Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9-гадовы Янка нарэшце зможа навучацца па-беларуску


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Жодзіне 9-гадовы Янка Лапіцкі заўтра зьбіраецца пайсьці ў школу, дзе будзе навучацца па-беларуску. Мясцовы гарвыканкам ухваліў дамоўленасьці паміж бацькамі Янкі і прадстаўнікамі сыстэмы адукацыі.

Нагадаем, жодзінскі хлопчык другі год ня ходзіць у школу. Беларускамоўная кляса, у якой вучыўся Янка, была расфармаваная напярэдадні мінулага навучальнага году. У ёй было два вучні. Паводле жодзінскіх чыноўнікаў, трымаць клясу дзеля двух вучняў — задорага для бюджэту. Бацькі Янкі адмовіліся ад прапанаванага навучаньня сына ў расейскамоўнай школе.

Паводле бацькі Янкі Аляксея Лапіцкага, сёньня ім патэлефанавала намесьніца кіраўніка Жодзінскага гарадзкога аддзелу адукацыі Людміла Талмачова:

(Лапіцкі: ) “Кароткае паведамленьне яна зрабіла, што сёньня прынятае рашэньне на выканкаме аб адкрыцьці беларускамоўнага навучаньня для нашага сына. Мы не атрымалі пакуль афіцыйнай паперы. Трэба будзе глядзець афіцыйнае рашэньне, як яно сфармулявана. Але так, як мы і дамаўляліся, заўтра Янка можа прыступаць да заняткаў. Аднаго настаўніка яны знайшлі, знайшлі на вуліцы. Вызначылі чалавека, які мае досьвед”.

Нагадаю, на мінулым тыдні ў Жодзіне прайшлі перамовы паміж прадстаўнікамі сыстэмы адукацыі і бацькамі Янкі. На перамовах былі дасягнуты дамоўленасьці, што Янка будзе навучацца па-беларуску ў мясцовай гімназіі №1, але па індывідуальнай праграме. Мяркуецца, што чацьвераклясьніка Янку будзе навучаць настаўніца-пэнсіянерка, якая мае досьвед беларускамоўнага выкладаньня. Нагадаю таксама, што ініцыятывы жодзінскіх чыноўнікаў улагодзіць канфлікт зьявіліся пасьля нядаўняга звароту сям’і Лапіцкіх да міністра адукацыі Аляксандра Радзькова.

У сваім лісьце Лапіцкія паскардзіліся, што з 2004 году з-за рашэньняў мясцовай улады яны пазбаўленыя “элемэнтарнага права” на атрыманьне сынам абавязковай і бясплатнай адукацыі на роднай мове, якая ёсьць дзяржаўнаю моваю ў Беларусі.

Мяркуецца, што Янка будзе вучыцца ў гімназіі ў другую зьмену. Вестка пра аднаўленьне беларускамоўнага навучаньня ўзрадавала жодзінскага хлопчыка. Гаворыць яго маці Сьвятлана Лапіцкая.

(Лапіцкая: ) “Ён з задавальненьнем успрыняў, што ён зноў пойдзе навучацца ў школу, што ён будзе зноў навучацца па-беларуску. Ён вельмі задаволены гэтым. Усё, што мы праходзілі за трэцюю клясу, ён паўтарыў. Правілы, якія мы праходзілі, ён узгадвае, каб гэта не замінала яго далейшаму навучаньню. Мы зь ім як пачалі навучацца летась, пісалі ў сшытку, так і сёлета: і матэматыку вялі, і мову вялі. Канечне, ён чакае заўтрашняга дня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG