Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папярэднія вынікі выбараў у Польшчы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Учора палякі галасавалі ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле папярэдніх дадзеных, як і чакалася раней, у другі тур выйшлі два палітыкі –Дональд Туск і Лех Качыньскі.

Напярэдадні нядзельнага галасаваньня некаторыя назіральнікі казалі, што ёсьць яшчэ магчымасьць, што выбары скончацца ў першым туры перамогай лідэра лібэральнай партыі “Грамадязнская плятформа” Дональда Туска, аднак ён атрымаў толькі і аж каля 39% выбаршчыкаў – гэтага хапіла, каб апынуцца на першым месцы. За мэра Варшавы і кандыдата ад правацэнтрыстаў з партыі “Закон і справядлівасьць” прагаласавалі крыху больш 32% палякаў. Рэшта кандадатаў, а агулам іх было 14, значна адстаюць ад лідэраў.

Пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў выбараў пераможца першага туру Дональд Туск заявіў:

(Туск: ) “Гэта перамога мільёнаў палякаў, якія вераць, што Польшча можа быць і свабоднай і адначасова салідарнай, што можна, зь верай у краіну і ў нас усіх, будаваць лепшую будучыню. Гэта перамога ўсіх тых, хто верыць, што прэзыдэнцкія выбары можна выйграць застаючыся добрым чалавекам”.

Між тым Лех Качыньскі выказаў упэўненасьць, што гэта ён пераможа ў другім туры, а гэта значыць, што пераможа канцэпцыя салідарнай краіны і канцэпцыя рэальных, а ня толькі павярхоўных рэформаў у польскай дзяржаве.

Адметна, што за Дональда Туска галасавалі пераважна жыхары вялікіх гарадоў, людзі больш адукаваныя і моладзь.

Паводле папярэдніх дадзеных, у выбарах узяў удзел толькі кожны другі паляк, які мае права голасу – гэта найбольш нізкая яўка ў прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы ад 1990 году. Што пра гэта кажуць адмыслоўцы?

Напрыклад учора ўвечары у інтэрвію для польскага тэлебачаньня былы прэзыдэнт Лех Валэнса не хаваў разчараваньня ды казаў, што калі ён змагаўся за дэмакратыю, дык меркаваў, што ягоныя землякі больш актыўна будуць з гэтай дэмакратыі карытсацца. Між тым шэраг адмыслоўцаў кажуць, што драматызаваць сытуацыю ня варта. Сярод іх сацыёляг Рышард Пянькоўскі:

(Пянькоўскі: ) “Калі ў Польшчы ў другім туры будуць галасаваць таксама 50% выбаршчыкаў, а кандыдаты і надалей захаваюць больш-менш падобную падтрымку, то наступны прэзыдэнт будзе мець мандат чвэрці палякаў, якія маюць права голасу. Дакладна такой колькасьцю галасоў абіраецца і прэзыдэнт супрэрдзяржавы – ЗША, так што нельга казаць пра нейкую пагрозу для дэмакратыі ў Польшчы”.

Некаторыя мяркуюць таксама, што жыцьцё значнай часткі палякаў апошнім часам стабілізавалася і пакрысе паляпшаецца, амасава грамадзяне ідуць на выбарчыя ўчасткі пераважна ў выпадках, калі хочуць радыкальных зьменаў у краіне.

Паводле папярэдніх дадзеных, адно з двух ваяводзтваў, дзе пераможца першага туру выбараў Дональд Туск меў найгоршы вынік, гэтая як раз Падляшскае ваяводзтва са сталіцай у Беластоку. Там перамог Лех Качыньскі. Тут варта адзначыць, што калі паглядзець на вынікі выбараў у Польшчы ад 90-х гадоў, дык краіна заўсёды выразна падлзяляецца на дзьве паловы, як цяпер – захад за Туска, усход за Качыньскага. Прычым мяжа гэтага падзелу амаль дакладна праходзіць па мяжы колішняга падзелу Польшчы паміж Расейскай і Аўстра-Вугорскай імпэрыямі.
XS
SM
MD
LG