Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскую прэмію міру далі МАГАТЭ і яе кіраўніку


Ганна Соусь, Менск Cёлета Нобэлеўская прэмія міру прысуджаная Міжнароднаму агенцтву атамнай энэргіі ААН і яго кіраўніку Махамэду Эль-Барадэю. У заяве Нобэлеўскага камітэту адзначаюцца заслугі МАГАТЭ і яго кіраўніка ў справе барацьбы з распаўсюдам ядзернай зброі. Аднак у Беларусі, краіне, пацярпелай ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, такое рашэньне Нобэлеўскага камітэту ацанілі неадназначна.

МАГАТЭ і Эль-Барадэй уганараваныя Нобэлеўскай прэміяй міру за “намаганьні ў справе недапушчэньня выкарыстаньня ядзернай энэргіі ў ваенных мэтах і дзеля выкарыстаньня ядзернай энэргіі ў мірных мэтах з максымальнай бясьпекай”. Як адзначаецца, найбольш складаныя задачы, зь якімі сутыкалася ў апошнім часе Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі — гэта ядзерныя праграмы Ірану і Паўночнай Карэі. А як ацэньваюць рашэньне Набэлеўскага камітэту ў Беларусі?

Дырэктар незалежнага інстытуту радыяцыйный бясьпекі “Белрад” прафэсар Васіль Несьцярэнка лічыць, што, калі ацэньваць дзейнасьць МАГАТЭ ў перадоленьні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне, то тут няма значных дасягненньняў, за якія можна прысуджаць прэмію міру.

(Несьцярэнка: ) “Галоўная задача пасьля Чарнобылю (тым больш, што хутка сумная дата — 20-годзьдзе аварыі) Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі, якое актыўна прапагандавала пашырэньне выкарыстаньня атамнай энэргіі — прыкласьці ўсе намаганьні, каб зьвесьці да мінімуму наступствы катастрофы. Я лічу, што гэтага МАГАТЭ ня здолела зрабіць. Тыя вартыя жалю падачкі накшталт прыладаў, якія яны падарылі, — абсалютна неадпаведныя тым стратам, якія панесла Беларусь ад атамнай энэргетыкі — больш за 235 мільярдаў даляраў. Мы не адчулі дапамогі ад агенцтва, вельмі багатага, куды кожная краіна, у тым ліку і Беларусь, штогод уносіць значныя ўнёскі, каб былі сканцэнтраваныя грошы для дапамогі”.

Член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі прафэсар Іван Нікітчанка назваў блюзьнерствам прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі міру МАГАТЭ і яго кіраўніку.

(Нікітчанка: ) “Я расцэньваю гэтую прэмію Нобэлеўскую як блюзьнерства што да памяці ахвяраў чарнобыльскай катастрофы. Яны фальсыфікуюць усю карціну. Адкуль узялі толькі 4 тысячы пацярпелых у Беларусі? 1 мільён 840 тысяч сёньня жывуць на забруджаных тэрыторыях толькі ў Беларусі. А Ўкраіна? А Расея? Я ня ведаю, хто яго рэкамэндаваў, хто вылучаў на гэтую прэмію…”

Прафэсар Нікітчанка згадваў сёлетнюю справаздачу ААН, якую рыхтавалі ў тым ліку і экспэрты МАГАТЭ, якой аналізаваліся наступствы чарнобыльскай катастрофы. Справаздача выклікала рэзкую крытыку ў сьвеце.

Неадназначна паставіўся да прысуджэньня Нобэлеўскай прэміі міру МАГАТЭ і яе кіраўніку вядомы расейскі навуковец і грамадзкі дзеяч, сябра Камітэту ў справе радыяцыйнай рызыкі пры Эўрапарлямэнце, старшыня партыі “Зялёная Расея” Аляксей Яблакаў.

(Яблакаў: ) “Рашэньне, канечне, дзіўнае. Выклікае больш пытаньняў ці непрыняцьця, чым падтрымкі. На маю думку, упершыню прэмію атрымала дзяржаўная структура, паколькі ў складзе МАГАТЭ — прадстаўнікі ўрадаў. Гэтае рашэньне выклікае неадназначную рэакцыю. Сама гісторыя МАГАТЭ — страшная. Верыць гэтай арганізацыі абсалютна нельга. Менш за месяц таму пад эгідай МАГАТЭ выйшла справаздача, якую інакш як жыхлівай у дачыненьні да ахвяраў Чарнобылю назваць нельга. У гісторыі МАГАТЭ ёсьць і такое выказваньне яго генэральнага дырэктара. Пасьля чарнобыльскай аварыі ў жніўні 1986 году генэральны дырэктар МАГАТЭ заявіў, што атамная энэргетыка вытрымае адну такую аварыю, як Чарнобыль, штогод. І мы гэта не забылі, і гэта чорная пляма на МАГАТЭ”.

Кіраўнік МАГАТЭ Махамэд Эль-Барадэй, юрыст з Эгіпту, узначальвае гэтую арганізацыю са сьнежня 1997 году.
XS
SM
MD
LG