Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч можа разьлічваць на прадпрымальнікаў


Міхал Стэльмак, Менск Дробныя бізнэсоўцы маюць намер браць удзел у выбарчай кампаніі адзінага кандыдата ад апазыцыі. Пра гэта было заяўлена на нарадзе рэгіянальных лідэраў прадпрымальніцкага руху, якая адбылася ў Менску.

У нарадзе ўдзельнічалі лідэры прадпрымальніцкага руху Менску, Берасьця, Віцебску, Воршы, Рэчыцы, Барысава, Бабруйску ды іншых рэгіёнаў. Многія зь іх былі дэлегатамі Кангрэсу дэмакратычных сілаў, што вылучыў адзінага кандыдата. Усяго ж на кангрэсе, паводле зьвестак намесьніка старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Віктара Гарбачова, было калі шасьцідзесяці бізнэсоўцаў.

(Гарбачоў: ) “Мы заявілі на кангрэсе, я ў прыватнасьці выступаў, пра тое, што перамены адбудуцца толькі тады, калі ўсе здаровыя сілы ў Беларусі аб’яднаюцца дзеля вырашэньня аднаго пытаньня. А менавіта — дзеля абраньня годнага кандыдата ў прэзыдэнты, які павядзе краіну шляхам дэмакратычнага разьвіцьця”, — зазначыў спадар Гарбачоў.

На нарадзе да прадпрымальнікаў ад імя адзінага кандыдата ў якасьці яго даверанай асобы зьвярнуўся старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Прывітаньне вам ад Аляксандра Мілінкевіча. Наша практычная задача — падвесьці грамадзтва да моманту выбараў. Да таго стану, каб яно было гатовае ня проста рабіць выбар у сам гэты дзень, але што найважней — бараніць яго назаўтра, пасьля выбараў. І тут мы з вамі аднадумцы. Вы ведаеце, што такое бараніць свае інтарэсы. Прадпрымальнікі Беларусі ўзрасьлі да разуменьня таго, што свае інтарэсы без вырашэньня палітычных праблемаў ня ўдасца абараніць. А з гэтага вынікае, што мы з вамі па адзін бок барыкадаў і побач на гэтых самых барыкадах”.

Многія прадпрымальнікі зьбіраюцца браць удзел у выбарчай кампаніі адзінага кандыдата. Гаворыць актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандар Драніцкі зь Менску:

(Драніцкі: ) “Я так разумею, што Мілінкевіч будзе будаваць рынкавую эканоміку. Бо Лукашэнкам рынкавая эканоміка зьнішчаецца. Прадстаўнікі ўлады заяўляюць, што дробнаму бізнэсу засталося жыць толькі да канца гэтага году. А з новага году ўладай будзе выпрацавана новая палітыка ў дачыненьні да прадпрымальнікаў. І, магчыма, дробны прадпрымальнік спыніць існаваньне. Як сказаў Лукашэнка на адкрыцьці гіпэрмаркету, ён робіць стаўку на гіпэрмаркеты — напэўна, з тым, каб зачыніць усе рынкі і пазбавіць прадпрымальнікаў працы, заробкаў, магчымасьці ўтрымліваць сем’і”.

Як прагучала ў звароце да ўдзельнікаў нарады адказнага сакратара ўправы Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, у камандзе адзінага кандыдата знойдзецца месца ўсім ініцыятыўным прадпрымальнікам.
XS
SM
MD
LG