Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр паэт Алесь Емяльянаў, адзін зь сябраў Аргкамітэту БНФ


Сяргей Навумчык, Прага Ва ўзросьце 53 гады памёр паэт Алесь Емяльянаў. У 1988 годзе ён уваходзіў у склад Аргкамітэту БНФ за перабудову “Адраджэньне”. Пахаваньне адбылося ў суботу, 8 кастрычніка.

У кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дадому” Васіль Быкаў прыгадвае, што Емяльянаў “працаваў кансультантам у СП і набыў вядомасьць тым, што прызнаўся, як яго вэрбаваў КДБ, ды ён не пагадзіўся. Пісьменьніцкая грамадзкасьць падвергла яго астракізму, хоць было невядома, за што: за тое, што яго вэрбавалі, ці за тое, што ён прызнаўся”.

Але вядомасьць прыйшла да Емяльянава раней – увосень 1988 году, калі ён увайшоў у склад Аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту.

Гэты Аргкамітэт, як вядома, утварыўся на пасяджэньні ў Чырвоным Касьцёле 19 кастрычніка 1988 году. Адной з галоўных мэтаў было давесьці інфармацыю пра БНФ да жыхароў ня толькі сталіцы, але і правінцыі. Ну і, канечне, стварыць групы падтрымкі БНФ па ўсёй Беларусі. Рабіць гэта было дужа складана, паколькі ўся прэса знаходзілася пад поўным кантролем кампартыі. Калі літоўскія, напрыклад, камуністы, нават спрыялі – хай і абмежавана – стварэньню “Саюдзіса”, і выступалі за самастойнасьць Літвы – дык кіраўніцтва ЦК КПБ імкнулася выслужыцца перад Масквой.

30 кастрычніка 1988 году былі разагнаныя “Дзяды” –Зянон Пазьняк павёў людзей ад Усходніх могілак у Курапаты, і Ўладзімер Арлоў зачытаў адозву Аргкамітэту БНФ. Слухалі яе некалькі сотняў чалавек.

А 6 лістапада ў “Звяздзе” і іншых партыйных газэтах зьявіўся невялікі артыкул карэспандэнта БелТА “Прыйшла ў рэдакцыю лістоўка” – пра ўлётку з заклікам “ствараць групы падтрымкі Народнага Фронту Беларусі па месцах працы ды жыхарства. Рэгістрацыя на адрасе: Менск, вуліца Фрунзэ, 5. Саюз пісьменьнікаў БССР”.

Журналіст зьвярнуўся па камэнтар да Старшыні праўленьня СП Максіма Танка: “Упершыню чую” – быў адказ народнага паэта. Сакратар праўленьня СП Валеры Скварцоў запэўніў, што “Дом літаратара не зьяўляецца штаб-кватэрай аргкамітэту Народнага Фронту па той прычыне, што пісьменьніцкі партыйны сход адхіліў пункт у рэзалюцыі ў падтрымку Народнага Фронту”.

Аднак літкансультант Саюзу пісьменьнікаў Алесь Емяльянаў сказаў: “У лістоўцы ўсё правільна напісана... Можаце пацьвердзіць чытачам: я з поўнай адказнасьцю ад імя аргкамітэту пацьвярджаю, што адрас на сёньняшні дзень дакладны. Чаму на сёньняшні дзень? Вы самі выдатна разумееце, што ў любы момант нас могуць адсюль папрасіць”.

Дарэчы, гэтая публікацыя ў “Зьвяздзе” ды іншых газэтах выклікала вэрхал у калідорах ЦК КПБ і разьбіральніцтва з рэдактарамі, якія яе надрукавалі: “партыйная лінія” палягала ў тым, каб, па магчымасьці, наогул замоўчваць факт утварэньня Аргкамітэту БНФ, а тут – хай і зусім без сымпатыі – пра гэта пішуць у органе ЦК КПБ, ды яшчэ падаюць кантактны адрас і прозьвішча чалавека, які вядзе рэгістрацыю. Празь некалькі дзён ва усіх рэспубліканскіх і абласных газэтах зьявіўся артыкул “Пена на хвалі перабудовы”, з тузінам абвінавачваньняў у бок ініцыятараў стварэньня БНФ.

Але справа была зробленая: з усёй Беларусі ў Дом літаратара прыяжджалі прыхільнікі новаўтворанага Народнага Фронту, і першыя пасяджэньні Аргкамітэту праходзілі ў Доме літаратараў...

У суботу на пахаваньні Емяльянава не было ні палітыкаў, ні пісьменьнікаў.

Алесь Емяльянаў не казаў пра сваю ролю ў справе апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня – але вось ён, бясспрэчна, застанецца ў гісторыі гэтай хвалі.
XS
SM
MD
LG