Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 10 кастрычніка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 10 кастрычніка.

“Жыцьцё беларуса”, 1925 год:

“7.Х. сёл.г. па пятай лекцыі ў Віл. Беларускай гімназіі вучні 7-ае і 1-ае клясы не маглі ўвайсьці з перамены ў свае клясы, бо паліцыянт №966 падпёр дзьверы і ня пушчаў вучняў у клясу. На запытаньне адміністрацыі Гімназіі, чаму гэтак ён робіць, і каб паказаў ардэр, паліцыянт ордэру не паказаў і адмовіўся даць інфармацыі. Праз мінут 15 зьявіўся п.Олэнскі, заступнік шэф-дэфэнзывы з пару дзесяткамі шпікоў і пачаў рабіць вобыск памешканьня Гімназіі і кішанёў вучняў. Адначасна шэсьць шпікоў рэвідавала інтэрнат і прытулак, шукаючы выбуховых матэрыялаў у кніжках і сшыткох дзяцей”.

“Камуніст”, 1935 год. Пастанова ЦК КП(б)Б і СНК БССР:

“1. З 14 кастрычніка правесці ва ўсіх раёнах Дзень ураджаю, як свята магутнага ўздыму ўсёй сельскай гаспадаркі. 2. Да свята Дня ўраджаю арганізаваць ва ўсіх раёнах сельскагаспадарчыя выстаўкі, на якіх адлюстраваць дасягненні калгасаў і соўгасаў раёна ў барацьбе за соцыялістычны ўраджай, за ўздым жывёлагадоўлі і механізацыі соцыялістычнага земляробства, узрост культурнасці і заможнасці калгаснікаў”.

“Звязда”, 1945 год:

“Рашэнне партыі і ўраду патрабуе, каб пры кожным двары калгасніка на прысядзібным участку быў невялічкі сад з 15—20 пладовых дрэў, каб рабочы і служачы, які мае прысядзібны ўчастак зямлі, меў 5—10 пладовых дрэў і 30—40 ягадных кустоў. Разам з гэтым Совет Народных Камісараў БССР і ЦК КП(б) Беларусі лічаць неабходным, каб сады ў паўтара-два гектары былі закладзены пры ўсіх вясковых школах, дзіцячых садах, пры больніцах і іншых грамадскіх і дзяржаўных установах”.
XS
SM
MD
LG