Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія шавіністы мітытынгавалі ў Менску


Севярын Квяткоўскі, Менск Сябры нацыянал-бальшавіцкай партыі разам з прадстаўнікамі іншых груповак зладзілі на пляцы Бангалор санкцыяваны ўладамі мітынг. 9 кастрычніка мітынгоўцы пратэставалі супраць разьвіцьця капіталізму. Над прысутнымі луналі сьцягі нацыянал-бальшавікоў, сьцяг СССР і сучасныя сьцягі Рэспублікі Беларусь.

Сьцяг нацыянал-бальшавікоў (нацболаў) нагадвае сымболіку нацыстаў: на чырвоным полі белае кола, толькі замест чорнай свастыкі -- чорныя серп і молат. На пляцы Бангалор нацболы скандавалі свой лёзунг, які яны называюць малітвай:

(Галасы:) "...Пусть моя кровь вольётся в кровь партии. Пусть мы станем единым телом. Да, смерть, да, смерть, да, смерть!.."

Нацболы ў Беларусі афіцыйна не зарэгістраваныя. Сярод сваіх задач беларускія нацыянал-бальшавікі бачаць стварэньне на тэрыторыі былога СССР сацыяльна арыентаванай новай дзяржавы. А таксама нацболаў вельмі турбуе нацыянальнае пытаньне:

(Бойка:) "Ну, абарона ўсіх расейцаў, на ўсіх тэрыторыях, дзе б яны не знаходзіліся. То бок, мы за расейскі народ, і адчуваем сілу яднаньня духу".

Патлумачыў удзельнік мітынгу, які назваўся Яўгенам Бойкам.

Разам з нацболамі групаваліся прадстаўнікі радыкальнай арганізацыі вядомай у Расеі як "Авангард красной молодёжи" (АКМ). На сваім сайце АКМаўцы сярод іншага пракамантавалі нядаўні Кангрэс дэмакратычных сілаў з выкарыстоўваньнем грубай лаянкі. Як і нацыянал-бальшавікі, АКМаўцы таксама стаяць на экстрэмісцкіх пазыцыях.

Чаму падобныя арганізацыі адкрыта з дазволу ўладаў ладзяць у Менску свае акцыі? Сытуацыю камэнтуе палітоляг і юрыст Юры Чавусаў: (Чавусаў:) "Такія выпадкі паказваюць, што ўмовы для разьвіцьця такога экстрэмізму зьяўляюцца, калі гэтаму спрыяе нашая дзяржаўная ўлада. На мой погляд, у дадзеным выпадку штучна ствараюцца асяродкі экстрэмісцкай ідэалёгіі".

У якасьці прыкладу Юры Чавусаў нагадаў сюжэт пра АКМ, які напаряэдадні 9 траўня дэманстраваўся па дзяржаўнай тэлевізіі:

(Чавусаў:) "Рэпартаж пра гэтую арганізацыю быў вельмі станоўчы, зь пералічэньнем імёнаў, кіраўнікоў, хаця такая арганізацыя ў Беларусі не зарэгістраваная. Падалі заяву ў Белдзяржтэлерадыёкампанію з просьбай растлумачыць чаму яны распаўсюджваюць зьвесткі ад імя гэтай арганізацыі. Адказу мы не атрымалі".

У часе мітынгу на пляцы Бангалор 9 кастрычніка адзін з нацболаў паабяцаў, што ў бліжэйшы час будуць іншыя падобныя акцыі.
XS
SM
MD
LG