Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія палітыкі камэнтуюць прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы?


Валер Каліноўскі, Менск Дэлегацыя Цэнтравыбаркаму Беларусі не назірала за выбарамі прэзыдэнта Польшчы — адрозна ад парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў верасьні. Апошнім часам афіцыйныя СМІ, прадстаўнікі парлямэнту і ЦВК Беларусі актыўна крытыкуюць польскую выбарчую сыстэму.

Кіраўнік камісіі Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец, які быў беларускім назіральнікам на выбарах у Сойм і Сэнат Польшчы, прэзыдэнцкія выбары не назіраў, але мяркуе, што ў выбарчай сыстэме Польшчы за некалькі тыдняў зьмянілася няшмат. Усе заўвагі спадара Чаргінца, а таксама шэрагу супрацоўнікаў беларускага ЦВК да польскага выбарчага заканадаўства і практыкі былі перададзеныя ў парлямэнт і ЦВК Польшчы.

Спадар Чаргінец недахопамі польскага выбарчага закону называе адсутнасьць парогу яўкі выбарцаў для таго, каб выбары прызнаваліся сапраўднымі, невыкананьне прынцыпу таемнасьці галасаваньня, калі бракуе кабінак, агітацыю ў дзень выбараў, а таксама адсутнасьць сыстэмы назіральнікаў, як міжнародных, так і мясцовых.

(Чаргінец: ) “Хочаш сам ехаць — гэта можна, але калі прыяжджаеш — там цябе не прымаюць. Вось гэта пытаньне, калі не пускаюць на выбарчы ўчастак”.

Спадар Чаргінец зазначае, што АБСЭ не зьвяртае ўвагі на праблемы польскіх выбараў, адначасова маючы прэтэнзіі да Беларусі.

(Чаргінец: ) “Міжволі мы параўноўвалі з намі, у нас нашмат лепей. Нідзе ў нас няма, як у іх, такіх праколаў, сапраўдных праколаў, як я лічу”.

Лідэр ЛДПБ дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч толькі што прыехаў з Польшчы, дзе назіраў за прэзыдэнцкімі выбарамі. Спадар Гайдукевіч кажа, што з паплечнікамі змог пабываць на ўсіх участках, дзе хацеў, свабодна наведаў штабы кандыдатаў у прэзыдэнты.

(Гайдукевіч: ) “Я зьвярнуў увагу, што ўчасткі паліцыяй не ахоўваюцца, спакойна ідуць выбары. У школах, дзіцячых садках. У старой Варшаве мы зайшлі ў школу, там два ўчасткі, прайшлі, спыталі, усё нам паказалі”.

Ацэньваючы палітычныя вынікі польскіх выбараў, калі ў другі тур выйшлі два прадстаўнікі правых сілаў, Сяргей Гайдукевіч прыгадаў словы аднаго зь іх Дональда Туска аб тым, што ён будзе палітычным валянтэрам беларусаў і беларускіх палякаў, якія дамагаюцца дэмакратыі.

(Гайдукевіч: ) “Ягоныя заявы такія прамыя, і я думаю, што ён іх выконваць будзе. Мне падалося, што Дональд Туск — чалавек дастаткова сур’ёзны”.

Сяргей Гайдукевіч заклікае да сяброўскіх адносінаў паміж Беларусьсю і Польшчай. І мяркуе, што ўрады тут павінны быць больш гнуткімі.

Мікалай Чаргінец у сваю чаргу выказаў спадзяваньне, што перадвыбарчая рыторыка Туска і іншых кандыдатаў адносна Беларусі забудзецца і пачнецца спакойнае ўзаемадзеяньне дзьвюх дзяржаваў, незалежна ад таго, хто пры ўладзе: левыя ці правыя.

(Чаргінец: ) “Мы хочам будаваць з нашым суседам стратэгічныя адносіны, каб яны заўсёды разьвіваліся нармальна. Будзь Польшча ў НАТО, Эўразьвязе, — гэта яе права, і мы гэта прызнаём”.

Апазыцыйны палітык Аляксей Кароль мяркуе, што зьмена ў Польшчы левага ўраду на правы адпавядае настроям электарату. Новы ўрад прынцыпова ня зьменіць палітыкі адносна Беларусі.

(Кароль: ) “Яна стане больш цьвёрдай, магчыма, нават жорсткай, у гэтым сумневу няма, калі ацэньваць тыя выказваньні і тую лінію, якую праводзілі правыя, будучы ў апазыцыі”.

Крытычнае асьвятленьне афіцыйнымі СМІ Беларусі польскіх выбараў спадар Кароль назваў сьвядомым падборам інфармацыі і тэндэнцыйным камэнтаром з мэтай дыскрэдытацыі дэмакратычных на справе выбараў. Спадар Кароль мяркуе, што гэта частка піяр-кампаніі, прымеркаванай да беларускіх выбараў.

Не прызнаваная ўладамі лідэрка Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс сустракалася з Дональдам Тусакам і Яраславам Качыньскім:

(Борыс: ) “Ад сустрэчы з гэтымі людзьмі ў мяне самыя прыемныя ўражаньні. Гэта людзі, якія нас падтрымлівалі, якія падтрымлівалі ўсё, што зьвязана з дэмакратыяй у Беларусі, для нас гэта вельмі важна”.

Гл. таксама • На прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы будзе другі тур
XS
SM
MD
LG