Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі У.Арлова “Сланы Ганібала”


Ганна Соусь, Менск Cёньня ў Менску ў вялікай залі Дома літаратара адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі знанага беларускага пісьменьніка Ўладзімера Арлова “Сланы Ганібала”. Прэзэнтацыя адбудзецца ў вялікай залі дома літаратара ў Менску. Пачатак а палове на сёмую гадзіну вечара.

У новую кнігу Уладзімера Арлова ўвайшлі выбраныя эсэ апошніх пятнаццаці гадоў. Як адзначае сам Уладзімер Арлоў, вандруючы ў прасторы і часе – у Лёндане ці Лепелі, Нью-Ёрку ці Празе, у полацкіх лябірынтах ці на руінах Картагену – ён нязьменна шукае Беларусь і беларусаў. Новую кнігу склалі выбраныя падарожныя эсэ, якія друкаваліся ў такіх ранейшых кнігах Уладзімера Арлова, як “Мой радавод да пятага калена”, “Божая кароўка з пятай авэню”, “Адкусі галаву вароне”. Апроч выбраных эсэ са згаданых зборнікаў у кнігу ўвайшлі гэтаксама эсэ, якія раней не друкаваліся ў кнігах.

(Арлоў: ) “Пераважна, гэта вандроўныя эсэ, бо ва мне ёсьць цыганская кроў, якая зноў і зноў штурхае мяне на падарожжы і авантуры, а ў падарожжах звычайна здараюцца прыгоды. Пра гэтыя прыгоды таксама могуць даведацца чытачы і ўдзельнікі заўтрашняй вечарыны. Напрыклад, я зьбіраюся распавесьці, як мяне прынялі за ірляндзкага тэрарыста, калі я ўпершыню ехаў у Англію, альбо як я пазнаёміўся з самым сапраўдным канібалам...”

У прэзэнтацыі апроч самога Уладзімера Арлова возьмуць удзел ягоныя сябры і калегі – паэт, празаік і выдавец Адам Глобус, а таксама, як прызнаецца Уладзімер Арлоў, ягоны самы ўлюблёны паэт сярод маладой генэрацыі Андрэй Хадановіч, які толькі што вярнуўся з падарожжа ў Амстэрдам, дзе ён перажыў, як ён кажа, “інтаксыкацыю свабодай”. А таксама сябра Уладзімера Арлова, бард, журналіст і празаік Зьміцер Бартосік. Як распавёў Зьміцер напярэдадні прэзэнтацыі, сёньня ён будзе сьпяваць для Уладзімера Арлова яго ўлюбёныя песьні пра Вільню. Зьміцер Бартосік лічыць, што Беларусі вельмі пашанцавала, што ў яе ёсьць такі пісьменьнік, як Уладзімер Арлоў.

(Бартосік: ) “Пісьменьнік з выключным пачуцьцём гумару, што для нашай літаратуры, я лічу, вялікая рэдкасьць. Пісьменьнік, які можа зараджаць высокай патрыятычнай энэргіяй, але пры гэтым абыходзіцца без патасу. Беларусі вельмі пашанцавала, што Ўладзімер Арлоў як пісьменьнік нарадзіўся ў 80-90-ыя гады. І дзякуючы ягонаму зьяўленьню зьявіліся дзясяткі тысячаў маладых людзей, якіх можна называць беларускамоўнымі, нацыянальна сьвядомымі, а хутчэй за ўсё проста зьявіліся дзясяткі тысяч нармальных беларусаў. А мне пашанцавала, што гэты без перабольшаньня вялікі пісьменьнік - яшчэ і мой старэйшы сябра, дзеля якога я засьпяваю яго ўлюбёныя песьні”.

Сымбалічна, што новая кніга Ўладзімра Арлова “Сланы Ганібала” пачынаецца легендарным эсэ “Незалежнасьць гэта…”, напісаным 15 гадоў таму, калі Ўладзімер Арлоў яшчэ быў невыязным і марыў пра тое, што грамадзяне Беларусі змогуць свабодна вандраваць па сьвеце. Арлоў жартуе, што яго ніяк не ўдаецца сьпісаць у архіў, і эсэ дагэтуль актуальнае.

(Арлоў: ) “Незалежнасьць – гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі. Я веру, што калі-небудзь так будзе, бо іначай проста ня варта жыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG