Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На "Форуме-2000" абмяркоўвалі шляхі да зьменаў у Беларусі (фота)


Аляксей Знаткевіч, Прага У Празе ў межах уплывовай міжнароднай канфэрэнцыі “Форум-2000” адбыўся круглы стол, прысьвечаны ролі міжнароднай супольнасьці ў дэмакратызацыі Беларусі. У дыскусіі ўзяў удзел адзіны кандыдат ад беларускай апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары наступнага году Аляксандар Мілінкевіч, а таксама амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі Браян Бэнэт, былы міністар замежных спраў Польшчы Браніслаў Герэмак, былы намесьнік прэм''ер-міністра Чэхіі Пэтар Марэш і дарадца прэзыдэнта Ўкраіны, расейскі палітык Барыс Нямцоў.

На круглым стале абмяркоўвалася тры пытаньні – ці ўжо час мяняць палітыку Эўразьвязу датычна Беларусі, якія найлепшыя шляхі падтрымкі беларускай дэмакратычнай апазыцыі і, нарэшце, ці зацікаўленая Расея ў дэмакратызацыі Беларусі.

Варта сказаць, што сярод тых, хто ў залі сачыў за дыскусіяй, было шмат вядомых асобаў – у тым ліку арганізатар "Форуму-2000", былы прэзыдэнт Чэхаславаччыны і Чэхіі Вацлаў Гавэл, чэскі сэнатар Ян Румл, расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў, францускі філёзаф Андрэ Глюксман.

Удзельнікі дыскусіі выказвалі прапановы наконт магчымасьці дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі. Аляксандар Мілінкевіч у прыватнасьці казаў, што вельмі важна падтрымліваць рэгіянальныя выданьні, у тым ліку і незарэгістраваныя.

Браніслаў Герэмак прапанаваў, каб Эўразьвяз даў тысячы грантаў для адукацыі за мяжой маладых беларусаў, асабліва тых, хто згубіў месца ў беларускіх навучальных установах за палітычную дзейнасьць. Пры гэтым умовай мела б быць іх пазьнейшае вяртаньне ў Беларусь. Спадар Герэмак таксама гаварыў пра пляны стварэньня эўрапейскай фундацыі ў падтрымку дэмакратыі, якая б не была зьвязаная цяперашнімі забюракратызаванымі правіламі Брусэлю.

Вось як ацаніў дыскусію Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Цудоўныя ўражаньні – зацікаўленасьць, вочы сьветлыя, сэрцы гарачыя – людзі хочуць дапамагаць і цікавяцца Беларусьсю. Проста супэр. А тыя экспэрты, што сядзелі побач, шмат што могуць. Я думаю, што гэта вельмі важная імпрэза”.

Бадай найбольш вострыя дыскусіі выклікала апошняе пытаньне круглага стала – ці зацікаўленая Расея ў дэмакратызацыі Беларусі. Барыс Нямцоў заявіў, што адхіліць Лукашэнку ад улады цяпер магчыма толькі калі Эўропа здолее дамовіцца з Расеяй.

(Нямцоў: ) “Я мяркую, што Расея ў 2006 годзе будзе старшыняваць у “вялікай васьмёрцы”, і “вялікая васьмёрка” ў 2006 годзе пройдзе ў Пецярбургу. Гэта вельмі ўдалы час, каб пачаць размову з Пуціным пра Лукашэнку. Пуцін вымушаны будзе ісьці на пэўныя кампрамісы. Інакш яго абвінавацяць у тым, што ён і сам з дыктатарскімі схільнасьцямі, і яшчэ апошняга дыктатара Эўропы падтрымлівае.

Але і Эўропа таксама павінна зразумець, што любы іншы лепш. Нават калі Калякіна там абяруць, я яго ведаю асабіста, нават яго калі зробяць прэзыдэнтам – гэта будзе лепш. Ён ніколі не будзе ўсталёўваць дыктатуру, бо ведае, як гэта было пры Лукашэнку, ніколі ня зробіць замах на сувэрэнітэт і таму падобнае”.

А да таго ж спадар Нямцоў увогуле заявіў, што любы палітык будзе лепшы, чым Лукашэнка, на чале Беларусі – нават калі гэты палітык будзе прапанаваны прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Аляксандар Мілінкевіч, у сваю чаргу сказаў, што лепш за Лукашэнку будзе любы палітык, пры ўмове, што ён ня будзе гандляваць беларускім сувэрэнітэтам.

Пасол Вялікай Брытаніі ў Беларусі Браян Бэнэт сказаў, што Эўропа даўно ўжо спрабуе пачаць перамовы з Расеяй пра супольную палітыку датычна Беларусі, але расейскія ўлады ў адказ даюць зразумець, што лічаць Беларусь сваёй сфэрай уплыву.

Фотарэпартаж

Аляксандар Мілінкевіч (зьлева) гутарыць з францускім філёзафам Андрэ Глюксманам. У цэнтры – былы міністар замежных спраў Польшчы Браніслаў Герэмак.

Былы прэзыдэнт Чэхаславаччыны і Чэхіі Вацлаў Гавэл сочыць за дыскусіяй з залі.

Гл.таксама • Аляксандар Мілінкевіч бярэ ўдзел у "Форуме-2000" (фотарэпатраж)
XS
SM
MD
LG