Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слуцку завяршыліся “Дажынкі”


Севярын Квяткоўскі, Слуцк Галоўнай падзеяй 8 кастрычніка стаўся выступ Аляксандра Лукашэнкі на цэнтральным пляцы гораду. Прэзыдэнт віншаваў прызёраў сельскагаспадарчых спаборніцтваў. Перад тым спадар Лукашэнка адкрыў мастацкую галерэю, што месьціцца ў будынку колішняга дзіцячага садка недалёк ад цэнтральнай плошчы.

(Голас з натоўпу:) "Аляксандар Рыгоравіч, прывітаньне! Ад беларускага народу, ад случан!"

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў сваё адмысловае стаўленьне да “Дажынак”:

(Лукашэнка:) "Паважаныя ўдзельнікі і госьці нашага вялікага сьвята. Шаноўныя суайчыньнікі! надыйшоў самы доўгачаканы ў гэтым годзе дзень. Дзень, які я, як галава дзяржавы, вельмі чакаў.

На другі дзень “Дажынак” пляцоўка перад сцэнай зьмянілася. Арганізатары прыбралі мэталічную агароджу вышынёй на чалавечы рост. Плот аддзяляў сядзеньні для спэцыяльна запрошаных гасьцей ад астатняй публікі. Яшчэ адно адрозьненьне ад папярэдняга дня “Дажынак” – адсутнасьць гарэлкі на століках, што стаяць уздоўж цэнтральнай вуліцы Слуцку – вуліцы Леніна.

У часе выступу Аляксандра Лукашэнкі сабраўся цэлы пляц людзей. Прыблізна такая ж колькасьць случакоў працягвала шпацыр па кірмашы, які віраваў на вуліцы Леніна.

Тых, хто слухаў выступ прэзыдэнта, можна падзяліць на тры катэгорыі. Першая – пашыхтаваныя школьнікі і настаўнікі, якім загадалі махаць чырвона-зялёнымі сьцяжкамі. З прысутных далёка ня ўсе дзеці з энтузіязмам паставіліся да магчымасьці ўдзельнічаць у падобных мерапрыемствах:

(Хлопчык:) "Не хачу. Нецікава. Зараз прыедзе прэзыдэнт, пагляджу, і паедзем катацца".

Другая катэгорыя глядачоў выступу Аляксандра Лукашэнкі – цікаўныя, якія не затрымліваліся на доўгі час перад сцэнай. І нарэшце, трэцяя катэгорыя – шчырыя прыхільнікі Першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

(Пэнсіянэр:) "Прэзыдэнт увесь час клапоціцца пра нас. Робіць усё, каб даць нам і працу, і добрае годнае жыцьцё".

Зрэшты, 8 кастрычніка ў Слуцку можна было сустрэць людзей, якія скептычна ставяцца да далейшага прэзыдэнцтва спадара Лукашэнкі:

(Сталы спадар:) "Трэба пашкадаваць "бацьку", хай ён адпачне, хай іншы пабудзе".

“Дажынкі-2005” у Слуцку скончыліся вялікім канцэртам афіцыйных поп-зорак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG