Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Шэндэровіч – госьць "Свабоды"


Юры Дкакахруст, Прага (эфір 9 кастрычніка) На працягу некалькіх гадоў гледачы тэлеканалу НТВ у Расеі, Беларусі і іншых краінах кожны тыдзень чакалі злых і дасьціпных “Лялек” і “Ітого”. Аўтарам сцэнароў адной перадачы і вядучым іншай быў Віктар Шэндэровіч – адзін з найбольш папулярных расейскіх сатырыкаў . Менавіта гэтыя дзьве сатырычныя праграмы былі прычынай зьнішчэньня незалежнага тэлеканалу.

Цяпер Віктар Шэндэровіч вядзе перадачу “Все свободны” на расейскай службе нашага радыё; на радыё “Эхо Москвы” рэгулярна выходзіць ягоная праграма “Плавленый сырок”. Сёньня Віктар Шэндэровіч – госьць нашай праграмы.

(Карэспандэнт: ) “Шмат якія жарты, якія паўтараюць у Расеі і за яе межамі, належаць нашаму сёньняшняму суразмоўцы. Вось некаторыя з апошніх: “Мы даўно б паказалі ўсяму сьвету кузькіну маць, але ж яна невыяздная”, “Што такое сабака Баскервілей? Гэта Муму, якая здолела выплыць”, “У Расеі чаша цярпеньня вымяраецца шклянкамі”. У аўтабіяграфіі Віктар Шэндэровіч піша пра сябе сьцісла: нарадзіўся ў 1958 годзе, у дзіцячым садку вызнаў цану калектывізму, у 1980-1982 годзе служыў у Савецкім войску, дзе навучыўся лаяцца матам. Перад тым як пачаць пісаць, некаторы час чытаў”. З ягонай афіцыйнай аўтабіяграфіі можна дадаткова даведацца, што наш сёньняшні суразмоўца нарадзіўся ў Маскве, скончыў інстытут культуры і асьпірантуру Шчукінскай тэатральнай вучэльні, напісаў кнігі “Семкі”, “Маскоўскі пэйзаж”, “Тут было НТВ”, “Шэндэўры”. Вядомае меркаваньне, што аўтарытарныя ўладары больш за ўсё баяцца кпінаў і сатыры. І практыка нібыта гэта пацьвярджае. Нядаўна беларускія ўлады распачалі крымінальны перасьлед стваральнікаў сатырычных мультфільмаў пра Лукашэнка. Адной з прычынаў зьнішчэньня расейскімі ўладамі старога НТВ былі "Куклы" і праграма "Ітого", якія рыхтаваў і веў Віктар Шэндэровіч.

А можа, дарма яны баяцца? Можа, гэтыя кпіны ўспрымаюцца большасьцю людзей, як інтэлігенцкае гігіканьне, якое выклікае раздражненьне жартаўніком, а не аб''ектам ягоных жартаў?”

(Шэндэровіч: ) “Я думаю, што ўлада на падсьвядомым узроўні разрозьнівае падгігікваньне і сатыру, адрозьнівае людзей, якія робяць уладзе прыемна тым, што іранізуюць, падкрэсьліваючы дэмакратызм улады, якая гэта церпіць. Улада адрозьнівае гэтую інтанацыю ад інтанацыі сатырычнай і жорсткай, ад інтанацыі дэмакратычнай, дазволю сабе сказаць, бо такое прыдворнае падгігікваньне вельмі далёкае ад грамадзкай функцыі сатыры. Таму тых, хто падгігіквае, мякка іранізуе, улада часам сама культывуе. Ўлада сама сабе наймае мяккіх крытыкаў, дэманструючы плюралізм. Але калі справа даходзіць да прамых, жорсткіх пытаньняў, прамых вобразных ацэнак...Яшчэ Гогаль пісаў, што сьмеху баіцца той, хто ўжо нічога не баіцца. У гэтым сэнсе сатыра - гэта як радыяцыя, ад яе няма ўратаваньня. Бо калі выйсьці на вуліцу і крыкнуць "Далоў антынародны рэжым", большасьць хутчэй за ўсё пагадзіцца, але гэта адскокне ад чалавека, ня ўвойдзе ў ягоную сьвядомасьць. Але калі дакладна патрапіць у нэрв, у гэтую ахілесаву пяту, то гэта можа мець вельмі сур’ёзныя наступствы для ўлады. І цяжка ўзважыць, хто ў большай ступені наблізіў канец савецкай улады: Сахараў і Салжаніцын ці Высоцкі са Жванецкім , але я думаю, што як мінімум пароўну. Бо інтанацыя Высоцкага, інтанацыя Жванецкага, інтанацыя людзей, якія свабодна сьмяюцца ў несвабоднай краіне, гэта разбурала ідэалёгію з жахлівай сілай. Амальрыка чыталі адзінкі, Сахарава і Салжаніцына чыталі адзінкі, ну хай нават сотні, хай нават дзесяткі тысячаў, а Жванецкі і Высоцкі ўдарылі па плошчах. І засьмяяліся мільёны людзей. А людзі, якія сьмяюцца, ужо не зусім рабы. Так што нездарма яны баяцца, нездарма”.

(Карэспандэнт: ) “Цяпер зьявілася проста мора анэкдотаў пра Пуціна, у Беларусі шмат анэкдотаў пра Лукашэнку. Але я прыгадваю, што ў 1970-я гады над Брэжневым рагаталі ўсе, увесь народ. А скажам над Леніным - не, над ім сьмяялася пераважна нейкае інтэлігенцкае кола. Дык вось цяперашнія анэкдоты пра Пуціна - гэта як тады пра Брэжнева ці як тады пра Леніна?”

(Шэндэровіч: ) “Я думаю, што калі параўноўваць, то безумоўна як тады пра Брэжнева. Пра Леніна не было анэкдотаў, бо Ленін фігура гістарычная, фігура выдатная ці змрочная ў залежнасьці ад таго, камуніст Вы ці антыкамуніст. А Брэжнеў -- камічная фігура. Ленін адыграў велізарную ролю ў разьвіцьці краіны -- чорную з нашага гледзішча, сьветлую зь іншай, але ў любым выпадку велізарную, а Брэжнэў -- недарэчнасьць, зьбег абставінаў. Гэтак жа і Ельцын, пры ўсёй складанасьці гэтай постаці -- гэта гістарычная асоба, гэтак жа, як і Гарбачоў, а Пуцін -- у значнай ступені зьбег абставінаў. І фігура безумоўна камічная ў сэнсе сваёй неадпаведнасьці пасадзе, якую ён займаю, кажучы казённай мовай.

(Карэспандэнт: ) Прабачце, Пуцін - камічная фігура ў Вашых вачох, у вачох Вашага кола, ці ў вачох расейскага народа? Вядома ж, які высокі ўзровень ягонай падтрымкі паказваюць, скажам, вынікі сацыялягічных апытаньняў”.

(Шэндэровіч: ) “Зразумела, тыя пачуцьці, якія мае да Пуціна нейкае інтэлігентнае кола, непараўнальныя з тымі, якія мае публіка. Публіка ня зьвязвае свае праблемы з палітыкай Пуціна, у яго атрымалася аддзяліць сваю палітыку ад ўласнай асобы: ён белы і пушысты , як заўсёды, а вось баяры кепскія. Усё штосьці на баяр ў нас не шанцуе, цар ў нас заўсёды выдатны. У гэтым сэнсе камізм анэкдотаў пра Пуціна вельмі цікава прааналізаваць. Гэта камізм вельмі часта падкрэсьлівае ягоную магутную жахлівасьць, гэта яго часам цешыць я мяркую. Памятаеце, як Пуцін ноччу вырашыў падсілкавацца, адчыняе лядоўню і студзень, які там стаіць, пачынае дрыжаць. "Не баісь - гаворыць Пуцін - я па кефір прыйшоў". Гэта падкрэсьлівае атмасфэру ў краіне, але і ягоную ўладу. Ці іншы анэкдот, як ён прыходзіць у рэстарацыю разам з кіраўніком ураду Фрадковым, старшынём Дзярждумы Грызловым і старшынём Савету Фэдэрацыі Міронавым. Афіцыянт пытае: "Што будзеце есьці: рыбу ці мяса?" "Мяса" - адказвае Пуцін. "А гародніна?"- пытае афіцыянт. "А гародніна таксама будзе мяса" - кажа прэзыдэнт. Гэта -- пагарда да тых, каго ён прызначыў, каго ён прывёў, але ён пры гэтым – “цар гары”. Але атмасфэра пуцінскага праўленьня адлюстраваная ў гэтых анэкдотах проста бліскуча. Варта сказаць, што Пуцін на другім тэрміне свайго праўленьня дажыў да ўласных анэкдотаў, раней былі пераробкі з ранейшых. Першыя анэкдоты пра Пуціна, якія зьявіліся -- гэта пераробкі анэкдотаў пра Андропава. Анэкдот пра новы сорт яблыкаў "Пуцінка" , які вяжа ня толькі рот, але і рукі -- гэта “рымэйк” анэкдота 1983 году пра сорт яблыкаў "Андропаўка". Я думаю, што здольнасьць да лягічнага мысьленьня ніколі не былі перавагай расейскага народу. Народ ня зьвязвае палітыку Пуціна зь ім самім. Усе сацыялягічныя ацэнкі палітыкі Пуціна даюць адмоўны паказчык: манэтызацыя, Чачня, рост карупцыі -- гэта адзначаюць усе. У апошніх апытаньнях сярод крымінальных прафэсіяў расейцы на першыя месцы паставілі міністраў, міліцыянтаў і дэпутатаў, а толькі потым бандыты і тэрарысты. Але Пуцін быў здольны аддзяляць сябе ад гэтай палітыкі, ён на зьнішчальніках лётае, дзяцей па галоўках гладзіць а тут "такая краіна", як сказаў бясланскім маці спадар Козак. Я думаю, што атмасфэра мяняецца і стаўленьне мяняецца. Пуціну быў дадзены велізарны і апраўданы з пункту гледжаньня чаканьняў крэдыт даверу, бо тое, што была да таго, усім абрыдла. Але ён у нас ужо шосты год. Карупцыя павялічваецца, вайна не сканчаецца, "Норд Ост" зьмяніўся Бясланам. Я мяркую, што даволі хутка расейскі народ зьвяжа гэтыя зьявы і тады пойдуць зусім іншыя анэкдоты”.

(Карэспандэнт: ) “Пуцін і Лукашэнка -- з гледзішча сатырыка хто сьмяшнейшы, што сьмешна ў аднаго і ў іншага?”

(Шэндэровіч: ) “Гэта вельмі цікавая тэма -- Пуцін і Лукашэнка. Раздражненьне, якое амаль не хаваецца, якое выклікае Лукашэнка ў Пуціна, зьвязанае з тым, што Пуцін добра сябе адчувае ў кампаніі з Бэрлюсконі, Тоні Блэрам, Шыракам, але стыль кіраваньня, пры якім ён можа застацца ва ўладзе, бліжэй да стылю кіраваньня Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і Туркмэнбаші. Лукашэнка раздражняе Пуціна, як раздражняе ўласнае адлюстраваньне, якое не падабаецца з пахмельля. Выправіць гэта ў цябе няма палітычнай волі і сілаў, а гэта нагадвае пра сябе ўвесь час. Лукашэнка -- непрыемны напамін Пуціну пра тое, што яго можа чакаць, калі ён ня спыніцца. А яго можа чакаць пажыцьцёвы прэзыдэнцкі тэрмін і ўсе іншыя пажыцьцёвыя тэрміны, калі гэты тэрмін скончыцца. Таму што Лукашэнка ўжо ня можа сысьці ад улады. На жаль для яго і для беларускага народу ён ужо прайшоў гэтую рысу, калі мог сысьці. Ён ня можа сысьці ад улады, яго адразу арыштуюць і будуць судзіць. І нават не давядзецца нічога прыдумляць. Баюся, што вельмі хутка ці ўжо можа сказаць ці падумаць пра сябе Пуцін. Ён ужо ня можа, як Маргарэт Тэтчэр, проста сысьці ад улады, бо на выхадзе са Спаскай брамы Крамля яго будуць чакаць некалькі алігархаў і ўвесь чачэнскі народ. Ён ня можа жыць на Радзіме без аховы -- гэта вынік яго палітыкі. Больш таго, ён ня можа жыць на Радзіме пры законе -- як толькі запрацуе нармальны, незалежны суд, ён і ягоная адміністрацыя сядуць як мінімум за злоўжываньне ўладай. У гэтым сэнсе падабенства вельмі істотнае. Калі казаць пра псыхалягічныя характарыстыкі, то яны зусім розныя. Лукашэнка -- сапраўдны шалёны, "настоящих буйных мало, вот и нету вожаков" , як ў песьні Высоцкага пра вар’ятню. І як кожны сапраўдны шалёны, ён вельмі таленавіты чалавек, ён шчыры чалавек, ён чалавек з велізарным уладным рэфлексам. Ён безумоўна таленавіты менавіта ў гэтым сэнсе -- прыходу да ўлады і ўтрыманьня яе, ён грандыёзны папуліст. У яго моцныя магчымасьці асабістыя, ён дамінуе, ён падаўляе. Я зараз кажу , што называецца, па модулі, без ацэнкі плюс-мінус. Лукашэнка прыйшоў да ўлады сам, Пуціну прыляцеў на Лазурны бераг Барыс Беразоўскі і паведаміў, што ён будзе наступным прэзыдэнтам Расеі. Псыхалягічны партрэт абсалютна розны, агульнае, паўтараю, тое, што абодва могуць заставацца ва ўладзе толькі крымінальным шляхам.

(Карэспандэнт: ) “А з каго прасьцей сьмяяцца?”

(Шэндэровіч: ) “Прасьцей, зразумела, з Лукашэнкі. Бо ён, як сапраўды шалёны, паводле Высоцкага, дае яскравыя падставы. Практычна ўсе яго рашэньні -- ад кіраўніцтва сяўбой па сэлектару да гонак на лыжах, дзе ягоныя падначаленыя пасьпяхова спрабуюць адстаць ад яго -- гэта гатовыя анэкдоты. Ён сам -- хадзячы анэкдот, дакладней, анэкдот, які бегае на лыжах. Пуцін з іншай кагорты, ён чэкіст, намэнклятурны чалавек, які прызвычаіўся ўзважваць словы, чалавек, які пралічвае свае дзеяньні і словы. Хаця Лукашэнку ў гэтым сэнсе таксама ня варта недаацэньваць -- большасьць ягоных гістэрыкаў вельмі прадуманыя і ўзважаныя. І ўсё ж для таго , каб знайсьці сьмешнае ў Пуціне, патрэбны аналіз. Лукашэнка відавочна сьмешны”.

(Карэспандэнт: ) “Цяпер іншая пара -- Пуцін-Буш. У ЗША таксама вялікая колькасьць анэкдотаў, іроніі, Буш сам дае падставы для іх -- варта прыгадаць яго знакамітыя "бушызмы". Чым, на Вашую думку, палітычная сатыра ў сёньняшняй Расеі адрозьніваецца ад палітычнай сатыры ў сёньняшніх ЗША?”

(Шэндэровіч: ) “Яна адрозьніваецца толькі наступствамі для таго, хто крытыкуе, хто малюе шарж. Я ня чуў нічога пра крымінальны перасьлед Майкла Мура, які зьняў стужку "Фарэнгайт 9/11". Я ня чуў пра падатковыя праверкі ў тых тэлекампаніях, якія гэты фільм паказвалі. Я нічога ня чуў пра пасадку ў турму Біла Гейтса, які фінансаваў праціўніка Буша. Можна колькі заўгодна крытыкаваць Буша, але за гэта не пасадзяць і падатковая ня прыйдзе і ўсе будзе нармальна. У нас мы гэта абмяркоўваем з праскага офісу радыё Свабода, а не ў эфіры НТВ”.

(Карэспандэнт: ) “Ну а стылёва чым адрозьніваюцца сучасная расейская і амэрыканская палітычная сатыра?”

(Шэндэровіч: ) “Я ня ведаю, я не вялікі знаўца амэрыканскай сатыры. Хаця адзін бліскучы жарт я чуў на свае вушы і зьдзівіўся, што з гэтым чалавекам нічога ня здарыцца. Шоў Лібэрмана, якое глядзяць па тэлебачаньні мільёны амэрыканцаў. Ён гаворыць: "Здарылася жахлівае, згарэла прэзыдэнцкая бібліятэка". Як Вы разумееце, ужо сьмех у залі. "Прычым -- гаворыць ён -- згарэлі абедзьве кніжкі прэзыдэнта". Рогат у залі. "Але самае жахлівае -- працягвае Лібэрман -- што адну з кнігаў прэзыдэнт яшчэ не пасьпеў расфарбаваць". Вось жарт пра амэрыканскага прэзыдэнта на амэрыканскім тэлебачаньні. Я паўтаруся, я не вялікі знаўца амэрыканскай сатыры, але мне здаецца, што адрозьніваецца адчуваньне: адчуваньне амэрыканца, што прэзыдэнт -- гэта мэнэджэр, амэрыканец выбраў мэнэджэра, які будзе кіраваць ад яго імя і на ягоныя грошы. І незадавальненьне тым, што на мае грошы ён робіць немаведама што. А ў Расеі традыцыйны “цар-бацюшка”, поратыя задніцы прадзедаўскія баляць. Калі мне кажуць пра маю мужнасьць за мае жарты, я адчуваю сябе няёмка. Я ведаю мужных людзей, я да іх не належу. Але я ўспрымаю свайго прэзыдэнта крыху па-заходняму з прычыны асаблівасьцяў біяграфіі. Я разумею, што гэта чалавек, які існуе на мае грошы, што ён абараны дзеля таго, каб мне, маім бацькам, маёй сям’і было лепш. І калі ён робіць замест гэтага немаведама што, я лічу , што маю права казаць пра яго тое, што я кажу. Ён павінен баяцца нас, а ня мы яго. Амэрыканцы ведаюць гэта ад нараджэньня, бо Амэрыка прыдуманая як краіна свабодных людзей. А мы, Расея, ніколі не была краінай для людзей, яна заўсёды была краінай для ўвасабленьня нейкай мэсыянскай ідэі -- а народ, гэта будаўнічы матэрыял, каб пабудаваць горад на балоце ці дагнаць Амэрыку. А не для таго, каб проста жыць, каб людзям было добра, каб ніякага Трэцяга Рыму”.

(Карэспандэнт: ) “Віктар Шэндэровіч ня толькі літаратар, ня толькі сатырык, але і палітык, прынамсі ён быў у складзе апазыцыйнага “Камітэту-2008”. У мяне пытаньне, якое тычыцца ня толькі расейскай, але магчыма і беларускай апазыцыі. Чаго не хапае для посьпеху? Ці яе пазбаўляе любых магчымасьцяў адміністрацыйны рэсурс, ці ўся справа ў тым, што апазыцыянэраў не пускаюць да мэдыяў? А ці ёсьць у іх такое, што сказаць праз гэтыя мэдыі, што б, як у 1980-я гады, зьбірала стадыёны?”

(Шэндэровіч: ) “Я думаю, што ёсьць , што сказаць. Па-першае, я вымушаны паправіць Вас, я не палітык зразумела. Мяне занесла ў грамадзкую дзейнасьць, пра што я не шкадую, але так атрымалася. Мяне выкінулі з прафэсіі. Я займаюся грамадзкай, а не палітычнай дзейнасьцю, я не зьбіраюся ісьці ў прэзыдэнты ці дэпутаты, не зьбіраюся ўступаць у якую то ні было партыю. Хаця выключэньні здараліся ў гісторыі -- яскравы прыклад Гавэл, але пісьменьніку лепш туды ня лезьці. А наконт таго, ці ёсьць, што сказаць, думаю, што ёсьць, таму і не пускаюць. А пра прычыны... Разумееце, гавораць яны ўсё правільна. Я падпішуся пад усім, што гавораць Яўлінскі, Нямцоў і іншыя дэмакраты. У нас амаль няма ідэалягічных супярэчнасьцяў. Праблема ў тым, што ізноў жа па Высоцкаму ""настоящих буйных мало, вот и нету вожаков". На жаль шалёныя зьяўляюцца толькі з левага флангу, напрыклад, тыя ж “лімонаўцы”. На жаль няпрыязь, якую многія дэмакраты маюць да Пуціна, значна меншая, чым іх няпрыязь да іх сяброў па дэмакратычнай працы. На жаль асабістыя амбіцыі і пытаньне, якое мейсца я буду займаць у гэтым тэатры -- гэтае пытаньне цікавіць шмат каго з дэмакратаў значна больш, чым пытаньне, якім будзе рэпэртуар гэтага тэатру. Я, папрацаваўшы ў "Камітэце-2008", зрабіў для сябе вельмі сумныя высновы аб няздольнасьці пераадолець асабістыя амбіцыі і непрыязі. Калі ў лідэраў дэмакратычнага руху іх трывога за будучыню Расеі пераможа трывогу за сваё мейсца ў гэтай будучыні, толькі тады можна чакаць нейкіх прарываў. Пакуль у мяне спадзеў толькі на новае пакаленьне. Моладзевы "Яблык" з моладзевым СПС аб’ядноўваюцца лёгка, у нашых акцыях аб’ядноўваюцца правыя і левыя, мы знаходзім агульныя кропкі. Мы гатовыя бегчы з левымі па розных сьцежках, канкуруючы ў ідэалёгіі, але праблема ў Расеі ў тым , што зносяць стадыён. Цяпер трэба аб’яднацца і не дапусьціць гэта, бо калі стадыён разбураць, то на яго месцы пабудуюць канцлягер. Тут гісторыя ня ведае выняткаў. Гэты працэс ў Расеі разварочваецца імкліва. Але разам з тым узьнікае дэмакратычны супраціў, які фармуецца па-над партыямі. Я спадзяюся, што тут ня прыйдзецца доўга чакаць, што колькасьць пяройдзе ў якасьць і тады ўзьнікне постаць, якая аб''яднае. Фігура не ўзьнікае спачатку, яе выносіць хваля. Спачатку ёсьць Гданьск і страйкі, а потым зьяўляецца Валэнса. Спачатку "Хартыя-77" і рух інтэлектуалаў, потым высьвятляецца, што ёсьць Гавэл. Імя ўзьнікае потым, імя крышталізуецца”.

(Карэспандэнт: ) “Шмат расейскіх аналітыкаў і публіцыстаў перасьцерагаюцца, што людзі, якія сёньня заклікаюць да рэвалюцыяў, да скіданьня Пуціна , гуляюць з агнём, што рэвалюцыя, калі яна і магчымая, у цяперашняй Расеі можа быць толькі карычневай -- ксэнафобскай, антызаходняй, антылібэральнай. У расейскай гісторыі гэта ўжо было. Хіба сёньня ёсьць упэўненасьць, што скажам Каспараў і Яўлінскі пакажуць сябе больш моцнымі , чым Мілюкоў і Керанскі?”

(Шэндэровіч: ) “Пытаньне вельмі сур’ёзнае і можа быць самае галоўнае. Рэвалюцыі ня хочацца, бо хто-хто , а Расея ведае, чым сканчаецца кожная рэвалюцыя. Гэта яшчэ французы сфармулявалі, што рэвалюцыі плянуюцца рамантыкамі, робяцца прагматыкамі, а плён ад іх атрымліваюць нягоднікі. Але дыялектыка, прабачце за выраз, палягае ў тым, што да рэвалюцыі наўпрост вядзе ўлада, якая зачыняе ўсе выхады, не дае энэргіі выйсьці ў кляпаны нармальнага дэмакратычнага мэханізму. Яна запайвае гэтыя выхады, але праз нейкі час гэта ўсё выбухне. І як раз шанец, каб не выбухнула, гэта дэмакратычная працэдура. Вось калі яе ня будзе, то выбухне абавязкова. Мы гэта цяпер і бачым. Велізарны рост вагі “лімонаўцаў”, якія некалькі гадоў таму здаваліся абсалютна маргінальнай зьявай, якая, здавалася, не зацікавіць ужо нікога, акрамя літаратуразнаўцаў і псыхааналітыкаў. Раптам высьвятляецца, што гэта -- нумар 1. Яго нумарам 1 зрабіла ўлада. Бо калі пацаноў за захоп прыёмнай адміністрацыі і разьбітае вакно саджаць на 8 гадоў, гэта азначае, што прыйдуць тысячы маладых людзей, якія востра адчуваюць несправядлівасьць. У расейскай гісторыі гэта ўжо было. Нарадавольцы пайшлі ў народ, іх пачалі саджаць, скончылася тым, што пачалі ўзрываць гасудара-імпэратара. Шанец менавіта ў тым, каб забясьпечыць нармальны дэмакратычны працэс, з дыялёгам з апазыцыяй. Перамагаць апазыцыю не затыканьнем рота, а аргумэнтамі ў публічнай дыскусію. Пуцін-жа па вялікім рахунку ня выйграў ніводных выбараў, бо аніводнага разу ня выйшаў на публічны двубой. У яго няма гэтага досьведу. Чалавек, які не ўдзельнічаў у публічных дэбатах, ён наагул не палітык. Я ня думаю, што Каспараў і Яўлінскі мацнейшыя за Мілюкова і Керенскага. Але сёньня ў Расеі засталася адзіная крыніца энэргіі -- гэта ўлада, якая сканцэнтраваная ў адных руках. Праўда, там гэтых рук пяць-шэсьць, якія цягнуць рычагі ў розныя бакі, але гэта асобнае пытаньне. Але ў прынцыпе яны менавіта прыводзяць да рэвалюцыі. І тое, што Каспараў цяпер ідзе на кантакт з левымі -- правільна ідзе. Трэба навучыцца размаўляць. Гэта больш важна за канкрэтны вынік. Вось мне казалі наконт украінскіх падзеяў -- што ты падтрымліваеш "аранжавую" рэвалюцыю? Хіба ты ня бачыць, хто яны такія? Але ў дадзеным выпадку тэхналёгія прыходу да ўлады, спосаб прыходу да ўлады важней, чым праграма. Тое, якія спосабам прыйшлі да ўлады Юшчанка і Цімашэнка, прадвызначае, якім спосабам яны сыдуць з улады. Народ выйдзе на той жа Майдан і яны сыдуць, як міленькія. А вось у выпадку з Лукашэнкам так ужо не атрымаецца. Нашая задача цяпер у Расеі -- аднавіць нармальную працу дэмакратычнага мэханізму, каб былі выбары, каб былі свабодныя мэдыі, каб былі публічныя дэбаты, каб вярнулася грамадзкае жыцьцё, бо цяпер яго няма. Цяпер ці на кухнях ці Хадаркоўскі піша з турмы артыкул, а ўлада яго за гэта пераводзіць у агульную камэру. Вось і ўвесь грамадзкі дыялёг. А калі ён будзе, я думаю, у Расеі знойдуцца сілы, каб не пусьціць яе па шляху Ірану ці па нейкім сваім "асобым шляху". Але калі гэта не атрымаецца, прыгадайце маё слова, калі ўлада будзе скакаць на гэтыя граблі далей, тады нам амаль гарантаваны прыход да ўлады левых радыкалаў. Калі людзей будзе ўжо ванітаваць ад чэкістаў, ад гэтага спосабу кіраваньня, прыйдуць "почвенники". Назавем іх так , бо гэта, як Вы разумееце, не Аксакаў прыйдзе, а нешта зусім іншае”.

(Целиком интервью с Виктором Шендеровичем вы можете услышать в эфире белорусской службы Радио Свобода в воскресенье, 9 октября, или прочитать на Интернет-сайте www.svaboda.org)
XS
SM
MD
LG