Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адной постсавецкай інтэграцыйнай структурай стала менш


Віталь Цыганкоў, Прага 6 кастрычніка стала менш на адну з шматлікіх інтэграцыйных структураў на прасторах былога СССР. На саміце Арганізацыі Цэнтральна-Азіяцкага Супрацоўніцтва ў Санкт-Пецярбургу былі прынятыя рашэньні аб зьліцьці гэтага аб’яднаньня ў Эўразійскую эканамічную супольнасьць. У ЭўраАЭС, нагадаем, уваходзіць і Беларусь.

Прэзыдэнты Казахстану, Кіргістану, Таджыкістану, Узбэкістану і Расеі вырашылі, што колькасьць арганізацыяў, куды ўваходзяць адны і тыя ж краіны, варта скараціць. “Гэтае рашэньне можа мець паваротнае значэньне для разьвіцьця эканамічнай інтэграцыі на постсавецкай прасторы” – гэтак даволі ўзьнёсла пракамэнтаваў падзею прэзыдэнт Таджыкістану Эмомалі Рахмонаў. “Гэта лепшы падарунак да майго дня нараджэньня”,-- адзначыў у сваю чаргу прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін. Лідэр Казахстану Нурсултан Назарбаеў выказаўся больш спакойна і прагматычна: “Гэтае аб’яднаньне здымае дубляваньне, скарачае траты ў фінансавай галіне і траты часу прэзыдэнтаў і цалкам адпавядае інтарэсам гэтых краінаў”.

Сапраўды, на постсавецкай прасторы існуе некалькі інтэграцыйных арганізацыяў, якія мала адрозьніваюцца паводле сьпісу пытаньняў і складу ўдзельнікаў. Адзіная краіна Эўраазіяцкай эканамічнай супольнасьці, якая не ўваходзіла ў Арганізацыю Цэнтральна-азіяцкага супрацоўніцтва – гэта Беларусь. Уладзімер Пуцін паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі, што ён пагутарыў на гэты конт з Аляксандрам Лукашэнкам і беларускі прэзыдэнт не пярэчыць супраць зьліцьця і падтрымлівае рашэньне сваіх калег-прэзыдэнтаў. Рашэньне аб скасаваньні адной з арганізацыяў стала магчымым пасьля таго, як Узбэкістан прыняў рашэньне далучыцца ў Эўраазіяцкую эканамічную супольнасьць. Такі чынам, у ЭўраАЭС, якая была створаная ў 2002 годзе, цяпер уваходзяць Беларусь, Казахстан, Кіргістан, Расея, Таджыкістан і Узбэкістан. Малдова і Ўкраіна маюць у гэтай арганізацыі статус назіральнікаў. Галоўнай задачай арганізацыі ёсьць стварэньне ўмоваў для свабоднага руху тавараў без выняткаў і абмежаваньняў.
XS
SM
MD
LG