Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – адзіная краіна Эўропы, дзе практыкуецца сьмяротнае пакараньне


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў сьвеце адзначаецца дзень супраць сьмяротнага пакараньня. Эўрапейскія і міжнародныя арганізацыі крытыкуюць Беларусь за ужываньне сьмяротнага пакараньня і практыку выкананьня сьмяротных прысудаў.

Беларусь і Узбэкістан застаюцца апошнімі краінамі на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, дзе дагэтуль ужываецца сьмяротная кара. Гэта адзначыў у сваім звароце, прымеркаваным да Ўсясьветнага дня супраць сьмяротнага пакараньня, кіраўнік ПАСЭ Рэнэ Ван дэр Ліндэн. Пры гэтым ён заўважыў, што кіраўніцтва Узбэкістану гатовае “зрабіць крокі” да адмены сьмяротнага пакараньня.

А як часта ужываецца сьмяротнае пакараньне ў Беларусі?

Паводле дадзеных дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, з 1997 году ў Беларусі было вынесена 126 сьмяротных прысудаў. У дэпартамэнце між тым кажуць, што за апошнія гады колькасьць сьмяротных прысудаў паменела: калі напрыканцы 1990 гадоў суды выносілі па 30-40 сьмяротных прысудаў штогод, дык ў 2003-м годзе было вынесена ўжо толькі 4, а летась толькі 2 сьмяротныя прысуды. Але ці магчыма ад іх цалкам адмовіцца? Шмат хто зь міліцыянтаў лічыць, што – не. Гэтак, у прыватнасьці, мяркуе намесьнік начальніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Юры Барэнкоў.

(Барэнкоў: ) “Я ад свайго імя скажу, што пакуль не надышоў час, каб цалкам адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня. У сувязі зь вялікай колькасьцю цяжкіх злачынстваў супраць асобы”.

Звычайна праходзіць ня меней за год паміж вынясеньнем прысуду і яго выкананьнем. Асуджаны на сьмерць мае права абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе, а апошняй ягонай надзеяй ёсьць камісія ў справе памілаваньняў, якая дзейнічае пры прэзыдэнце Беларусі. Любое з рашэньняў гэтай камісіі падпісвае асабіста Аляксандр Лукашэнка.

Ці часта кіраўнік Беларусі шкадуе асуджаных на сьмерць людзей? Толькі адзін такі выпадак згадаў былы палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў кіраваў менскім сьледчым ізалятарам – адзіным месцам ў Беларусі, дзе выконваюцца сьмяротныя прысуды.

(Алкаеў: ) “Клічку нават памятаю – “дырэктар”. За што яго памілавалі? Памятаю справу: ён разоў 20 жалезнай трубой ударыў чалавека па галаве, але памёр той чалавек не адразу, пазьней. Дактары яшчэ змагаліся за ягонае жыцьцё. У нас як захочуць знайсьці зачэпку, то знойдуць, вось яго і памілавалі. Хаця не скажу, што гэта Лукашэнка знайшоў. Ён толькі падпісаў, а нехта добра ўцягнуўся ў гэтую справу і атрымалася”.

Дарэчы, Алег Алкаеў перакананы, што сьмяротнае пакараньне насамрэч не выконвае стрымліваючага дзеяньня на патэнцыйных злачынцаў, да таго ж яно разбуральна дзейнічае на псыхіку выканаўцаў такіх прысудаў. Алег Алкаеў цяпер зьяўляецца рашучым праціўнікам сьмяротнага пакараньня.

Арганізацыя Аб''яднаных Нацыяў мае прэтэнзіі да Беларусі ня толькі ў сувязі з захаваньнем сьмяротнай кары, але і адносна формы выкананьня сьмяротных прысудаў. У адмысловым мэмарандуме ААН ў справе катаваньняў выкананьне сьмяротнай кары ў Беларусі прыроўненае да катаваньня. З гэтым цалкам згодны праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі, які неаднаразова супрацоўнічаў з ААН ў галіне правоў чалавека.

(Маркушэўскі: ) “Асуджаныя да сьмяротнага пакараньня ўтрымліваюцца ў асобных камэрах, ім забароненыя любыя зносіны са зьнешнім сьветам. Нават перапіска, ўсё цалкам забаронена. Яны ня ведаюць, калі будзе адбывацца пакараньне. Такім чынам гэтыя людзі кожную хвіліну жывуць у сьмяротным жаху. І тое ж самае адбываецца са сваякамі і блізкімі пакаранага на сьмерць чалавека. Тыя таксама ня ведаюць, калі яго пакараюць, ці ўжо не пакаралі, і нават ніколі не даведаюцца, дзе яго пакараюць”.

***

У 1996 годзе ў Беларусі быў праведзены рэфэрэндум, на якім большасьць выказалася за захаваньне сьмяротнай кары, ад якой цалкам адмовіліся ў Эўропе. З тых часоў афіцыйныя асобы ў краіне менавіта вынікамі рэфэрэндуму тлумачаць тое, што гэтае пакараньне застаецца сярод дзейных у Крымінальным кодэксе краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG