Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянская архітэктура на Беларусі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага (Эфір 6 кастрычніка 2005 году) Удзельнічае архітэктар Вадзім Гліньнік

(Вячаслаў Ракіцкі): “Вядома, што Італія – калыска клясычнай архітэктуры, захавальніца будаўнічых традыцыяў антычнай эпохі. Стагодзьдзямі італьянцы імпартуюць сваю архітэктурную прадукцыю па усім сьвеце. Ці не прыніжае гэта будаўнічыя дасягненьні краінаў, якія ня маюць у сваіх межах архітэктурных помнікаў антычнасьці? Да прыкладу, Беларусь?”

(Вадзім Гліньнік): “Усё залежыць ад пункту гледзішча. Калі гісторыю эўрапейскай архітэктуры падмяняць простай сумай архітэктурных гісторый нацыянальных дзяржаў, дык на пытаньне “Чый карлік большы?” адказу ня будзе. Але канцэпцыя адзінай Эўропы дазваляе адказаць на пытаньне проста і ясна. У Сярэднявеччы межы Эўропы супадалі зь межамі хрысьціянскіх краінаў. Да канца 18-га стагодзьдзя тэрмін “Эўропа” быў і, па-сутнасьці, ёсьць і зараз сынонімам “хрысьціянскага сьвету”. І ў гэтага нашага эўрапейскага дому былі і ёсьць агульныя культурныя цэнтры. Адным з такіх цэнтраў быў Рым і ўвогуле -- Італія. Беларусь ад веку разьвівалася як краіна хрысьціянская, хоць і аддаленая ад асноўных цэнтраў эўрапейскай цывілізацыі. Іншымі словамі, беларусы, як і іншыя эўрапейцы, маюць права на італьянскую архітэктурную спадчыну. Як, зрэшты, і на спадчыну іншых цэнтраў эўрапейскай цывілізацыі – ад Канстантынопалю да Парыжу.”

(Ракіцкі): “Усю гісторыю “высокай” (элітарнай) эўрапейскай архітэктуры можна выявіць як чаргаваньне клясыцызму і неклясыцызму – праз некалькі стагодзьдзяў пасьля разбурэньня Рыму барбарамі палітычныя спробы аднавіць славу разбуранай імпэрыі паклікалі да зьяўленьня архітэктуры і мастацтва, вядомых сёньня пад назвай “Каралінгскі рэнэсанс”. На зьмену готыкі прыйшоў уласна рэнэсанс. Барока зьмяніў клясыцызм. У архітэктуры ХХ стагодзьдзя авангардныя плыні 20-х гадоў загінулі пад ціскам клясыцысцкай архітэктуры часоў Гітлера і Сталіна. Пасьляваенны мадэрнізм трываў да 1980-х гадоў, пакуль постмадэрнісцкая эстэтыка зноў не зьвярнулася да вартасьцяў клясычнай архітэктуры. Вядома, што верхнія плясты эўрапейскай культуры маюць прынцыпова наднацыянальны, агульнаэўрапейскі характар, які абапіраецца на падваліны хрысьціянства і грэка-рымскай антычнасьці. А ці ўплывалі італьянскія ўзоры на нізавыя формы будаўніцтва, на прадукцыю гарадзкіх цэхаў і сельскае дойлідзтва?”

(Гліньнік): “Тысячагадовая гісторыя элітарнай архітэктуры на Беларусі – гэта гісторыя разьвіцьця грэка-рымскай будаўнічай традыцыі ў нашай частцы Эўропы. Натуральна, што Рым разам з Канстантынопалем ляжаць ля вытокаў гэтай традыцыі. Што да беларускіх гарадзкіх цэхаў, дык пытаньне ўдзелу ў іх італьянскіх майстроў ня вельмі дасьледавана. Практыка суседніх земляў даводзіць, што на схіле Сярэднявечча, калі пачалі паўставаць цэхавыя формы аб’яднаньня рамесьнікаў будаўнічых спэцыяльнасьцяў, італьянцы працавалі ў гарадзкіх варштатах побач зь мясцовымі майстрамі, як гэта было ў Любліне ці Львове. А вось зважаючы на архаічны і кансэрватыўны характар народнага дойлідзтва ўплыў Італіі на сельскае будаўніцтва заўжды быў не вялікі і апасродкаваны.”

(Ракіцкі): “Калі зірнуць на тысячагадовую гісторыю архітэктуры на Беларусі, у якія пэрыяд дачыненьні з Італіяй былі найбольш плённыя?”

(Гліньнік): “Найбольш плённымі нашы кантакты зь Італіяй былі ў 16-18 стагодзьдзях у часы Рэчы Паспалітай. У часы Расейскай імпэрыі, жывыя кантакты зь італьянскімі майстрамі паступова зьмяншаюцца, а ў часы Савецкага Саюзу наогул гвалтоўна перапыняюцца, але ўплыў італьянскай архітэктурнай тэорыі павялічваецца праз кнігі і клясычную адукацыю. Папросту зьмяняецца мэханізм уплыву, або, дакладней, – мэханізм асвойваньня намі дасягненьняў італьянскай архітэктуры.”

(Ракіцкі): “Давайце пагаворым пра гэтыя мэханізмы. Якім чынам адбываліся ўплывы італьянскай архітэктуры на Беларусь?”

(Гліньнік): “Некалькімі шляхамі. Папулярнасьці італьянскай архітэктуры спрыялі вандроўкі беларусаў у Італію, у тым ліку, і пілігрымкі ў Апостальскую сталіцу. У 16-18-м стагодзьдзях італьянскія будаўнікі і архітэктары прыяжджалі да нас у пошуках заробку. Іх запрашалі сюды мясцовыя заказчыкі – вялікі князь, магнаты і касьцельныя ўлады. Ад 18-га стагодзьдзя тутэйшыя архітэктары езьдзілі ў Італію па адукацыю, і італьянцы ж прыяжджалі на Беларусь вучыць архітэктуры. У беларускіх бібліятэках ад 16-га стагодзьдзя фіксуецца наяўнасьць італьянскіх кніг па архітэктуры – трактаты Вітрувія, Паладыё, Серліё і іншыя. Ад пачатку выкладаньня архітэктуры ў беларускіх унівэрсытэтах у 18-м стагодзьдзі і да нашага часу паводле гэтых трактатаў пачаткам прафэсіі вучыліся ўсе выхаванцы профільных катэдраў. Асобна належыць аднатаваць такую з’яву, як міграцыя вобразаў італьянскай архітэктуры, што характэрная ад 16-га да сярэдзіны 20-га стагодзьдзя.”

(Ракіцкі): “Што маецца на ўвазе пад міграцыяй архітэктурных вобразаў?”

(Гліньнік): “Некаторыя архітэктурныя творы з розных прычынаў набывалі такую папулярнасьць, што пачыналі сьвядома адбівацца ў вобразах іншых будынкаў і нават капіявацца. Варта параўнаць першую езуіцкую сьвятыню Рыма Іль-Джэзу і нясьвіскі фарны касьцёл, стораны Бернардоні. Наогул, у аснове хрысьціянскай архітэктуры Беларусі эпохі барока ляжаць італьянскія, найперш, рымскія ўзоры. А для таго, каб азнаёміцца з архітэктурай італьянскага рэнэсанснага гораду можна і ў Італію ня езьдзіць, досыць пагуляць па галоўнай вуліцы паваеннага Менску – праспэкце Францішка Скарыны. Што да сакральнай архітэктуры, дык, да прыкладу, архітэктура рымскага сабора Сьвятога Пятра ляжыць у аснове архітэктурных вобразаў шэрагу вельмі важных беларускіх сьвятыняў. Так, на пачатку 17-га стагодзьдзя полацкая Сафія была перабудаваная ўніяцкім біскупам Кунцэвічам на кшталт галоўнай каталіцкай сьвятыні. На схіле 18-га стагодзьдзя арцыбіскуп Богуш-Сэстранцэвіч перабудаваў на арцыкатэдру Сьвятога Станіслава былы кармэліцкі касьцёл у Магілёве. Пры гэтым галоўны фасад касьцёлу быў таксама мадыфікаваны на кшталт фасада ватыканскага сабору. Той самы арцыбіскуп даручыў віленскаму архітэктару Лаўрыну Гуцэвічу збудаваць летнюю рэзыдэнцыю ў Маляцічах пад Крычавам у форме паменшанай у 8 разоў копіі сабора Сьвятога Пятра!”

(Ракіцкі): “Калі на Беларусі зьявіліся першыя італьянскія архітэктары?”

(Гліньнік): “У эпоху готыкі ў дзейсных на беларускіх землях ВКЛ варштатах дамінавалі майстры, зьвязаныя зь нямецкай будаўнічай традыцыяй. У 16-м стагодзьдзі захапленьне італьянскай рэнэсансавай культурай, якое ўзьнікае ў каралеўскім асяродку, спрычынілася да запрашэньня на Беларусь першых італьянскіх майстроў – носьбітаў рэнэсансных будаўнічых традыцыяў. Зь вядомых сёньня імёнаў варта згадаць Скота з Пармы і Антонія Дзігрэпа, якія ў 1580-х гадох бралі ўдзел у каралеўскіх будоўлях Горадні – на Старым замку і гэтак званай “фары Вітаўта”.

(Ракіцкі): “Натуральна, што моду на рэнэсансавую архітэктуру неўзабаве падхапіла чульлівае да навінаў каралеўскага двара беларускае магнацтва. Пэўна, і тут першымі былі Радзівілы?”

(Гліньнік): “Не павінна зьдзіўляць, што Радзівілы падхапілі прыдворную моду аднымі зь першых. Гэтага вымагаў высокі сацыяльны статус гэтага роду. Мікалай Радзівіл “Сіротка” падчас пілігрымкі наведаў модныя рымскія будоўлі і запрасіў у Нясьвіж удзельніка будаўніцтва праграмнага езуіцкага касьцёлу Іль-Джэзу архітэктара Джавані Марыя Бернардоні. У 80-90-х гадох 16-га стагодзьдзя Бернардоні ажыцьцяўляў усе будаўнічыя пачынаньні князя. Зьбіраючыся пакінуць Беларусь, архітэктар падрыхтаваў сабе замену -- навучыў архітэктуры Яна Франкевіча, пекара зь Менску, які завяршаў нясьвіскія будоўлі пасьля ад’езду майстра. (Дарэчы, брат Сіроткі -- каталіцкі кардынал і кракаўскі біскуп Юры --пахаваны ў рымскай Іль-Джэзу). Тут належыць нагадаць, што ў першай палове 17-га стагодзьдзя істотны ўплыў на архітэктуру беларускіх земляў аказвала дзейнасьць будаўнічых майстэрняў Любліну, а ў люблінскім мулярскім цэху дамінавалі італьянцы. Перанос узораў люблінскай архітэктуры і дэкарацыі на беларускія землі адбываўся праз будаўніцтва бэрнардынаў і дамініканаў. Важную ролю ў тым працэсе адыгралі роды Сапегаў і Радзівілаў. Дасягненьні новай італьянскай школы ваеннай архітэктуры былі выкарыстаны ў першай палове 17-га стагодзьдзя пры будаўніцтве фартыфікацыі Ляхавічаў, Высокага, Глуску. Зь італьянцаў, якія працавалі на Беларусі ў другой палове 17-га стагодзьдзя, належыць узгадаць дарадцу ў справах мастацтваў караля Яна ІІІ (Сабескага) архітэктара Аўгуста Вінцэнцы Лоцы, які ў 1678 годзе спраектаваў галерэю для Нясьвіскага парку.”

(Ракіцкі): “Хто зь італьянскіх архітэктараў працаваў на Беларусі ў 18-м стагодзьдзі?”

(Гліньнік): “У эпоху барока на Беларусі працаваў шэраг першаклясных італьянскіх майстроў. Першымі варта назваць прадстаўнікоў знакамітага роду рымскіх архітэктараў Фантана, найперш – Язэпа ІІІ Фантана, які ў першай палове стагодзьдзя збудаваў шмат будынкаў на Беларусі. Зь ягоных прац назавем хіба сталовіцкую царкву Яна Хрысьціцеля і гарадзенскую царкву базылянаў. Славу сям’і Фантана складае таксама пабудова агромністага касьцёлу ў Будславе. Таксама варта ўзгадаць Маўрыцо Пэдэці з-пад Мілану, які ў сярэдзіне 18-га стагогдзьдзя працаваў у Нясьвіжы -- пабудаваў капліцу ў фарным касьцёле і невялікі палац “Кансаляцыя” ў Альбе. У другой палове 18-га стагодзьдзя на Віленшчыне і Наваградчыне працаваў Антоніо Парака зь Генуі (касьцёл бэрнардынаў у Друі і імісіянераў у Асьвеі). Неабходна назваць прыдворнага архітэктара графа Тызэнгаўза, галоўнага архітэктара каралеўскіх мануфактур ВКЛ, кіраўніка будаўнічай школы на Гарадніцы ў Горадні Джузэпе Сака зь Вероны. У Горадні архітэктар браў удзел у афармленьні інтэр’ераў палацу Тызэнгаўзаў, будаўніцтве Аўгустоўскай сядзібы, каралеўскага палаца, езуіцкага касьцёлу, ратушы. Ім збудаваныя палацы ў Сьвяцку, Шчорсах (разам з Спампані), Паставах, Ішчалне, Добасьне. Рымлянін Карла Спампані будаваў Шчорсаўскі і Нясьвіскі палацавыя комплексы, палацы ў Заслаўі, Беніцы, Радзьвіламонтах, Вільні. Зь Віцебшчынай зьвязана дзейнасьць італьянца Каятана Ангіяліні, які вучыўся ў Балёньі і Вероне, а ў 1784 годзе пераехаў у Полацак, затым працаваў ў Віцебску і Воршы. Іначэнца Мараіні з Луганы, які атрымаў архітэктурную адукацыю ў Мілане, на схіле 80-х гадоў 18-га стагодзьдзя кіраваў будоўляй гэтак званага “Новага дому опэр” для слонімскага тэатру М.К.Агінскага. Мяркуецца, што пазьней архітэктар вярнуўся ў Мілан, дзе пісаў дэкарацыі для тэатра “Ля Скала”.”

(Ракіцкі): “Дасюль мы ўзгадвалі італьянцаў, якія працавалі на Беларусі. Але, пэўна ж, былі і тутэйшыя архітэктары, якія навучаліся архітэктуры ў Італіі?”

(Гліньнік): “Пэўна. Прафэсар архітэктуры беларус Габрыэль Лянкевіч, які быў заснавальнікам катэдры архітэктуры ў Полацкім езуіцкім калегіюме, а пазьней яго рэктарам, на пачатку 60-х гадоў 18-га стагодзьдзя вучыўся ў Рыме. У 70-х гадох у Рыме вучыўся архітэктуры Лаўрын Гуцэвіч – першы кіраўнік катэдры архітэктуры віленскага ўнівэрсытэту, аўтар той самай паменшанай копіі сабора Сьвятога Пятра ў Малятычах.”

(Ракіцкі): “А як разьвіваліся архітэктурныя дачыненьні зь Італіяй пасьля далучэньня беларускіх земляў Рэчы Паспалітай да Расейскай імпэрыі?”

(Гліньнік): “Па першым часе тут працягвалі працаваць архітэктары, раней запрошаныя беларускай элітай. Па меры адхіленьня расейскай адміністрацыяй мясцовай палітычнай эліты ад кіраваньня краем гэтых архітэктараў паступова зьмяняюць італьянцы, якія паступалі на службу да расейскага імпэратара. У 1782 годзе прыдворны архітэктар расейскага імпэратарскага дому Джакома Кварэнгі зь Лямбардыі распрацаваў праект новай кялярні полацкага Богаяўленскага манастыра. Пасьля вучобы ў Італіі архітэктар Язэп Бетыні ў 1827-42 гадоў працаваў віцебскім губэрнскім архітэктарам. Зь італьянскага роду паходзіў і полацкі эпархіяльны архітэктар Пётар Порта, які ў 1830-х гадох перабудаваў амаль увесь цэнтар Полацку ў стылі позьняга клясыцызму.

Мясцовыя спэцыялісты па-ранейшаму езьдзяць вучыцца архітэктуры ў Італію. Гарадзенскі губэрнскі архітэктар Карл Багуміле на пачатку 19-га стагодзьдзя скончыў акадэмію ў Рыме. На пачатку 19-га стагодзьдзя пасьля заканчэньня вучобы ў Італіі Караль Падчашынскі ўзначаліў катэдру архітэктуры Віленскага ўнівэрсытэтуа і напісаў трохтомную працу “Пачаткі архітэктуры”. А паляк Адам Ідзькоўскі, які ў 19-м стагодзьдзі працаваў над палацавым комплексам у Гомелі, нават быў абраны сябрам Акадэміі прыгожых мастацтваў у Флярэнцыі.”

(Ракіцкі): “У які спосаб складваліся дачыненьні зь італьянскай архітэктурай у часы Савецкага Саюзу?”

(Гліньнік): “Мне не вядомыя факты работы на будоўлях Савецкай Беларусі італьянцаў, калі ня браць да ўвагі ваеннапалонных, якіх выкарыстоўвалі вядомыя органы на пасьляваенным аднаўленьні Менску, у прыватнасьці, на будаўніцтве Дому прафсаюзаў. Савецкая Беларусь не была адкрытай краінай. Але з 1930-х гадоў і прыкладна да 1960 году ўся беларуская архітэктура – гэта савецкі варыянт клясычнай архітэктуры, арыентаванай на італьянскія першаўзоры. І на гэтым шляху савецкія архітэктары дасягнулі надзвычайных вышынь. Ансамбаль галоўнай вуліцы Менску, які вылучаны ў Сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЕСКА – таму прыкладам. Дасягненьні беларускай архітэктуры эпохі таталітарызму былі забясьпечаныя высокім узроўнем архітэктурнай адукацыі, заснаванай на засвойваньні дасягненьняў клясычнай, найперш – італьянскай, архітэктуры. Дарэчы, на расейскую мову клясычны архітэктурны трактат Паладыё ў 1930-х гадох пераклаў таксама наш зямляк – архітэктар Іван Жалтоўскі зь Пінску.”
XS
SM
MD
LG