Лінкі ўнівэрсальнага доступу

music.fromby.net -- тузін новай музыкі


Зьміцер Падбярэскі, Менск (эфір 8 кастрычніка) Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Неўзабаве спаўняецца два гады з таго часу, як у сусьветным сеціве зьявіўся новы сайт, які атрымаў назву “Тузін гітоў” (www.music.fromby.net). І дагэтуль гэта адзінае месца ў Інтэрнэце, дзе раз на два тыдні сярод тузіна песень і мэлёдыяў у выкананьні беларускіх музыкаў вызначаюцца лепшыя і, адпаведна, горшыя, якіх у наступным туры зьмяняюць навічкі. Меў напачатку “Тузін гітоў” і ўласную радыёвэрсію на хвалях менскай станцыі радыё “Рокс”, аднак неўзабаве кіраўніцтва радыё спыніла дамову. Ды на працягу вось ўжо больш чым дваццаці тыдняў радыёвэрсія “Тузіна” гучыць на хвалях радыё “Менск” зь вядучым Алегам Хаменкам. А неўзабаве ў продажы павінен зьявіцца і зборны альбом з запісам таго тузіна гітоў, якія набралі большасьць галасоў на згаданым сайце паводле вынікаў музычнага сэзону 2004—2005.

Такім чынам, www.music.fromby.net А ў студыі Радыё Свабода — журналіст сайту “Тузін гітоў” і ня толькі Сяргей Будкін і вядучы радыёвэрсіі гэтага гіт-параду і ня толькі Алег Хаменка. Дзень добры вам, спадарства! І першае пытаньне табе, Сяргей. Ствараючы два гады таму гэтую старонку ў сеціве, вы сапраўды спадзяваліся на працяглае жыцьцё?”

(Сяргей Будкін: ) “Некалі мы ўжо былі ў студыі Радыё Свабода і дзяліліся сваімі плянамі. У іх уваходзілі і радыёвэрсія, і дыск, і таму мы проста выконваем тое, што абяцалі”.

(Падбярэскі: ) “Алег! Калі ты даў згоду выступаць вядучым радыёвэрсіі “Тузіна”, значыць, ты быў нечым зацікаўлены? Але ж чым?”

(Алег Хаменка: ) “Мне падавалася гэта даволі сур’ёзнай ідэяй, і яна сапраўды атрымліваецца. Я думаў, што змагу дапамагчы зрабіць такую радыёвэрсію, якая б паўплывала на тое, каб гэтая ідэя стала больш якаснай, больш дасьведчанай”.

(Падбярэскі: ) “Ты там выступаеш у якасьці проста вядучага ці, можа, нават выконваеш нейкія такія мэнтарскія функцыі, настаўніка?”

(Хаменка: ) “Я імкнуся ўсё ж такі, каб мэнтарскія функцыі былі самыя-самыя маленечкія. Толькі, можа быць, дзесьці сваё асабістае стаўленьне да нейкай песьні я магу выказваць. Мне падаецца, што вось такое галасаваньне, інтэрнэтнае, дае нейкі новы фармат, і калі я ўжо слухаў напрыканцы музычнага сэзону апошнія песьні, якія абіралі слухачы, — гэтыя песьні былі проста цудоўныя! Я лічу, што яны далі значную фору любым музычным складанкам Расеі ці Польшчы. Мне падабаецца, што стала больш рэгіянальных камандаў. Для мяне гэта было адкрыцьцём, таму што, канечне, больш за ўсё інфармацыі я меў зь Менску. А тое, што мы спрабавалі знаходзіць песьні з рэгіёнаў, і тое, што яны сапраўды якасныя, — гэта супэр!”

(Падбярэскі: ) “Адкажыце, калі ласка, наколькі частата зьяўленьня айчынных выканаўцаў у эфіры працуе на іх папулярнасьць?”

(Хаменка: ) “Магчыма, што колькасьць зможа перарасьці ў якасьць. Але, канечне, так, як гэта было зроблена цяпер у Беларусі… Гэта было непрадумана, і сапраўды гэтыя 75% прапануюць круціць радыёстанцыям ня дзеля таго, каб раскручваць нейкіх беларускіх выканаўцаў. У першую чаргу, гэта — грашовыя моманты. Дзеля таго, каб не плаціць так званых аўтарскіх грошай па-за межы Беларусі, і прапануюць 75%. І толькі 25% аўтарскіх ідуць па-за межы. Што атрымліваецца? Зноў атрымліваецца, што мы сядзім у нейкім балоце, якое абнесена дротам”.

(Будкін: ) “Тузін гітоў” можна назваць аазай у гэтым балоце, бо песьні праходзяць пэўную фільтрацыю. Калі ўзяць мінулы сэзон, дык спачатку галасавалі слухачы, потым, калі адабралі лепшыя песьні, — экспэрты, а па выніках экспэртных — зноў слухачы. Такім чынам, мы проста адабралі найлепшае з таго, што было. З шасьцідзесяці песень адабралі дванаццаць, якія й будуць на дыску”.

(Хаменка: ) “Я быў абсалютна згодны з тым, як прагаласавалі і слухачы, і тыя, хто разглядаў усіх на гэтым сайце”.

(Падбярэскі: ) “Сяргей! Вядома, што неўзабаве будзе выдадзены зборнік зь лепшымі кампазыцыямі мінулага сэзону...”

(Будкін: ) “Туды ўвайшлі дванаццаць пераможцаў мінулага сэзону плюс трыццаць песень у фармаце mp3, якія адбіралі мы ўжо самі па выніках двух гадоў нашага існаваньня. Атрымалася першага кшталту такая складанка на Беларусі, калі ёсьць і mp3, і песьні ў звычайным CD-фармаце. Плюс туды ўвойдуць нейкія рарытэтныя вэрсіі, як, напрыклад, песьня ў выкананьні Лявона Вольскага на вершы Караткевіча, якая нідзе не выдавалася, беларускамоўныя песьні “Ляпісаў” і Ірыны Дарафеевай. Абмежаваны стылёва ён таксама ня будзе. Мы ўклалі грошы свае ў выданьне гэтага дыску, але думаем, што ўсё атрымаецца”.

(Хаменка: ) “Але… Сорак песень!”

(Падбярэскі: ) “Спадзяюся, што гэтыя грошы, яны па-за межы Беларусі ня выпусьцяць. Калі заробяць… А вось цяпер хацелася б пачуць меркаваньні як з боку рэдактуры, так бы мовіць, і вядучага: а чаго, на ваш погляд, не хапае ў сёньняшнім “Тузіне”? Пэўных стыляў, геаграфіі, узроўню?”

(Хаменка: ) “Мне здаецца, што калі ўся справа будзе рухацца наперад якасна, будзе больш вопыту, і гэта паспрыяе росту якасьці ў тым кірунку, у якім гэта цяпер робіцца на радыё ў Эўропе. Мне хацелася б, каб, канечне, гэта быў усё ж такі лепшы нацыянальны парад, нацыянальны беларускі, як “Маладэчна” ў свой час. У лепшы час гэты фэстываль быў нацыянальным беларускім. Усе ж афіцыйныя музычныя гіт-парады, якія цяпер праходзяць у Беларусі, такія, што з трыццаці песень звычайна толькі адна беларускамоўная. Гэта незразумела… Творы, якія трапляюць на тэлевізійныя каналы, праходзяць праз такое сіта, што ўрэшце атрымліваецца…”

(Падбярэскі: ) “Ты, прабач, маеш на ўвазе ідэалягічнае сіта?”

(Хаменка: ) “Я маю на ўвазе не ідэалягічнае. У гэтым няма ідэалёгіі. Яны адбіраюць толькі самае-самае такое лагоднае, прыемненькае, самае просьценькае. Ці, як казаў адзін мой знакаміты сябра, — соплі з цукрам”.

(Падбярэскі: ) “Сяргей! А што ты думаеш?”

(Будкін: ) “Я заўважыў, што не стае якасных поп-твораў. Бо звычайна па-беларуску сьпяваюць збольшага рок-музыкі. Хацелася б пачуць якасную поп-музыку па-беларуску таксама”.

(Падбярэскі: ) “Чаму, на тваю думку, тыя нешматлікія выканаўцы папулярнай эстраднай песьні, якія прысутнічалі на “Тузіне”, звычайна выляталі ледзь не пасьля першага ж туру?”

(Будкін: ) “Гіт-парад праходзіць у Інтэрнэце, і ім проста не стае гэтай вось інтрэнэт-падтрымкі. Напрыклад, у Натальлі Тамэлы няма сайту, а таму і няма прыхільнікаў у Інтэрнэце. Да таго ж трэба ўлічваюць аўдыторыю. А аўдыторыя ў нас маладая, якая больш цікавіцца крыху іншай музыкай”.

(Падбярэскі: ) “У мяне такое ўражаньне, што гэтая аўдыторыя далёка не заўсёды можа разабрацца, дзе прафэсійнае выкананьне, а дзе, прабачце, паўаматарскае…”

(Хаменка: ) “Гэта не галоўнае. Галоўнае — даходзіць ці не даходзіць гэта да слухачоў? Ёсьць песьні, напрыклад, і цяпер у “Тузіне”, якія, на мой погляд, зусім не прафэсійныя, але яны атрымліваюць надзвычайную падтрымку. І яшчэ я паглядзеў, што адбываецца на канцэртах гэтых выканаўцаў. Сапраўды цудоўна! Таму гэта ня нам ужо вылічаць, хто гэта — прафэсіянал ці аматар? Ён дагрукаўся да твайго сэрца ці не дагрукаўся?”

(Падбярэскі: ) “На заканчэньне нашай гутаркі мушу прызнаць адно: дзякуючы “Тузіну гітоў” фанатэка Радыё Свабода значна павялічылася. Так што мне застаецца пажадаць вам яшчэ доўгіх гадоў быцьця ў сеціве і ў эфіры адпаведна, не аднаго яшчэ выніковага альбому — і каб вашыя намаганьні прыдаліся да разьвіцьця папулярных жанраў беларускай музыкі. І, калі можна кароценька, пажаданьні самім сабе на будучыню, ну хаця б на пяць гадоў…”

(Хаменка: ) “На пяць гадоў я не загадваю… Я лічу, што на бліжэйшы год ёсьць пляны, ёсьць рэклямныя кампаніі. Думаю, што і да канцэртаў справа будзе рухацца. І трэба намагацца зрабіць, каб за бліжэйшыя год-два гэты парад зрабіўся найбольш папулярным у Беларусі”.

(Будкін: ) “Я акрэсьлю агульную такую мэту на будучыню: гэта проста пазбаўляцца правінцыйнасьці”.

(Падбярэскі: ) “Ага! Значыць, па кроплі выціскаць зь сябе правінцыйнасьць…”

(Хаменка: ) “Так! І асабліва гэта тычыцца музыкаў з правінцыі. Яна хвалюцца, што яны з правінцыі. Насамрэч гэта — абсалютна нармальныя сталічныя людзі!”

(Падбярэскі: ) “Удзельнікамі чарговага выданьня праграмы “Па-за тактам” былі журналіст Сяргей Будкін і музыкант Алег Хаменка. Дзякуй вам і да сустрэчы! Спадзяюся, зробім гэта традыцыяй, і сустрэнемся яшчэ праз год.

Ужо пасьля запісу праграмы Алег Хаменка адзначыў: калі найлепшай песьняй году па вэрсіі тэлеканалу АНТ зрабілася “Чорны бумэр” у выкананьні Сярогі, дык па вэрсіі “Тузіна гітоў” перамагла песьня “Белакрылы анёл” у выкананьні групы “ZET”. Красамоўна…

У перадачы прагучалі фрагмэнты песень “Атлянтыда” ў выкананьні групы “Ультравожык” і “Выйсьце” ў выкананьні Аляксандра Памідорава і групы “IQ 48”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG