяч даляраў). Памеры прад’яўленай сумы галоўны рэдактар “Прессбола” Уладзімер Беражкоў расцэньвае гэтак:

(Беражкоў: ) “Я думаю, што за гэтым пазовам стаіць ня простая, шараговая бухгальтарка. Я амаль перакананы, што за ёй стаяць людзі, значна вышэйшыя ў гэтай ярархіі”.

Паводле папярэдніх зьвестак, пачатак суду заплянаваны на 10 лістапада. Між тым, аўтарка спрэчнага артыкулу Сьвятлана Парамыгіна перакананая: выданьне ў дадзеным выпадку абыдзецца бяз штрафу, паколькі да зьместу матэрыялу ніякіх прэтэнзіяў быць не павінна.

(Парамыгіна: ) “Гэты выпадак надзвычай сьмешны, і казаць пра тое, што мы яго прайграем, таксама сьмешна. Я асабіста так лічу. У газэтным артыкуле няма ніводнага слова, да якога можна было б прыдрацца. Наадварот, я вырашыла чалавека ня крыўдзіць і напісала ўсё акуратненька, з уласьцівым мне тактам”.

Газэта “Прессбол” ужо выплачвае кампэнсацыю маральных стратаў міністру фінансаў, кіраўніку фэдэрацыі гімнастыкі Мікалаю Корбуту. На рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску рэдакцыя мусіць пералічыць Корбуту 30 мільёнаў рублёў, а галоўны рэдактар выданьня Ўладзімер Беражкоў — 10 мільёнаў. Дзеля выкананьня гэтага рашэньня ў Беражкова двойчы апісвалася маёмасьць, і сярод іншага на карысьць Корбута канфіскаваныя сьвяцільнікі, пыласос і бытавыя электрапрылады.
XS
SM
MD
LG