Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гомель: 18% апытаных школьнікаў спажываюць наркотыкі


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня паводле ініцыятывы Гомельскага абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі ў горадзе распачынаецца чатырохдзённая акцыя здароўя: “Моладзь Гомельшчыны супраць залежнасьцяў”.

У абласным цэнтры гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя сьцьвярджаюць, што апошнім часам здароўе падлеткаў, маладых юнакоў і дзяўчат заўважна пагаршаецца. Таму шмат прычынаў. Ня лепшым самаадчуваньнем вызначаюцца бацькі, што, канечне, адбіваецца на нашчадках. Да таго ж у дзяцей надзвычай вялікія школьныя нагрузкі. Плюс складаная экалягічная сытуацыя, абумоўленая ў тым ліку і Чарнобыльскай катастрофай.

Зь іншага боку, значная частка маладых людзей вядзе такое жыцьцё, якое не спрыяе ўмацаваньню здароўя. Узьнік нават такі тэрмін – “хваробы паводзінаў”. Маецца на ўвазе пашырэньне шкодных звычак. Распавядае супрацоўніца аддзелу грамадзкага здароўя абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Алена Брыч:

(Брыч, па-расейску: ) “Падлеткі спажываюць наркотыкі, спажываюць сьпіртовыя напоі і кураць. Статыстычныя зьвесткі катастрафічныя. Паводле сацыялягічнага апытаньня, практычна ўсе яны кураць, многія спажывалі наркатычныя рэчывы”.

Адмыслоўцы цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі правялі ананімнае апытаньне сярод дзьвюх сотняў старшаклясьнікаў Гомеля. Выявілася, што 68% рэспандэнтаў спажываюць алькаголь. Падлеткам да спадобы піва, гарэлка, кактэйлі, самагон.

18% апытаных школьнікаў спажываюць наркотыкі, 28% – кураць.

Статыстыка сапраўды трывожная. З набліжэньнем вечару, асабліва ў цёплае надвор''е, сотні маладых людзей запаўняюць гарадзкія сквэры і паркі. У большасьці ў руках цыгарэты, піва, а часам і больш моцныя напоі. На выходных у гарадзкім сквэры я гутарыў з трыма навучэнцамі каледжу мастацтваў, якія курылі і пілі піва. Адзін зь іх гаворыць:

(Навучэнец, па-расейску: ) “Я куру ў пэўныя моманты. Цяпер у нас канцэрт, і мы вырашылі “адцягнуцца” па поўнай праграме. Мы ўзялі піва і зараз яшчэ возьмем. І вось цыгарэтку закурылі. Калі старыя сябры сустракаюцца, алькаголь як бы і не патрэбны. Але спрацоўвае нейкі рэфлекс. Можа, алькаголь як бы выклікае прыхільнасьць”.

Непадалёку ад навучэнцаў каледжу мастацтваў на лаўцы сядзела маладая пара, таксама зь півам ды цыгарэтамі. Хлапец размаўляць адмовіўся, а дзяўчына пагадзіла адказаць на колькі пытаньняў:

(Дзяўчына, па-беларуску: ) “Я сяджу і куру і п''ю піва”.

(Карэспандэнт: ) “Дзеля чаго вы п''яце ды курыце? ”

(Дзяўчына:) “А не для чаго, а так. Каб весялей жыцьцё было” (сьмяецца)

(Карэспандэнт: ) “Чаму моладзь спажывае і піва, і цыгарэты, і гарэлку, як вы думаеце?”

(Дзяўчына: ) “Таму што ня ведаюць, што можна рабіць увечары, калі яны праводзяць свой вольны час. Таму сядзяць і п''юць. Ну ня бачаць у чымсьці іншым сэнсу жыцьця і шукаюць што-небудзь у гарэлцы ці ў тых жа наркотыках.”

Так вось дзяўчына патлумачыла схільнасьць моладзі да сьпіртовых напояў, цыгарэт і наркотыкаў. Дарэчы, арганізатары акцыі “Моладзь супраць залежнасьцяў” зьбіраюцца накіраваць у школы і навучальныя ўстановы шматлікіх валанцёраў з тым, каб данесьці да маладых людзей інфармацыю пра фармаваньне залежнасьці ад тытуню, алькаголю, псыхатропных рэчываў. І сказаць маладым, што найлепшы спосаб пазбавіцца ад залежнасьці – не пачынаць экспэрымэнтаў над сабою.
XS
SM
MD
LG