Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмяцяр, рамонтнік і лесаруб: як жывуць беларускія палітхімікі?


Севярын Квяткоўскі, Менск Сацыял-дэмакрат Мікола Статкевіч адзначае татальны кантроль сваёй асобы, лідэр незарэгістраванага "Маладога Фронту" Павал Севярынец пазбаўлены сучасных сродкаў сувязі, а актывіст Аб''яднанай Грамадзянскай партыі Андрэй Клімаў насалоджваецца спакоем. Усе трох сёлета атрымалі прысуд да абмежаваньня волі ва установах, што ў народзе завуцца "хіміяй".

Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца і Андрэя Клімава розьняць умовы ўтрыманьня пад наглядам, але аб''ядноўвае тое, што усе тры палітыкі пішуць уласныя творы.

Андрэй Клімаў параўноўвае "хімію" з турмой, у параўнаньні зь якой цяперашняе абмежаваньне свабоды палітыку падаецца "курортам":

(Клімаў: ) "У мяне пастаянна вольны час: месьці - гэта адно задавальненьне. Лісьце сабраць - гэта хвілін дзесяць. Чытаю газэты і кнігі. "Лісты да Філіцыі" Кафкі, Зігмунт Фройд "Анталёгія жарту", Шпэнглера "Заход Эўропы", Карл фон Клаўзевіц "Пра вайну", "Японскую мову" (так, дзеля цікавасьці малюю герогліфы), зборнік вядомых рэчаў Караткевіча узяў, і працую над сваімі кнігамі.

У мяне ў праекце тры кніжкі. Адна зь іх на маю любімую тэму рэвалюцыі - разьвіваю. Другая тэма - пра нацыянальнае пытаньне. Трэцяя будзе мець назву Крупкі-2, так завецца гарадзкі пасёлак, дзе я цяпер знаходжуся, будуць такія мае філязофскія замалёўкі...

Зь кімсьці ужо давялося пабіцца, зь кімсьці мы вельмі пасябравалі, сваё кола вызначылася. Чалавек 20-30 з трохсот. Мы ў тэніс разам гуляем, у більярд, у шахматы, у кіно разам ходзім. Яны цягнуцца да мяне: набіраюцца таго, што ім не атрымалася узяць у сям''і, ад бацькі ці маці".

Павал Севярынец рубіць і штабэлюе лес на станцыі Алёшына. На мяжы Беларусі з Расеяй, там, дзе не бярэцца аніякая мабільная сувязь, і максымальна абмежаванае карыстаньне стацыянарным тэлефонам. Але пра жыцьцё сына на "хіміі" нам распавядае маці Паўла Севярынца спадарыня Тацяна :

(Тацяна Севярынец: ) "Я тут у яго як сувязная. Я яму тэлефаную на станцыю Алеша, дзе ён працуе, на склад. Ён мне дае нейкія заданьні, а я іх потым выконваю.

Ён такія расказваў рэчы, якія вельмі яго уразілі. Напрыклад, калі яны абедалі ў мясцовай алёшынскай сталоўцы, яны пабачылі дзяўчынку зь сямі, дзе чацьвёра дзетак, бацька зьнік, а маці п''Е. І маленькая дзяўчынка працягвае паварысе сто пяцьдзесят рублёў, і кажа, маўляў, гэта маці мне дала, каб вы мяне пакармілі. Паша кажа, шыбанула ажно ў сьлязу. І Паша, і рабочыя сказалі паварысе, маўляў, ад нас адбяры, аддай гэтаму дзіцяці. Бо ў саміх грошай няма, бо вылічваюць з заробку.

Павал увесь час у працы. Ён працуе шмат над сваёй новай кнігай. Ён шмат піша адказаў на шматлікія лісты. Гутарыць зь мясцовымі жыхарамі, калі узьнікаюць прынцыповыя пытаньні. Да яго ужо прыслухоўваюцца. Як я ведаю, у яго склаўся добры аўтарытэт.

Тут яшчэ адна бяда: Паша сказаў, што да яго прыходзяць ускрытыя лісты. І ягоныя лісты ня усе даходзяць па адрасах".

Спадарыня Тацяна Севярынец перакананая, што для яе сына Паўла спэцыяльна выбралі такую "хімію", дзе няма тэлефоннай сувязі. Бо ў сучасным сьвеце для дзейнага і камунікатыўнага чалавека адсутнасьць тэлефону вялікая перашкода. Тым ня менш, жыцьцё Паўла Севярынца на "хіміі" выглядае больш-менш спарадкаваным, і правілы гульні улады з палітыкам зразумелымі.

У адрозьненьне ад Паўла Севярынца, сядзелец баранавіцкай "хіміі" Мікола Статкевіч мае добрую мабільную сувязь. Але палітык апынуўся ў сытуацыі, калі увесь невялікі вольны час падроблены на кавалкі. Думкі Міколы Статкевіча ў вялікай ступені скіраваныя на татальны кантроль да сваёй асобы, які ён спрабуе калі не пераадолець, дык хаця б патлумачыць:

(Статкевіч: ) "Мяне больш, чым на тры гадзіны з-пад кантролю не выпускаюць. Зранку мяне на працы правяраюць абавязкова, звычайна розныя афіцэры з адміністрацыі. Яны чулі мае тэлефонныя перамовы зь Мілінкевічам. Яны ведаюць, што ён хацеў да мяне заехаць, таму зараз нагляд вельмі пільны. Калі я сыходжу на некалькі гадзінаў да бацькі, то я ведаю, што абавязкова прыйдзе які-небудзь маёр да бацькі, і праверыць ці знаходжуся я на месцы. Іх проста напалохалі. Мэта гэтага кантролю - вылавіць. Бо тут правілы такія. Калі ёсьць парушэньні, два парушэньня, то цябе могуць папярэдзіць, што ў выпадку наступнага парушэньня мера пакараньня можа быць зьмененая на пазбаўленьне волі.

Я дастаткова шмат напісаў матэрыялаў, я напісаў аналітычны артыкул, і рыхтую артыкул пра этычныя аспекты супраціву".
XS
SM
MD
LG