Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікіту Сасіма пакаралі за ўлёткі, хочуць адправіць у армію (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Каардынатара руху “Зубр” Мікіту Сасіма суд Цэнтральнага раёну пакараў арыштам на трое сутак. Мікіту Сасіма затрымалі за распаўсюд улётак, але абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Мікіту Сасіма затрымалі ўвечары 7 кастрычніка на праспэкце Францішка Скарыны. Мікіта з даху дома ля будынку КГБ скінуў пачак улётак з заклікам далучыцца да акцыі 16 кастрычніка. Паводле зьместу ўлётак, 16 кастрычніка на знак салідарнасьці з сем''ямі зьніклых палітыкаў і палітвязьнямі, людзям прапануюць а 8-й вечара выключыць сьвятло і паставіць на вокны запаленыя сьвечкі.

Мікіту Сасіма затрымаў супрацоўнік КГБ у той момант, калі ён спусьціўся з даху па пажарнай лесьвіцы. Хлопца адвезьлі спачатку ў апорны пункт міліцыі, а потым ва ўпраўленьне ўнутраных справаў. Там міліцыянты спачатку склалі пратакол за антысанітарыю. Менавіта так яны расцанілі раскіданьне ўлётак. Але пасьля гэтага Мікіту абвінавацілі ў дробным хуліганстве. З пратаколу вынікала, што хлопец нецэнзурна лаяўся і не рэагаваў на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі. Толькі праз тры дні, 10 кастрычніка, пад вечар Мікіту Сасіма прывезьлі ў суд Цэнтральнага раёну.

Судзьдзя Аляксей Бычко цікавіўся, ці шмат улётак трапіла ў рукі мінакам. У судовай залі зарагаталі, калі пачулі расповед міліцыянта аб тым, што ўлёткі зьбіралі некалькі супрацоўнікаў міліцыі, КГБ і дзьве прыбіральшчыцы з крамаў. Ён казаў, што гэта прыцягнула ўвагу людзей, і яны пачалі хапаць улёткі сабе. На дарозе нават утварылася пробка.

Актывіст "Зубру" ня першы раз у судзе, але ён абураны дзеяньнямі міліцыянтаў:

(Сасім: ) “Тое, што напісана ў рапартах супрацоўнікаў міліцыі – нахабная хлусьня. Тым больш, што гэта было пацьверджана паказаньнямі сьведкі. Ім папросту ўжо не хапае палітычных артыкулаў, таму яны суюць усё што заўгодна. Тое, што кагэбэшнікі зацікавіліся і ўзялі сабе гэтую ўлётку, сьведчыць аб тым, што ўлада баіцца гэтых акцый.”

Сьведка з боку міліцыі прызнаўся, што ня чуў, каб Мікіта лаяўся. Але нягледзячы на гэта, судзьдзя Аляксей Бычко зачытаў прысуд – трое сутак арышту за дробнае хуліганства. З улікам таго, што хлопец іх ужо, фактычна, адседзеў, Мікіту адпусьцілі.

У міліцыі, куды юнак прыехаў за сваімі рэчамі, яму паведамілі, што цяпер яго чакаюць у Баранавіцкім ваенкамаце. Актывісты моладзевага руху “Зубр” упэўнены, што ўлады будуць намагацца накіраваць найбольш актыўнага сябра ў войска, каб адхіліць яго ад удзелу ў грамадзкім жыцьці ў часе выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG