Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зноў адкладзены візыт украінскага прэм’ера ў Менск?


Валер Каліноўскі, Менск Заплянаваны на 11 кастрычніка афіцыйны візыт у Менск новага прэм’ер-міністра Ўкраіны Юрыя Еханурава адкладзены прынамсі на тыдзень. Прычына называецца тэхнічная – зьмяненьні працоўнага графіку Аляксандра Лукашэнкі, зь якім мае сустрэцца кіраўнік ўкраінскага ўраду.

Дамоўленасьць аб візыце кіраўніка ўкраінскага ўраду ў Менск была дасягнутая Віктарам Юшчанкам і Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ ў жніўні пад час саміту СНД ў Казані. Тады ж было заяўлена, што кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Ўкраіны маюць падрыхтаваць сустрэчу прэзыдэнтаў, выпрацаваўшы своеасаблівую “дарожную мапу” ў справе паляпшэньня двухбаковых дачыненьняў.

У першы раз візыт украінскага прэм’ера ў Менск быў сарваны адстаўкай ўраду Юліі Цімашэнкі. У другі раз візыт адкладзены на ініцыятыву беларускага боку.

У мінулую пятніцу ў Менск прыбылі супрацоўнікі ўкраінскага пратаколу, каб рыхтаваць перамовы Юрыя Еханурава, але сёньня нечакана стала вядома пра тое, што ягоны прыезд адкладваецца. Прэсавыя сакратары МЗС і Савету Міністраў Беларусі ніяк не змаглі патлумачыць прычыны гэтага. У прыватнасьці, афіцыйны прадстаўнік МЗС Руслан Есін з гэтай нагоды змог сказаць толькі два слова: “Візыт адкладзены”.

У прэсавай службе ўраду Ўкраіны спачатку патлумачылі, што візыт адкладзены на ініцыятыву беларускага боку ў сувязі са зьмяненьнямі графіку беларускага кіраўніка. Пазьней прэсавы сакратар Юрыя Еханурава Валянцін Мандрыеўскі расставіў крыху іншыя акцэнты:

(Мандрыеўскі: ) “Візыт заўтра не адбудзецца, ён пераносіцца на 18-е чысло – паводле пагадненьня абодвух бакоў. І ў тых, і ў другіх узьніклі пытаньні па часе і графіку. Таму й вырашылі перанесьці для таго, каб узгадніць графік абодвух бакоў.”

Спадар Мандрыеўскі запэўніў, што новая дата візыту ўжо пацьверджаная беларускім бокам, і што прычыны пераносу візыту чыста тэхнічныя, як з боку Юрыя Еханурава, гэтак і з боку Аляксандра Лукашэнкі. Важнасьць гэтага візыту Юрыя Еханурава спадар Мандрыеўскі падкрэсьліў наступным чынам:

(Мандрыеўскі: ) “Прэм’ер Еханураў быў у Расеі, быў у Брусэлі, а цяпер едзе ў Беларусь – суседзі. Ёсьць пытаньні адпрацоўкі дачыненьняў з суседнімі краінамі”.

Кіеўскі палітоляг рэдактар тыднёвіка “Міг” Міхаіл Білэцькій мяркуе, што Юрый Еханураў як “тэхнічны” прэм’ер ня мае нейкай ўласнай пазыцыі адносна Беларусі, тут ён выконвае ўказаньні прэзыдэнта Віктара Юшчанкі. А апошні пакуль не адлікаў сваю вашынгтонскую заяву наконт “аўтакратычнага рэжыму ў Беларусі”.

(Білэцькій: ) “Ніякія глябальныя зьмены ў курсе Ўкраіны, і ў прыватнасьці ў двухбаковых адносінах з пэўнымі партнэрамі абвешчана не было. Ды і не да Беларусі цяпер афіцыйнаму Кіеву. Бо цяпер мы адной нагой стаім у перадвыбарчай кампаніі, і ўсе цудоўна разумеюць, што прынамсі на адносінах зь Беларусьсю асаблівых дывідэндаў не заробіш. У любым выпадку – ці яны будуць выключна нэгатыўныя ці яны будуць, наадварот, пазытыўныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG