Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці судзяць Анатоля Лябедзьку


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Берасьці пачнецца суд над старшынём Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам. Ён абвінавачваецца ў арганізацыі сходу, на якім вылучаліся дэлегаты на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Мерапрыемства праходзіла ў паселішчы Дамачава Берасьцейскага раёну яшчэ 9 ліпеня. У чым адметныя рысы гэтай судовай справы, акрамя таго, што паседжаньне адбудзецца ўжо пасьля заканчэньня форуму дэмакратычных сілаў?

Суд над Анатолем Лябедзькам пройдзе пасьля заканчэньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Менавіта гэтая акалічнасьць падкрэсьліваецца і ў паведамленьні прэсавай службы Аб''яднанай грамадзянскай партыі: "Судовы працэс, які мае адбыцца, яўна кантрастуе з заявай Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ўлады ні ў якім разе не перашкаджалі падрыхтоўцы форуму". Дарэчы, пазоў у суд лідэр АГП атрымаў ужо пасьля таго, як Кангрэс завяршыўся.

І яшчэ адна адметная рыса сёньняшняга суду -- Анатоль Лябедзька 9 ліпеня ... не даехаў да месца правядзеньня рэгіянальнага сходу, паколькі яго затрымалі на пад''езьдзе да вызначанага месца. І фактычна ўсё адбылося безь ягонага ўдзелу. Дый арганізатарам сходу выступала рэгіянальная суполка Партыі камуністаў (Беларуская), а не Аб''яднанай грамадзянскай партыі. Дарэчы, паводле гэтага абвінавачаньня ўжо прызнаны вінаватым і аштрафаваны на 40 базавых велічыняў лідэр камуністаў раёну Анатоль Новік, у доме якога 9 ліпеня праходзіў адкрыты сход актыву ПКБ, куды былі запрошаныя прадстаўнікі іншых партый.

Сёньня ў судзе з боку Анатоля Лябедзькі ў якасьці сьведкі будзе прысутнічаць актывістка апазыцыйнага і жаночага руху Тацяна Ваніна. Менавіта яна кіравала машынай, у якой знаходзіўся спадар Лябедзька. І яна вельмі зьдзіўленая: як можна абвінавачваць чалавека ў арганізацыі і правядзеньні сходу, калі ён там ня быў?!

(Ваніна:) "Лябедзька не даехаў, яго выцягнулі з машыны. Ён там нават ня быў. І я ня была, бо адразу пайшла ў пастарунак паглядзець, што яны зь ім робяць, каб не зьнік чалавек, каб яго ня зьвезьлі нікуды. І на мяне там таксама пачалі складаць пратакол. Сход жа праводзіла камуністычная суполка, якая там існуе, зарэгістраваная, у іх памяшканьні, якое афіцыйна лічыцца офісам раённай арганізацыі".

Асабіста Анатоль Лябедзька лічыць: "Беларуская судовая сыстэма ня мае нічога агульнага з прынцыпам вяршэнства закону і незалежнасьці суду...

Намесьніца старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Людміла Гразнова кажа пра сёньняшні суд, што гэта чарговы перасьлед апазыцыі з боку уладаў:

(Гразнова:) "Яны ня могуць зьмірыцца з вынікамі Кангрэсу, з тым, што апазыцыя насамрэч аб''ядналася. І таму ёй трэба помсьціць, асабліва тым, хто больш за іншых зрабіў для правядзеньня гэтага супольнага мерапрыемства. Таму яго і выклікаюць у Берасьцейскі суд. Гэта, канечне, будзе чарговае відовішча, паколькі мы ўяўляем, што прадстаўляе сабою цяпер беларускае правасудзьдзе".
XS
SM
MD
LG