Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Ягоўдзік: “Зь беларускімі мастакамі можна рабіць кнігі-шэдэўры"


Міхась Скобла, Менск (эфір 9 кастрычніка)

Добрая вестка прыйшла ў Менск з Братыславы. На тамтэйшым біенале кніжнай ілюстрацыі Ганаровым дыплёмам адзначаная кніга выбраных твораў для дзяцей пісьменьніка Ўладзімера Ягоўдзіка, аздобленая мастаком Юрасём Алісевічам. Аўтар кнігі — наш госьць.

(Міхась Скобла: ) “Уладзімер, прыміце віншаваньні, ня часта айчынныя кнігі атрымліваюць узнагароды на прэстыжных кніжных выставах. Хацелася б больш падрабязна даведацца пра Братыслаўскі кніжны фэст”.

(Уладзімер Ягоўдзік: ) “Братыслаўскі біенале — вельмі сур’ёзны кніжны конкурс, які дзейнічае з 1965 году, ужо сорак гадоў. Адбываецца ён раз на два гады, і сёлета быў юбілейны, ХХ біенале. На розных біенале розныя ўмовы для ўдзельнікаў. Скажам, біенале ў Балёньні (Італія) прымае да разгляду проста ілюстрацыі да кніг. А на Братыслаўскі абавязкова дасылаецца кніга, і пяць ілюстрацыяў можна дадаць. У ХХ біенале ўдзельнічалі 410 мастакоў з 48 краінаў сьвету. Было даслана 2966 ілюстрацыяў, калі падзяліць на пяць, атрымліваецца, што на біенале было выстаўлена 600 дзіцячых кніг.

Якія там прызы? Даюць адзін Гран-пры, чатыры “Залатыя яблыкі” й чатыры мэдалі. Ну, відаць, у сувязі з тым, што сёлетні біенале юбілейны, было прынята рашэньне павялічыць колькасьць прызоў і мэдалёў да пяці. І спэцыяльна для выдавецтваў даюцца Ганаровыя дыплёмы. Кніга прадстаўляецца як рэч, як прадмет, як тавар, дзе павінна скласьціся ўсё разам: і мастацкае аздабленьне, і паліграфічная якасьць, і тэма”.

(Скобла: ) “А судзьдзі хто на тым біенале?”

(Ягоўдзік: ) “Журы надзвычай прадстаўнічае, я толькі пералічу краіны, прадстаўнікі якіх у яго ўваходзілі: Інданэзія, Славаччына, Бразылія, Іран, Данія, Нямеччына, Нідэрлянды, Японія, Канада, Польшча, Грэцыя і Расея, якую, дарэчы, прадстаўляў Барыс Дыядораў — народны мастак Расеі, ілюстратар Андэрсэна, прэзыдэнт расейскага Андэрсэнаўскага фонду”.

(Скобла: ) “Як часта беларускія мастакі ўдзельнічалі ў Братыслаўскай выставе?”

(Ягоўдзік: ) “Удзельнічалі, відаць, рэгулярна, але за ўсю гісторыю біенале да гэтай пары толькі два беларускія творцы былі адзначаныя прызамі. У 1985 годзе атрымаў мэдаль Мікола Селяшчук за кнігу “Казкі беларускіх пісьменьнікаў”, а ў 2001 годзе Павал Татарнікаў атрымаў “Залаты яблык”. Ну, і я магу пахваліцца, што Павал атрымаў свой прыз за маю кнігу беларускіх казак “Прынцэса ў падземным царстве”. Дарэчы, як яна зьявілася? Гартаў я двухтомавік вядомых расейскіх казак Афанасьева, і раптам бачу — адна беларуская казка, другая, трэцяя… Усіх налічыў дваццаць. Я сеў і пераказаў іх на свой лад. Дарэчы, пераказаць народную казку надзвычай цяжка. Пачынаеш рабіць усё ў сучасным рытме, і ўсё ламаецца”.

(Скобла: ) “Я памятаю пераказ народнай казкі, зроблены, здаецца, Алесем Якімовічам: “У чым справа?” — запытаўся воўк у зайца”. Выдавецтва, якое выдала вашае выбранае, мае не зусім звычайную назву — “Марыя Ягоўдзік”. Наколькі я ведаю, гэта вашая жонка?”

(Ягоўдзік: ) “Так, гэта мая жонка, але яна адначасова і выдавец. У свой час яна скончыла наргас і доўга працавала галоўным бухгальтарам у часопісе “Нёман”. Так што пэўны выдавецкі досьвед мае. Але вернемся да біенале. Гэтым разам Ганаровыя дыплёмы атрымалі тры краіны — Індыя, Інданэзія і Беларусь. Наагул, з нашымі мастакамі можна ствараць кніжныя цуды. Назаву мастакоў, блізкіх мне па духу.

Алена Лось — выдатны творца, у яе ёсьць кніга “Дзесяць дзён у барку”, якую яна сама і напісала, і праілюстравала. Прафэсар Уладзімер Савіч, праілюстраваная ім кніга “З рога ўсяго многа” — гэта проста шэдэўр! Ілюстрацыі да яе закупіла Трацякоўская галерэя. Валеры Славук, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, яго кніга-казка “Ўдовін сын” проста шыкоўна зробленая. Уладзімер Вішнеўскі — больш сур’ёзны мастак, схільны да філязафічнага асэнсаваньня, але я ўсё ж прымусіў яго аздобіць дзьве свае кнігі — “Янка і ружа” і “Ці вернецца князь Кук?”. Ігар Гардзіёнак, Юрась Алісевіч, Павал Татарнікаў, зь якім мы зрабілі ўжо пяць кніг — апрача згаданай, гэта “Сем цудаў Беларусі”, пераказ для дзяцей “Аповесьці мінулых гадоў”, “Рэха турынага рогу”, “Зьвярынец апошняга ледавіка”, пра дапатопных жывёлаў. Так што ў нас ёсьць з кім працаваць, толькі трэба ўмець”.

(Скобла: ) “Вы прыгадалі цэлую плеяду выдатных мастакоў. І з намі на тэлефоннай сувязі суаўтар вашай перамогі ў Братыславе Юрась Алісевіч. Яму 35 гадоў, ён выхаванец Беларускай Акадэміі мастацтваў, удзельнік міжнародных мастацкіх выставаў у Балёньні (Італія), Хаціве (Гішпанія). Юрась, чаму нашы мастакі ўсё больш за мяжу паглядаюць?”

(Алісевіч: ) “Справа ў тым, што за мяжой вельмі шмат конкурсаў кніжных ілюстрацыяў і станковай графікі. І ў замежных конкурсах я сапраўды часьцей удзельнічаю, чым у беларускіх. Але дзеля справядлівасьці мушу прызнацца, што першы Гран-пры атрымаў на радзіме — за ілюстрацыі да славацкай казкі “Златаўласка”. Быў такі айчынны конкурс “Мастак і кніга”.

(Скобла: ) “Вы працуеце ў жанры кніжнай графікі. Ёсьць такія кнігі, якія прыгадваюцца адразу з ілюстрацыямі пэўнага мастака: “Слова пра паход Ігара” і Фаворскі, “Біблейскія гісторыі” і Густаў Дарэ, “Беларускія чарадзейныя казкі” і Валеры Славук. Гэта ўжо іх фірмовы знак. А які твор хацелі б праілюстраваць вы — для вечнасьці, скажам так?”

(Алісевіч: ) “Для вечнасьці… Ну, я неяк пра гэта ня думаю. Хаця… Ведаеце, кожны актор марыць сыграць ролю Гамлета. А мне было б цікава праілюстраваць “Гамлета”.

(Скобла: ) “Ці працягнецца ваша супрацоўніцтва з Уладзімерам Ягоўдзікам? Ён шчасьлівы аўтар, ужо другога мастака выводзіць у пераможцы ў Братыславе”.

(Алісевіч: ) “Я вельмі спадзяюся на гэта. І калі Ўладзімер Ягоўдзік мае гэткія намеры, то я ня супраць”.

(Скобла: ) “Уладзімер, вы выдаеце часопіс для падлеткаў “Лесавік”. Сёньня Беларусь літаральна заваленая дзіцячай літаратурай з Расеі. Як вам удаецца вытрымаць канкурэнцыю, знайсьці і ня страціць свайго чытача?”

(Ягоўдзік: ) “Я не баюся ніякай канкурэнцыі, калі яна ёсьць — гэта прагрэс. Шматлікія дзіцячыя часопісы на нашым рынку падобныя адзін да аднаго, як два пернікі. Яны ствараюцца на адзін капыл. І печыва гэтае часьцей за ўсё называецца дайджэст з Інтэрнэту. Нядаўна я гартаў адно такое выданьне. Добра зробленае, прыемная паліграфія, але зьмест… На адной старонцы — “Як рабіць торт”, на другой — “Што такое тайкван-до?”, а на трэцяй — “Як маліцца?”. Такі боб з гарохам. І мяне гэта зьдзіўляе, таму што людзі часам бяруцца не за сваю справу. Цяпер што датычыць “Лесавіка”. Ён быў заснаваны дзесяць гадоў таму, у 1995-м, і першыя гады выходзіў як часопіс-плякат, наклад якога даходзіў да 10 тысяч асобнікаў. Цяпер “Лесавік” выходзіць раз на два месяцы, мае наклад 3500 асобнікаў і мае падзагаловак “Дзіцячае экалягічнае выданьне для сям’і й школы”.

Уявіце сабе: у зямной атмасфэры сёньня 23% кіслароду. Самалёт пры пералёце з Эўропы ў Амэрыку спальвае 40 тон паліва, пры гэтым зьнішчаецца прыблізна столькі ж кіслароду. Самалётаў лётае безьліч, ідзе зьнішчэньне кіслароду. Мы сёньня спажываем кіслароду ў дзесяць разоў больш, чым яго пасьпявае аднаўляць прырода! Мы сёньня жывем за кошт нашых нашчадкаў. А адзін гектар лесу за цэлы год вытварае кіслароду толькі на сем чалавек! Вось мы з вамі аўтамабілісты. Калі вы праедзеце 1000 кілямэтраў, то зьнішчыце кіслароду, якога хапіла б для аднаго чалавека на цэлы год!”

(Скобла: ) “Ня ведаю, як з такім адчуваньнем за руль садзіцца… А ці хапае сілаў у нашага лесу, каб забясьпечваць кіслародам Беларусь?”

(Ягоўдзік: ) “Я думаю, што хапае. Хоць у Беларусі лес даўно ня той, многа маладога, нядаўна пасаджанага. Вельмі эфэктыўна прадукуюць кісларод балоты. Сёньня мы ў крамах купляем пітную ваду, і ўжо звыкліся з гэтым. А заўтра ці ў блізкай пэрспэктыве ў гарадах зьявяцца кабіны, каб дыхаць кіслародам. Мне зь дзяцінства памятаюцца карцінкі: як з жывёлы, што перамяшчалася на чатырох лапах, узьнік чалавек. Дык вось, калі я пасьля выходных выходжу на бераг Сьвіслачы ў сваёй Вясьнянцы і бачу засьмечаны бераг, то думаю: як зноў сагнуць чалавека, каб гэты homo sapiens папрыбіраў за сабою, бо праз дваццаць-трыццаць гадоў мы ўсе будзем жыць на сьметніку. Дзіўна, але пасьля чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі так і не зьявілася партыя зялёных”.

(Скобла: ) “У нас і тыя партыі, што ёсьць, ліквідуюцца. І ня толькі партыі. Існавала дваццаць гадоў у Менску дзіцячае выдавецтва “Юнацтва”. Гадоў колькі таму яно было зачыненае. Куды сёньня пісьменьніку несьці рукапіс дзіцячай кнігі?”

(Ягоўдзік: ) “Ліквідацыя выдавецтва “Юнацтва” — вялікая памылка. Кажучы добрым расейскім словам, гэта “недомыслие”. У выдавецтве “Мастацкая літаратура” створаны аддзел дзіцячай літаратуры, там працуюць усяго некалькі чалавек. Яны робяць, што могуць. Апошнім часам выдалі некалькі кніг экалягічнага напрамку: “Зьвяры” Алеся Наварыча і “Птушкі” Сяргея Зуёнка. Гэта харошыя кнігі, але іх мала. Наклады — 2000 асобнікаў. Я пабываў на сустрэчах з чытачамі ў Рагачове і Жодзіне, у Пружанах і Горадні, у Маладэчне і Стоўпцах, у Берасьці і Слоніме… Усюды прымаюць аднолькава хораша, людзям патрэбная беларуская добрая кніга. А наконт замежных дайджэстаў… Прывяду прыклад. Вы з сынам ці дачкой заходзіце ў краму, дзе поруч на паліцах ляжаць хлеб і “Сьнікерс”. Што найперш хапае дзіця? Вядома ж, “Сьнікерс”. Але жыве яно хлебам, мы кормім яго хлебам, і самыя жывем дзякуючы хлебу, у аснове якога жыта, а слова “жыта” ад слова “жыць”.

(Скобла: ) “Швэдзкая дзіцячая пісьменьніца Астрыд Ліндгрэн, якая прыдумала славутага Карлсана, калісьці пісала: “Кнігу нічым нельга замяніць. Кніга акрыляе фантазію”. Сёньня і апроч кнігі ёсьць чым абудзіць дзіцячую фантазію. Якой павінна быць кніга, каб спаборнічаць з кампутарам?”

(Ягоўдзік: ) “Безумоўна, перш за ўсё цікавай. А напісаць цікавую кнігу вельмі складана. Летась мы выдалі кнігу “Нацыянальныя паркі і запаведнікі Беларусі”. Яе наклад быў 6000 асобнікаў. Прыстойны? Прыстойны. І разышлася яна за два месяцы. Дарэчы, на выручку ад яе былі выдадзеныя мае кнігі, якія паехалі ў Братыславу. Наагул, я хацеў бы заклікаць маладых пісьменьнікаў: больш пішыце для дзяцей! Толькі з добраю, цікаваю дзіцячаю кнігай мы можам сьмела ісьці ў будучыню. Нядаўна мне ў рукі трапіла кніга Васіля Шырка “Дзед Манюкін і ўнукі”. Я чытаў яе і шчыра сьмяяўся, бо кніга харошая. У ёй і традыцыі, і сучаснасьць, усё намешана-перамешана. Я ехаў у Берасьце, узяў яе пад паху і завёз дырэктару Берасьцейскага дзіцячага тэатру лялек Кастусю Шавелю: “Пачытай, паглядзі, магчыма, можна стварыць спэктакль паводле кніжкі”.

(Скобла: ) “Мая дачка-трэцяклясьніца прачытала кнігу вашых пераказаў народных паданьняў “Вужовы кароль”. Спадабалася. Але аднойчы спыталася — чаму ў кнізе напісана, што ў пекле пакутуюць, гараць у смале каралі, міністры і сьвятары. І я нават разгубіўся. І сапраўды — чаму менавіта яны?”

(Ягоўдзік: ) “Калі выйшла гэтая кніжка, у “Советской Белоруссии” быў надрукаваны водгук абуранай настаўніцы: “Вот я ведала пісьменьніка Ягоўдзіка як прыстойнага творцу, і раптам чытаю ў кніжцы “Вужовы кароль”, што беларускую сталіцу заснаваў разбойнік Менеск, які набіраў ліхіх людзей, езьдзіў па начах і людзей рабаваў…”

А што да пекла… Можа, таму, што там цёпла? А міністры — людзі шаноўныя. Яны прывыклі, каб было цёпла. А людзі простыя, яны і ў холадзе, і ў голадзе жывуць. Я думаю, што народ наш разумны, і стварыў такія легенды і паданьні, якія ня трэба падгаблёўваць. Дзеці ўспрымаюць іх адпаведна”.

(Скобла: ) “І апошняе пытаньне. Чым яшчэ ў найбліжэйшы час пацешыць чытачоў слыннае ўжо выдавецтва “Марыя Ягоўдзік”?”

(Ягоўдзік: ) “Мы падрыхтавалі кнігу “Дні — як лукі” Алеся Траяноўскага — цудоўнага чалавека, выдатнага перакладчыка сэрбалужыцкай, кашубскай, польскай, украінскай паэзіі. На жаль, ён не дажыў да свайго нядаўняга 80-годзьдзя. Алесь Траяноўскі прайшоў фронт, быў цяжка паранены. Ведаючы сапраўдную цану мужнасьці, ня ўдзельнічаў у дзяжурных парадах і ўрачыстасьцях, ніколі не прышпіляў сваіх баявых узнагародаў. У апошнія гады жыцьця ён з болем у сэрцы назіраў за тым, што сёньня творыцца на роднай зямлі і сьпяшаўся пазнаёміць суайчыньнікаў з творчасьцю Марка Баяслава — украінскага паэта, сябра Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў і ваяра Ўкраінскай паўстанцкай арміі. У кнігу “Дні — як лукі” увойдуць пераклады і ўспаміны, яна павінна выйсьці да канца гэтага году”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG