Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Буш: Амэрыка будзе змагацца з тэрарызмам да поўнай перамогі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Крыху болей, чым праз чатыры гады пасьля нападаў на ЗША 11 верасьня 2001 году, прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш выказаўся пра сваё бачаньне вайны зь міжнародным тэрарызмам, Цягам свайго 40-хвіліннага выступу ён таксама паказаў сувязь гэтай вайны зь ірацкім канфліктам, які доўжыцца два з паловай гады.

Джордж Буш параўнаў ісламісцкіх баевікоў з камуністамі часоў халоднай вайны, якія імкнуцца дамінаваць над большай часткай сьвету праз запалохваньне і зьнявольваньне радыкальнай ідэалёгіяй. Баевікі, сказаў Буш, называюць сябе змагарамі за свабоду, а на самой справе зьяўляюцца звычайнымі забойцамі. Прэзыдэнт падкрэсьліў, што баевікі звальваюць віну за праблемы сваіх урадаў на Захад увогуле і на ЗША зь Ізраілем у прыватнасьці.

(Буш: ) “Уплыў ісламскага радыкалізму ўзмацняецца яго памагатымі. Яны дзейнічаюць пад прыкрыцьцем аўтарытарных рэжымаў і такіх хаўрусьнікаў, як Сырыя і Іран. Яны ставяць перад сабой агульную мэту – нашкодзіць Амэрыцы і памяркоўным мусульманскім рэжымам і прапагандуюць тэрарызм у спробе апраўдаць свае няўдачы на Захадзе, у Амэрыцы і ў Ізраілі.”

Буш пачаў вайну з такімі групоўкамі адразу пасьля нападаў 11 верасьня, і неўзабаве кааліцыя на чале з ЗША адхіліла Талібан --гаспадара “Аль-Кайды” -- ад улады ў Аўганістане. Цяпер амэрыканцы і іхныя саюзьнікі сутыкнуліся з аналягічным ворагам – паўстанцамі ў Іраку. Прэзыдэнт ЗША заявіў учора, што Ірак стаў цэнтрам вайны з мусульманскімі экстрэмістамі, а гэта для амэрыканцаў лепей, чым калі б вайна вялася на іх тэрыторыі.

(Буш: ) “Тэрарысты лічаць Ірак цэнтральным фронтам у іх вайне супраць чалавецтва, а мы павінны прызнаць Ірак як цэнтральны фронт у нашай барацьбе з тэрарызмам.”

Прэзыдэнт паведаміў, што ЗША разам са сваімі саюзьнікамі пасьля 11 верасьня запабеглі як найменей 10 нападам “Аль-Кайды”, тры зь якіх плянаваліся непасрэдна на тэрыторыі ЗША. Але ніякіх дэталяў змоў Джордж Буш не паведаміў.

Прамова прэзыдэнта прагучала ў час, калі падтрымка амэрыканцамі ірацкай вайны падае, а Буш мае свой самы нізкі рэйтынг ад студзеня 2001 году, калі ён стаў прэзыдэнтам. А іракцы ва ўмовах гвалту будуць галасаваць за новую канстытуцыю на рэфэрэндуме, які ладзіцца пры падтрымцы амэрыканскай адміністрацыі.

Буш адрынуў абвінавачваньні, што ваенная апэрацыя правакуе ісламскіх экстрэмістаў, і пацьвердзіў, што ЗША ніколі не адступяць перад тэрарызмам і будуць змагацца да поўнай перамогі.

(Буш: ) “Ні ўступкі, ні подкуп, ні паблажкі ня зьменяць і не абмяжуюць іх плянаў забіваць. Наадварот, яны цэляцца ў дзяржавы, паводзіны якіх, як яны вераць, можна зьмяніць праз гвалт. Супраць такога ворага , ёсьць толькі адзін эфэктыўны спосаб. Мы ніколі не адступім, ніколі не здадзімся і ніколі ня пойдзем ні на што, акрамя перамогі.”

Джордж Буш зноў папярэдзіў, што вайна зь міжнародным тэрарызмам будзе доўгай і жорсткай.
XS
SM
MD
LG