Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” зьвяртаецца па дапамогу да Палаты прадстаўнікоў


Ганна Соусь, Менск Галоўны рэдактар газэты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч накіраваў 109 дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Беларусі (усім, апроч Сяргея Гайдукевіча) просьбу вынесьці на наступнае паседжаньне парлямэнту пытаньне пра “Народную Волю”. Тым часам, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава ўжо зьвярнулася да міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча з заклікам аднавіць выхад і распаўсюд “Народнай Волі”.

Як паведаміў Радыё Свабода галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч, частку пэрсанальных пісьмовых зваротаў ён накіраваў дэпутатам учора ўвечары. Астатнія ж лісты супрацоўнікі рэдакцыі аднесьлі ў сакратарыят Палаты прадстаўнікоў сёньня.

“Лічым незаконнымі дзеяньні кіраўнікоў “Беласаюздруку”, “Менгарсаюздруку”, “Менаблсаюздруку” і друкарні “Чырвоная Зорка”, якія ў аднабаковым парадку скасавалі дамовы на распаўсюд і друкаваньне газэты”, — піша ў сваім звароце да дэпутатаў Іосіф Сярэдзіч. Галоўны рэдактар “Народнай Волі” просіць дэпутатаў “у межах прадастаўленай ім кампэтэнцыі ініцыяваць вынясеньне пытаньня аб уціску “Народнай Волі”, прыняць пастанову на адрас выканаўчай улады аб тэрміновым прыпыненьні перасьледу “Народнай Волі”, а таксама аб выкананьні міжнародных абавязкаў у адносінаў да СМІ”.

Тым часам дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава ўжо зьвярнулася з запытам да міністра інфармацыі Беларусі Ўладзімера Русакевіча з тым, каб ён патлумачыў, на якой падставе з “Народнай Воляй” былі датэрмінова і ў аднабаковым парадку скасаваныя дамовы на распаўсюд і друкаваньне.

(Абрамава: ) “Я зазначыла, што мая службовая дзейнасьць прадугледжвае знаёмства з асноўнымі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі выданьнямі. І нават у тым выпадку, калі не падзяляеш асноўную ідэалёгію выданьня, гэтае выданьне дае інфармацыю для роздуму. У любым выпадку закрываць газэты — дрэнна. З майго пункту гледжаньня, падстава прыведзеная абстрактная і недастатковая. Лепш, калі меркаваць пра газэту будуць чытачы, а не чыноўнікі. І напрыканцы я папрасіла аднавіць выхад і распаўсюд “Народнай Волі”, гэтак жа як і “Белорусской деловой газеты”, якая апынулася ў такой жа сытуацыі, пад “хатнім арыштам” ва ўласнай краіне”.

Плянавалася, што разам з Вольгай Абрамавай пад запытам да міністра інфармацыі падпішацца і дэпутат Віктар Кучынскі. Але, як патлумачыла Вольга Абрамава, у апошні момант зьвязацца зь Віктарам Кучынскім ў яе не атрымалася. Пытаньне пра “Народную Волю” Вольга Абрамава ўжо ўключыла ў сьпіс пытаньняў, якія будуць зададзеныя ўраду на пленарным паседжаньні 27 кастрычніка.

Учора галоўны рэдактар “Народнай Волі” сустракаўся зь міністрам інфармацыі Ўладзімерам Русакевічам і абмяркоўваў зь ім лёс незалежнага выданьня. Як распавёў Іосіф Сярэдзіч Радыё Свабода, размова зь міністрам была складаная і безвыніковая.

Ад 1 кастрычніка ўсе падразьдзяленьні “Белсаюздруку” і друкарня “Чырвоная зорка” ў аднабаковым парадку датэрмінова скасавалі дамовы зь незалежнай газэтай “Народная Воля” на распаўсюд і друкаваньне ў Беларусі. Ад 3 кастрычніка газэта друкуецца ў Смаленску і распаўсюджваецца ў Беларусі толькі па падпісцы і праз грамадзкіх распаўсюднікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG