Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабодны прафсаюз Беларускі застаўся без памяшканьня


Галіна Абакунчык, Менск Свабодны прафсаюз Беларускі пазбаўлены права арэнды памяшканьня на вуліцы Захарава, 24 ў Менску й гэтымі днямі вымушаны пакінуць штаб-кватэру. Такое рашэньне прыняў Гаспадарчы суд Менску паводле пазову адміністрацыі ЖРЭА Партызанскага раёну сталіцы. Прычынай сталася, нібыта, пратэрміноўка арэнднай платы. Гэткім чынам Свабодны прафсаюз пазбаўлены юрыдычнай адрэсы, і ў зьвязку з гэтым лідэры арганізацыі асьцерагаюцца новых карных захадаў уладаў.

Першаснае судовае рашэньне пра высяленьне было прынятае ў адсутнасьць прадстаўнікоў Свабоднага прафсаюзу. Кіраўніцтва арганізацыі яго абскардзіла, і Гаспадарчы суд Менску адмяніў гэтую пастанову як незаконную. Але адначасна суд прыняў новае рашэньне пра пазбаўленьне права арэнды. Гэткім чынам, апэляваць да правасудзьдзя стала заняткам бессэнсоўным, і цяпер прафсаюз мусіць высяляцца літаральна на вуліцу – кажа лідэр арганізацыі Генадзь Быкаў.

(Быкаў: ) “Зьбіраемся й пераяжджаем. Пераяжджаем на вуліцу: дзе ў каго, у лазьні, на лецішчы ці ў кватэры будзем архівы захоўваць”.

Паводле спадара Быкава, гэткім чынам Свабодны прафсаюз пазбаўлены юрыдычнай адрэсы і таму тэрмінова шукае новае памяшканьне, але пакуль безвынікова.

(Быкаў: ) “Хто дасьць для Свабоднага прафсаюзу? Гэта ж бокам вылезе, як кажуць”.

Генадзь Быкаў заяўляе, што адказныя супрацоўнікі Мін''юсту папярэдзілі, што маюць намер абмеркаваць з кіраўніцтвам прафсаюзу некаторыя пытаньні. Паводле спадара Быкава, ня выключана, што гаворка будзе тычыцца менавіта юрыдычнай адрэсы. Вось як гэтую сытуацыю камэнтуе лідэр незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) “Прафсаюз Быкава, як і наш – ён не ўваходзіць у Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі, а таму ўлада, відаць, лічыць, што такіх прафсаюзаў і не павінна быць. З гэтай нагоды, відаць, усё і робіцца ціхімі крокамі, але з адным вынікам – каб незалежныя прафсаюзы не існавалі на тэрыторыі Беларусі.”

Паводле спадара Фядыніча, днямі яго выклікалі ў Пракуратуру краіны, дзе ён мусіў пісаць тлумачальную запіску з прычыны публікацыі ў прафсаюзным інфармацыйным бюлетэні “Экспрэс-інфо” паведамленьня пра дрэннае эканамічнае й сацыяльнае становішча на шэрагу прамысловых прадпрыемства Магілёву. У пракуратуры заявілі, што артыкул утрымлівае шмат “нэгатыўнай інфармацыі”.

Акрамя таго, 19 кастрычніка ў Савецкім судзе Менску распачынаюцца слуханьні ў справе адмовы адміністрацыі менскага аўтазаводу рэгістраваць першасную суполку прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці.
XS
SM
MD
LG