Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У зьліквідаваным уладамі ліцэі пачаўся навучальны год


Любоў Лунёва, Менск Калектыў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа пачаў навучальны год. Больш за два гады пасьля таго, як Міністэрства адукацыі ліквідавала яго, ліцэй працягвае дзейнічаць. У колішнім будынку ліцэю, адабраным уладамі, пачаўся рамонт. Там плянуюць разьмясьціць суд Цэнтральнага раёну Менску.

Ліцэісты на працягу двух летніх месяцаў, калі іхныя раўналеткі былі на вакацыях, вучыліся ў Польшчы. Напрыканцы жніўня яны пасьпяхова здалі тэсты, і адміністрацыя вырашыла даць ім магчымасьць адпачыць у верасьні. Гаворыць вучаніца чацьвертага курсу Таня Андрусовіч:

(Андрусовіч: ) “Вось мы нарэшце сустрэліся пасьля вакацыяў. Я вельмі рада, што мы зноў сабраліся разам і што пачаўся навучальны год. Ёсьць шмат пэрспэктываў, і мы мусім шмат чаго зрабіць”.

Ліцэй за час існаваньня ў новых умовах падрыхтаваў два выпускі ліцэістаў. Усе яны паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Беларусі і ў замежжы. Старшакурсьнікі лічаць неабходным для сябе захаваць традыцыю ліцэю, калі навучэнцы паміж сабой на перапынках размаўляюць выключна па-беларуску і вырашаюць свае ўнутраныя пытаньні на паседжаньнях камітэту самакіраваньня. Гаворыць Яўген Воўк:

(Воўк: ) “Гэты год будзе вельмі адказны, бо ён ёсьць лёсавырашальным. За намі шмат чаго стаіць. Мы мусім выбраць свой далейшы шлях у жыцьці, таму мусім парупіцца і вельмі пільна папрацаваць сёлета. У нас вельмі адказная роля — мы мусім быць своеасаблівым узорам для нашых малых першакурсьнікаў. Трэба рабіць усё годна і спраўна. Улічваючы, што некаторыя зь іх прыйшлі з расейскамоўнага асяродзьдзя з простых школ, мы павінны ўзьняць іх на ліцэйскую вышыню і дапамагчы ім ва ўсім”.

Выкладчыкі і бацькі ліцэістаў паклапаціліся аб тым, каб дзеці мелі ўсе неабходныя падручнікі і абсталяваньне. Але, як паведаміў Лявон Баршчэўскі, ёсьць некаторыя праблемы, у прыватнасьці, адчуваецца недахоп мэблі.

(Баршчэўскі: ) “Ліцэй паляпшае свае магчымасьці. Наконт падручнікаў і праграмаў выкладчыкаў у нас праблемаў няма. Але ў сувязі з новымі ўмовамі мы шукаем цяпер мэблю. Пакуль ёсьць праблема, але мы вырашым яе ў найбліжэйшыя дні. У нас у ліцэі даволі эфэктыўна працуе “Эўрапейскі клюб”. Ён неблага прэзэнтаваў сябе ў часе побыту ў Польшчы. Спадзяемся, што гэтая структура і іншыя, якія ў нас ёсьць, будуць удзельнічаць у конкурсах, у тым ліку міжнародных, і заваёўваць там прызавыя месцы, як гэта было й летась”.

Летась навучальнаму працэсу ня раз перашкаджалі міліцыянты. Яны прыходзілі на кватэру, якую арандаваў Віктар Савіцкі для заняткаў ліцэістаў. Міліцыянты складалі пратаколы, а адміністрацыйная камісія Савецкага райвыканкаму штрафавала бацьку ліцэісткі за карыстаньне жытлом не па прызначэньні. Сёлета ад кватэры адмовіліся. Захоўваецца практыка кансультацыяў на кватэрах выкладчыкаў. Асабліва гэта тычыцца старшакурсьнікаў, якія валодаюць мэтодыкай самастойнай працы. Навучэнцаў першага і другога курсаў неабходна зьбіраць разам. Дзеля гэтага ліцэй будзе і надалей карыстацца дапамогай замежных партнэраў. Гаворыць дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас:

(Колас:) “Безумоўна, мы імкнемся як мага больш часу праводзіць тут у пляне засяроджанасьці вучняў і ў пляне нармальнай вучобы. Але ж навучальны працэс патрабуе адпаведных умоваў, базы, а ў нашых умовах у нас такой базы няма. Мы шукаем магчымасьці прадаставіць нашым навучэнцам памяшканьне, лябараторыі, абсталяваныя клясы. З гэтай нагоды мы працягваем кантакты зь Літвой, з Польшчай ды зь іншымі краінамі. Існуе праблема выезду і нам будзе ўсё цяжэй і цяжэй. Надзею ўсяляе скансалідаванасьць ліцэістаў, іх бацькоў і выкладчыкаў”.

Першакурсьнікі, якія прызвычаіліся штодня хадзіць на заняткі ў школу, спакойна адрэагавалі на тое, што вучыцца давядзецца ў незвычайных умовах. Іх бацькі запэўнілі Радыё Свабода, што за два месяцы вучобы ў Польшчы дзеці цалкам адаптаваліся.
XS
SM
MD
LG