Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэм’ера ў “Сучасных мэмуарах”


Ул. інф. Сяржук Вітушка прызнаецца, што яму лёгка ўспамінаць пра “Талаку”, бо гэты пэрыяд ён лічыць самым шчасьлівым у сваім жыцьці. Цяжкая хвароба пазьней адабрала ў яго зрок, і ўспаміны пісаліся практычна з жывой памяці, проста перад мікрафонам у студыі “Свабоды”.

Успаміны Сержука Вітушкі “Дзе пачую талаку, туды ногі валаку” – ад панядзелка 10 кастрычніка на хвалях Радыё “Свабода”.

Уступнае слова Сяргея Абламейкі:

У верасьні 1986 году ў калідоры гістарычнага факультэту БДУ я нечакана сустрэў маладога чалавека, які размаўляў па-беларуску...

Нельга сказаць, што для гістфака БДУ гэта была нечуваная зьява. Разам зь яшчэ некалькімі студэнтамі 3-га і 4-га курсаў ужо на працягу трох гадоў я ўваходзіў у гурток гісторыі Беларусі, які дзейнічаў пры катэдры гісторыі БССР. На паседжаньнях гуртка мы размаўлялі па-беларуску і ўжо пасьпелі на той час зазнаць першыя рэпрэсіі – за арганізацыю лекцыі Юрыя Хадыкі пра беларускае уніяцкае мастацтва ў 1983 годзе наш гурток разагналі і зноў дазволілі зьбірацца толькі праз год.

Але хлопец той прыцягнуў увагу тым, што настойліва размаўляў па-беларуску з усімі навокал – і з выкладчыкамі, і са студэнтамі. Я адразу падыйшоў да яго, і мы пазнаёміліся. Гэта быў новы студэнт першага курсу Сяргей Вітушка. Хутка я і мой брат Андрусь сталі членамі “Талакі”.

З таго часу прайшло ўжо амаль 20 гадоў. І вось сёньня, успамінаючы “Талаку”, я думаю, што роля Сержука Вітушкі была ў ёй значна большая, чым здавалася тады. Вядома, кіраваньне было калегіяльнае, былі вакол і старэйшыя аўтарытэтныя сябры... Але цяпер здаецца, што менавіта ахвярнасьць і адданасьць Сержука беларускай справе, яго энэргія і прыцягальнасьць асобы адыгралі ў гісторыі “Талакі” вырашальную ролю. Тут якраз падыходзіць выраз “час выбірае нас”. Магчыма, каб на чале стаў нехта больш спакойны і стрыманы, больш зацікаўлены сваімі ўласнымі справамі, дык і “Талака” была б іншай. Але новыя людзі, якія прыходзілі ў нашу суполку, бачылі Вітушкаў прыклад – Беларусь была для яго ўсім. Я дзіўлюся, як ён пасьпяваў вучыцца і цягнуць на сваіх плячах усю арганізацыйную справу.

Другая якасьць характару Сержука Вітушкі, якую тут варта назваць – гэта яго прыродная годнасьць і прыстойнасьць. Думаю, гэта той тып чалавека, пра якога, нават калі б ён быў ня хрышчаны, можна сказаць, што гэта сапраўдны хрысьціянін. Менавіта гэтак, з такой павагай і ўвагай Сяржук ставіўся і ставіцца да людзей.

Думаю, што галоўную справу свайго жыцьця Сяржук ужо зрабіў – ён дапамог абудзіць Беларусь і трывала ўвайшоў у яе гісторыю. Думаю таксама, што ня гледзячы на цяжкі стан здароўя, ён зробіць яшчэ шмат іншага.

Адна рыса характару майго сябра мяне заўсёды зьдзіўляла – гэта яго нязьменны аптымізм. Нават цяпер, калі ён трапіў у надзвычай цяжкую сытуацыю са здароўем, ён ня траціць аптымізму і мужнасьці. Мне ніколі не даводзілася чуць ад яго скаргаў.

Хутка і слухачы змогуць пачуць яго малады і поўны аптымізму голас.
XS
SM
MD
LG