Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі – пра будучага канцлера Нямеччыны Ангелу Мэркель


Алесь Дашчынскі, Менск У выніку перамоваў на вышэйшым узроўні ХДС/ХСС і СДПГ дамовіліся пра тое, што самая буйная фракцыя ў нямецкім парлямэнце атрымае права вылучаць канцлера. Такім чынам Нямеччынай будзе кіраваць “вялікая кааліцыя” ў складзе Сацыял-дэмакратычнай партыі і блёка двух хрысьціянскіх партый. Новым канцлерам стане старшыня Хрысьцяінска-дэмакратычнага саюза Ангела Мэркель, хаця пра гэта афіцыйна пакуль не абвешчана. Перамовы пра фармаваньне “вялікай кааліцыі” пачнуцца на наступным тыдні. Як успрымаюць будучага канцлера беларускія палітыкі?

Адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі Мікола Статкевіч, які адбывае пакараньне на “хіміі” у Баранавіцкай спэцкамэндатуры за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў, не прадбачыць у палітыцы Нямеччыны адносна Беларусі кардынальных зьменаў:

(Статкевіч: ) “Уся палітыка адносна Беларусі фармуецца зыходзячы з таго разуменьня нацыянальных інтарэсаў Нямеччыны, які існуе ў яе істэблішмэнту. Мабыць, ня будуць такія цёплыя адносіны паміж кіраўнікамі Нямеччыны і Расеі, хаця б таму, што новаму канцлеру і прэзыдэнту Расеі цяжка разам будзе схадзіць у лазьню. Абраньне спадарыні Мэркель пагаршае ў будучым і эўрапейскія пэрспэктывы Беларусі. Спадарыня Мэркель не аднойчы заяўляла, што пашырэньне Эўразьвязу трэба завяршаць”.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава брала ўдзел у імпрэзе, якую ў дзень парлямэнцкіх выбараў у Нямеччыне ладзіла нямецкая амбасада ў Менску. Госьці імпрэзы мелі магчымасьць зрабіць прагноз адносна вынікаў выбараў. Спадарыня Абрамава мяркуе, што ў цэлым будзе праводзіцца палітыка, сфармаваная Эўразьвязам.

(Абрамава: ) “Нямеччына як вяла адзіную палітыку з Эўразьвязам, за выключэньнем нейкіх невялікіх нюанасаў, так і будзе праводзіць. Увогуле, гэтая палітыка хутчэй за ўсё можа ў некаторым сэнсе быць больш жорсткай, з улікам накіраванасьці хрысьціянскіх дэмакратаў. Але істотнага значэньня гэта мець не будзе”.

Актывіст АГП Яраслаў Раманчук зьвяртае ўвагу, што гэта будзе ўрад “вялікай кааліцыі”, а таму будуць кампрамісы.

(Раманчук: ) “Вялікіх зьменаў з боку Нямеччыны дачынна Беларусі чакаць нельга. Інэрцыйнасьць у нямецкай палітыцы вельмі прыкметная, традыцыі захоўваюцца. Паколькі паміж хрысьціянскімі дэмакратамі і сацыял-дэмакратамі вялікай розьніцы ў дачыненьні да Беларусі не было, то я не думаю, што можна чакаць нейкіх вялікіх пераменаў у беларускай тэматыцы. Паколькі Нямеччына – адна з вядучых краінаў Эўразьвязу, то можна чакаць паступовых пераменаў, больш жорсткай палітыкі, больш жорсткай рыторыкі. Нашы пляны, каб немцы больш энэргічна спрычыніліся да дэмакратызацыі не маюць пакуль падставаў”.
XS
SM
MD
LG