Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкордны ўраджай зацікавіў дзяржных кантролёраў


Казімір Яноўскі, Гомель Гомельская вобласьць прызнана сёлета пераможцам у рэспубліканскім спаборніцтве сярод рэгіёнаў у вытворчасьці збожжа. Паводле зьвестак уладаў, яна адзіная сярод 6-ці абласьцей падвысіла ажно на 13 адсоткаў у параўнаньні з 2004 годам валавы збор збожжа. Агулам яго намалочана 1 мільён тон. Аднак рэгіянальны Камітэт дзяржкантролю выявіў шматлікія факты недакладных зьвестак пра рэкордны ўраджай.

У той самы час, калі Аблсельгасхарч рапартаваў пра мільённы намалот збожжа, рэгіянальны Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў шматлікія факты падачы недакладных зьвестак пра валавыя зборы і ўбраныя плошчы. Асабліва гэта тычыцца зьвестак пра намалоты збожжа на прысядзібных участках. Прыватны ўражай вяскоўцаў таксама ўлічаны ў агульным збожжавым караваі.

Скажам, напрыканцы жніўня Акцябрскі райсельгасхарч рапартаваў, што на прысядзібных участках скошана 15 гектараў пасеваў і намалочана 257 тон збожжа. Атрымлівалася, што сярэдняя ўраджайнасьць перавысіла 171 цэнтнер збожжа з гектара.

Гаворыць галоўны аграном Акцябрскага райсельгасхарчу Ўладзімер Барысаў:

(Барысаў: ) “Гэта проста памылка. Тоны прыбавілі, а гектары – не. І вось атрымалася такая вялікая ўраджайнасьць. 170 цэнтнэраў – такога няма ні ў адной краіне сьвету”, – патлумачыў галоўны аграном райсельгасхарчу спадар Барысаў.

Са зьвестак Жыткавіцкага райсельгасхарчу вынікала, што тут сабралі на прысядзібных участках ажно 797 цэнтнэраў збожжа з гектара. Дзяржкантроль, натуральна, запатрабаваў тлумачэньняў, бо такая ўраджайнасьць нават блізка не адпавядала біялягічна магчымай.

Факты неадпаведных зьвестак пра ўбраныя плошчы ды намалоты дзяржаўныя кантралёры выявілі таксама ў Калінкавіцкім, Рэчыцкім, Гомельскім, Буда-Кашалёўскім раёнах. Пры гэтым адзначалася, што скажэньне апэратыўных зьвестак адбывалася на ўсіх узроўнях – ад калгасаў да абласнога камітэту сельскай гаспадаркі і харчаваньня.

Апошнім часам Дзяржкантроль правяраў, як будуюцца ў вёсках дамы для мэханізатараў ды спэцыялістаў.

Напрыканцы мінулага году аблвыканкам дазволіў здаваць у эксплюатацыю жылыя дамы сядзібнага кшталту без гаспадарчых пабудоваў. Меркавалася, што будаўнічыя арганізацыі зробяць іх сёлета ў першым паўгодзьдзі. Як высьветлілася, дзьве з паловай сотні дамоў ў 62 паселішчах рэгіёну ня маюць гаспадарчых пабудоваў да гэтага часу.

Будаўнікі скардзяцца на абмежаванасьць фінансаваньня жылых дамоў для вяскоўцаў, а вяскоўцы – на нязручнасьці жыцьця ў дамах без гаспадарчых пабудоваў.
XS
SM
MD
LG