Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мілінкевіча можна толькі пашкадаваць: ён узьняўся на барацьбу зь ветракамі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Вынікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў і палітычныя пэрспэктывы Аляксандра Мілінкевіча, абранага дэлегатамі кангрэсу адзіным кандыдатам ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году — вось асноўныя тэмы большасьці лістоў, якія атрымлівае “Свабода” ў гэтыя кастрычніцкія дні.

“Адчуваецца, што Аляксандар Мілінкевіч — адукаваны і прыстойны чалавек, але ці ўсьведамляе ён, зь якой жорсткай сілай давядзецца яму сутыкнуцца? — піша Галіна Малчанава зь Ліды. — Колькі хлусьні і бруду выльюць на яго і ягоную сям’ю, якім правакацыям давядзецца супрацьстаяць, які псыхалягічны ціск вытрымаць? Зь цяжкасьцю верыцца, што гэты ціхі інтэлігентны чалавек здольны вытрымаць такое. Напэўна, адолець Лукашэнку можа толькі палітык, падобны на яго і з дапамогай ягоных жа мэтадаў. Але такіх на даляглядзе нешта не відаць. Людзі ня вераць, што гэтую ўладу можна зьмяніць з дапамогай выбараў. Усе апусьцілі рукі. І Мілінкевіча можна толькі пашкадаваць: ён узьняўся на барацьбу зь ветракамі. Гэта, можа, і высакародна, але безнадзейна”.

Час хуткаплынны, спадарыня Малчанава. І тое, што сёньня выглядае безнадзейным і марным, заўтра становіцца магчымым і рэальным. Успомніце, напрыклад, 70-я гады мінулага стагодзьдзя. Якой непахіснай, разьлічанай на стагодзьдзі выглядала камуністычная сыстэма. Тых, хто спрабаваў супрацьстаяць ёй, адстойваючы правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасьці, таксама лічылі дзівакамі, асуджанымі на паразу. Але ўрэшце пераможцамі аказаліся яны, а не сыстэма, якая дашчэнту развалілася празь дзясятак гадоў.

А гэта ж была магутная ядзерная дзяржава, якая акружыла сябе калючым дротам, кантралявала дзясяткі дробных таталітарных рэжымаў уздоўж сваіх межаў, забараняла любое іншадумства. Сёньняшняя Беларусь — невялікая краіна, аўтарытарны рэжым якой самаізаляваўся ад усяго эўрапейскага кантынэнту, але адначасова вельмі залежны ад замежных рынкаў. Тое, што гэтая выспа таталітарнай улады можа бясконца доўга існаваць сярод аб’яднанага дэмакратычнымі каштоўнасьцямі кантынэнту — вельмі сумнеўна.

Наступны ліст даслаў нам Віталь Куляшоў з Магілёва. Ён піша:

“Я адмыслова апытаў амаль усіх знаёмых, якія жывуць у нашым доме. Пра апазыцыйны кангрэс мімаходзь чуў толькі адзін чалавек з дваццаці. Але і той пра вынікі ня ведае: імя адзінага кандыдата ў прэзыдэнты назваць ня здолеў. Вось вам і адказ пра тое, ці будзе гэты кангрэс мець які-небудзь уплыў на будучыя прэзыдэнцкія выбары. Людзі ў нас палітыкай у асноўным не цікавяцца. Па тэлевізары яны глядзяць сэрыялы пра каханьне, дэтэктывы і футбол; па радыё слухаюць расейскую папсу. І з Лукашэнкам ужо ўсе зьмірыліся. Эканоміку ён на пэўным узроўні трымае, пэнсіі плаціць. Жыцьцё ў апошнія гады больш-менш стабільнае. Дык супраць чаго мітынгаваць і навошта абурацца? Гэта ж не 1991 год, калі ў крамах не было каўбасы, а па мэблю і тэлевізары запісваліся ў чэргі, у якіх трэба было стаяць гадамі. Так што апазыцыя можа наступныя пяць год адпачываць. Людзі пра яе ня ведаюць і ведаць ня хочуць”.

А ці мелі ўсе гэтыя людзі, якіх вы, спадар Куляшоў, апытвалі, магчымасьць атрымаць аб’ектыўную інфармацыю пра Кангрэс дэмакратычных сілаў? Усе беларускія тэлеканалы, якія цалкам кантралююцца дзяржавай, замест інфармаваньня пра гэтую важную ў палітычным жыцьці краіны падзею абмежаваліся прапагандай і нават не назвалі ў эфіры імя кандыдата, які перамог у выніку галасаваньня. У гэткім жа стылі асьвятлялі працу кангрэсу і ўсе дзяржаўныя газэты. FM-станцыі, якія таксама знаходзяцца пад пільным кантролем чыноўнікаў, 1 і 2 кастрычніка паведамленьні пра кангрэс увогуле не ўключылі ў выпускі навінаў…

Вядома ня ўсе людзі і не штодня цікавяцца палітыкай. І ўсё ж большасьці неабыякава, хто кіруе дзяржавай, куды яе вядзе, якім будзе заўтрашні дзень краіны. І яны маюць права, фінансуючы сваімі падаткамі дзяржаўныя мэдыі, атрымліваць аб’ектыўныя зьвесткі пра ўсё, што адбываецца ў краіне. А не бачыць на тэлеэкранах замест навінаў прапагандысцкія ролікі.

Наш даўні сябар Ільля Копыл зь Менску ў адным са сваіх апошніх лістоў на “Свабоду” выказвае нязгоду зь меркаваньнем Мікалая Воліна аб стаўленьні Зянона Пазьняка да праблемы тэрарызму і руху чачэнскага супраціву. Ліст Мікалая Воліна прагучаў у нашым эфіры 31 жніўня. У ім слухач назваў выступы Пазьняка “агрэсіўнымі і паклёпніцкімі”, якія нібыта “апраўдваюць чачэнскіх тэрарыстаў, і нават забойства імі дзяцей у Бэслане”. Ільля Копыл нагадвае, што Зянон Пазьняк ніколі не апраўдваў забойства бэсланскіх дзяцей ці тэрарыстычныя атакі на невінаватых грамадзянаў, а толькі адкрыта выступіў у абарону колішняга чачэнскага лідэра Джахара Дудаева і ўсіх чачэнцаў, якія ўдзельнічалі ў вайне з Расеяй за незалежнасьць свайго народу. А наконт вытокаў тэрарызму слухач піша:

“Тэрарызм, як і фашызм — пачварныя дзеці камуністычнай ідэалёгіі. Мы гэту антычалавечую ідэалёгію ў свой час не асудзілі, яна працягвае існаваць на абшарах СНД. А гэта — добраўгноеная глеба для росквіту тэрарызму і шматлікіх экстрэмісцкіх моладзевых груповак. І ўсё гэта адбываецца незалежна ад таго, што думае, што кажа, аб чым піша Зянон Пазьняк. Але ён у сваіх артыкулах неаднойчы папярэджваў, што існуе такая небясьпека, як тэрор, таму і сам апынуўся за мяжой. Мяне зьдзіўляюць тыя палітыкі і шараговыя грамадзяне, якія асуджаюць Пазьняка за тое, што ён жыве і працуе ў эміграцыі. Няўжо ім мала таго, што адбылося з Карпенкам, Захаранкам, Ганчаром, Клімавым, Марынічам ды іншымі?”

Сьцьвярджэньне пра камуністычную ідэалёгію як пра асноўную крыніцу тэрарызму даволі спрэчнае, спадар Копыл. Амаль усе асноўныя тэрарыстычныя цэнтры, якія ўяўляюць найбольшую пагрозу для заходняй цывілізацыі, месьцяцца сёньня ў мусульманскіх краінах і ідэйна абапіраюцца на ісламскі фундамэнталізм. Туды ж цягнуцца ніці ўсіх найбольш значных тэрарыстычных атак апошніх гадоў — на Нью-Ёрк, Мадрыд, Лёндан… Іншая рэч — рэпрэсіі дыктатарскіх рэжымаў супраць унутранай апазыцыі і ўласнага грамадзтва, якія набылі асаблівы размах менавіта пры дыктатуры камуністаў у былым Савецкім Саюзе. Але гэта іншая зьява, лічыць якую тэрарызмам у сучасным разуменьні можна хіба што ўмоўна.

Што да эміграцыі Зянона Пазьняка, то гэта, натуральна, справа ягонага ўласнага выбару. Але пакуль у Беларусі застаюцца і, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, дзейнічаюць тысячы іншых палітычных актывістаў апазыцыі, заўсёды будуць гучаць такія папрокі, зь якімі вы, спадар Копыл, не пагаджаецеся.

Наш слухач Георгі Крупскі з Полацку — чалавек паважанага ўзросту. Пра сябе ён паведамляе, што 32 гады быў санітарным лекарам, ужо даўно на пэнсіі, але хоча працаваць. А вось работы яму ў мясцовым цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі, дзе ён працаваў да пэнсіі, мясцовыя чыноўнікі не даюць.

“Я разумею, што такое кантракт, але спадзяюся на сумленьне і маральныя якасьці сваіх калегаў. Упэўнены, што гадоў пяць-дзесяць я буду працаваць ня горш за іншых. Мой дэвіз — жыць да 150 гадоў. “Сьмерць раней за 150 год — гэта гвалтоўная сьмерць”, — сказаў у свой час вялікі Мечнікаў. Я яго падтрымліваю. За што мяне так пакаралі? Можа, за тое, што з 12-гадовага ўзросту працаваў без аплаты ў калгасе? Ці за трохгадовую працу на шахце ў Данбасе? Ці за тое, што двойчы быў пад расстрэлам падчас нямецкай акупацыі, як партызан? А можа, за актыўнае кіраўніцтва ў справе збору подпісаў за Лукашэнку падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году? Нідзе для мяне няма месца. Знайшлося ў свой час толькі ў Чарнобылі — для мяне і маёй цяжарнай жонкі. Ні з аднаго ўрача ў рэспубліцы так ня зьдзекуюцца, як зь мяне. Гэта як пры акупацыі.

Сёньня працуюць усе ахвочыя, але свае. Прытым, ня толькі лекары-пэнсіянэры, але нават далёкія ад прафэсіі санітарнага лекара — вэтэрынары, біёлягі з завочнай адукацыяй, санлекары зь нізкай кваліфікацыяй. А мне месца няма. Гэта ж дыскрымінацыя — пах нацыяналізму. Па-іншаму гэта не назваць”.

Разам зь лістом слухач даслаў цэлую кіпу розных дакумэнтаў — у асноўным гэта адказы афіцыйных асобаў, у якіх у прыёме на працу заяўніку адмаўляюць, спасылаючыся на адсутнасьць вакансіяў. Мяркуючы па выкладзеных ў лісьце фрагмэнтах біяграфіі (гэта, у прыватнасьці, згадка пра партызанскае мінулае) вам, спадар Крупскі, ужо даўно за семдзесят. Вядома, гэта вялізны жыцьцёвы і прафэсійны досьвед. Але для кожнага рана ці позна надыходзіць момант, калі трэба саступаць дарогу маладым. Тым больш, у такой далікатнай сфэры, як мэдыцына, дзе патрэбны і добрая памяць, і цьвёрдая рука.

Жыць да 150 гадоў — выдатны дэвіз. Дай вам Бог на гэта здароўя і сілаў. Тым больш, што такі ж дэвіз быў, як вы згадваеце ў сваім лісьце, і ў вялікага фізіёляга, нобэлеўскага ляўрэата Ільлі Мечнікава. Але сам гэты расейскі навуковец пражыў, на жаль, толькі 71 год. Многія людзі сталага веку, маючы шмат сілаў і вялікі досьвед, знаходзяць сабе занятак у грамадзкіх справах. Можа, і вам, спадар Крупскі, скіраваць на гэта ўвагу. Тым больш, што, мяркуючы па дасланых дакумэнтах, вы маеце шмат ідэяў у справе паляпшэньня экалягічнага становішча вашага роднага Полацку.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG