Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Птушыны грып рухаецца з Азіі ў кірунку Эўропы


RFE/RL Вірус птушынага грыпу, які ўжо забраў жыцьцё больш як сямідзесяці чалавек у Азіі, працягвае рухацца на Захад. Днямі ён быў зарэгістраваны ў Румыніі і ў Турэччыне. Навукоўцы мяркуюць, што ён быў занесены туды птушкамі, якія мігруюць з Азіі ўвосень. Тэме птушынага грыпу прысьвечаны артыкул у газэце “Інтэрнэшнл Гэральд Трыбюн”, са зьместам якога вас пазнаёміць наш карэспандэнт.

Птушыны грып упершыню зарэгістраваны ў Румыніі, а канкрэтна – у рэгіёне Дунаю. Навукоўцы з Бухарэсту знайшлі вірус у трох хатніх качак, якія былі знойдзеныя мёртвымі. Больш як дзьвесьце птушак у вёсцы, дзе знайшлі качак, былі забітыя, у суседніх паселішчах абвешчаны карантын. Аналіз віруса робіцца ў лябараторыі ў Вялікай Брытаніі.

Першы выпадак птушынага грыпу зарэгістраваны і ў Турэччыне, на фэрме, дзе гадуюць індыкаў. Папярэдні лябараторны аналіз сьведчыць, што вірус ў румынскіх птушак належыць да тыпу Н5. Але пакуль што няма ніякіх дадзеных, што гэта – тая самая вэрсыя H5N1, якая зьяўляецца найбольш небясьпечнай для жыцьця чалавека.

Менавіта такі штам вірусу быў зарэгістраваны ў азіяцкіх краінах, дзе ад птушак вірус быў перададзены чалавеку і забраў больш як 70 жыцьцяў. Гэты варыянт вірусу прысутнічаў і ў чаек на поўначы Фінляндыі. Птушыны грып быў выяўлены і ў некаторых рэгіёнах Расейскай Фэдэрацыі.

Тым часам, краіны Эўразьвязу робяць энэргічныя захады дзеля прадухіленьня пранікненьня небясьпечнага вірусу. У прыватнасьці, улады Нідэрляндаў забаранілі гаспадарам птушыных фэрмаў трымаць птушку пад адкрытым небам, баючыся, што ім можа перадацца вірус ад дзікіх пералётных птушак.

У гісторыі чалавецтва ўжо быў выпадак, калі птушыны грып прывёў да гіганцкай эпідэміі – у 1918 годзе так званая “гішпанка” каштавала жыцьця 50 мільёнам чалавек – гэта роўна колькасьці ахвяраў Першай і Другой усясьветных войнаў разам узятых.

Цяпер амэрыканскія навукоўцы высьветлілі, што “гішпанка” была выкліканая менавіта вірусам птушынага грыпу, які перадаваўся ад чалавека да чалавека.

Пакуль што няма ніякіх дадзеных, што цяперашні вірус можа перадавацца такім чынам. Але калі гэта здарыцца, дык, паводле прагнозу Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, ахвярамі эпідэміі могуць стаць ад 5 да 150 мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце.
XS
SM
MD
LG