Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі 18% апытаных школьнікаў прызналі, што ўжываюць наркотыкі


Казімір Яноўскі, Гомель У Гомельскай вобласьці зь ініцыятывы мэдыкаў распачатая чатырохдзённая акцыя здароўя: “Моладзь Гомельшчыны супраць залежнасьці”. Чым абумоўленае правядзеньне такой акцыі ў Гомельскім рэгіёне, і ад якой залежнасьці цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі імкнецца адлучыць моладзь?

У абласным цэнтры гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя сьцьвярджаюць, што апошнім часам здароўе падлеткаў, маладых юнакоў і дзяўчат заўважна пагаршаецца. На тое ёсьць шмат прычынаў. Не найлепшым самаадчуваньнем вызначаюцца бацькі, што, вядома, адбіваецца на нашчадках. Да таго ж у дзяцей надзвычай вялікія школьныя нагрузкі. Плюс складаная экалягічная сытуацыя, абумоўленая сярод іншага і Чарнобыльскай катастрофай.

Зь іншага боку, значная частка маладых людзей вядзе такое жыцьцё, якое не спрыяе ўмацаваньню здароўя. Узьнік нават такі тэрмін – “хваробы паводзінаў”. Гэта датычыць распаўсюджаньня ў асяродку моладзі шкодных звычак.

Распавядае супрацоўніца аддзелу грамадзкага здароўя абласнога Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Алена Брыч:

(Брыч :) “Падлеткі спажываюць наркотыкі, спажываюць сьпіртовыя напоі і кураць. Статыстычныя зьвесткі катастрафічныя. Паводле сацыялягічнага апытаньня, практычна ўсе яны кураць, многія спажывалі наркатычныя рэчывы”.

Адмыслоўцы Цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя правялі ананімнае апытаньне сярод дзьвюх сотняў старшаклясьнікаў Гомеля.

Выявілася, што 68 адсоткаў рэспандэнтаў спажываюць алькаголь. Падлеткам даспадобы піва, гарэлка, кактэйлі, самагон, джын-тонік. 18 адсоткаў апытаных спажываюць наркотыкі, 28 адсоткаў – кураць. Першы дзень акцыі скіраваны быў супраць наркотыкаў. Сёньняшні дзень пройдзе пад лёзунгам: “Шклянка соку лепей за піва”.

І сапраўды, заўважна, што ў побыце моладзь не абыходзіцца без сьпіртовых напояў, цыгарэтаў. З набліжэньнем вечару, асабліва пры цёплым надвор’і, сотні маладых людзей запаўняюць гарадзкія сквэры і паркі. У большасьці ў руках цыгарэты, бутэлькі піва, а часам і мацнейшыя напоі.

У мінулыя выходныя ў гарадзкім сквэры я гутарыў з трыма навучэнцамі каледжу мастацтваў, якія курылі і пілі піва. Адзін зь іх апавядае:

(Навучэнец :) “Я куру ў пэўныя моманты. Цяпер у нас канцэрт, і мы вырашылі “адцягнуцца” па поўнай праграме. Мы ўзялі піва і зараз яшчэ возьмем. І вось цыгарэтку закурылі. Калі старыя сябры сустракаюцца, алькаголь як бы і не патрэбны. Але спрацоўвае нейкі рэфлекс. Можа, алькаголь як бы выклікае прыхільнасьць”.

Непадалёку ад навучэнцаў каледжу мастацтваў на лаўцы сядзела маладая пара, таксама з півам ды цыгарэтамі. Хлапец размаўляць адмовіўся, а дзяўчына пагадзіла адказаць на колькі пытаньняў:

(Дзяўчына :) “Я сяджу і куру і п’ю піва”.

(Карэспандэнт:) “Дзеля чаго вы п’яце ды курыце?

(Дзяўчына:) “А не для чаго, а так. Каб весялейшае жыцьцё было (сьмяецца).

(Карэспандэнт:) “Чаму моладзь спажывае і піва, цыгарэты і гарэлку, як вы думаеце”?

(Дзяўчына:) “Таму што ня ведаюць, што можна рабіць увечары, калі яны праводзяць свой вольны час. Таму сядзяць і п’юць. Ну, ня бачаць у чымсьці іншым сэнс жыцьця і шукаюць што-небудзь у гарэлцы або ў тых жа наркотыках.”

Дарэчы, арганізатары акцыі “Моладзь супраць залежнасьці” зьбіраюцца накіраваць у школы і навучальныя ўстановы шматлікіх валанцёраў з тым, каб данесьці да маладых людзей інфармацыю пра фармаваньне залежнасьці ад тытуню, алькаголю, псыхатропных рэчываў. І заадно сказаць маладым, што найлепшы спосаб пазбавіцца ад залежнасьці – не пачынаць экспэрымэнтаў над сабою.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG