Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Лукашэнка: “Хопіць грамадзянам Беларусі штурхацца па аўтарынках Эўропы”


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка правёў нараду наконт разьвіцьця ў Беларусі аўтабізнэсу, падчас якой выказаў патрабаваньне арганізаваць продаж машын і запчастак у Беларусі, каб грамадзяне самі не “штурхаліся па аўтарынках Эўропы”. Пасьля нарады будзе прыняты шэраг нарматыўных рашэньняў, у прыватнасьці, аб арганізацыі ў Беларусі вольных мытных сховішчаў для аўтамабіляў. Ня выключаныя зьмяненьні мытных плацяжоў на аўтамабілі для фізычных і юрыдычных асобаў.

Нядаўна Камітэт дзяржкантролю правяраў менскія аўтасалёны і выявіў практыку ўвозу ў Беларусь аўтамабіляў, якія афармляліся на фізычных асобаў, а потым прадаваліся пад выглядам камісійных тавараў. У сувязі з гэтым нават былі арыштаваныя кіраўнікі некаторых аўтацэнтраў, у прыватнасьці “Юколы-Сэрвісу” і “Юколы-Аўта”, якія такім чынам прадалі каля 300 машын. Крымінальныя справы былі таксама заведзеныя супраць адказных асобаў кампаніяў “Атлянт-М”, “РМ-Маркет”, “АўтаДынама”.

Такая схема прымянялася практычна ўсімі аўтадылерамі, але пасьля ціску Камітэту дзяржкантролю і шэрагу адміністрацыйных рашэньняў была прыпыненая. Гаворыць прадстаўнік аднаго зь менскіх аўтацэнтраў:

(Супрацоўнік: ) “Раней рашэньняў ніякіх не было, таму гэта й не было забаронена. Цяпер жа выйшаў дэкрэт прэзыдэнта, згодна зь якім нават калі машыну ўвезла фізычная асоба і прадае яе юрыдычнай асобе, то патрэбна ўсё роўна заплаціць дзяржаўны збор 3,5 эўра за кубічны сантымэтар”.

Праблема ў тым, што плацяжы для юрыдычных асобаў прыблізна ў пяць разоў большыя, чым для фізычных. Такім чынам, кошт машыны павялічваецца амаль на палову. На сёньняшняй нарадзе ў А.Лукашэнкі было вырашана ўжыць і эканамічныя захады для вырашэньня гэтай праблемы, наблізіць стаўкі мытных плацяжоў для фізычных і юрыдычных асобаў. Па-другое, прынятае рашэньне наконт арганізацыі ў Беларусі мытных аўтасховішчаў, дзе пад аховай супрацоўнікаў Мытнага камітэту будуць знаходзіцца машыны, што не прайшлі мытных працэдур. З падобных сховішчаў многія беларускія пакупнікі новых машын раней прыганялі свае аўтамабілі зь Літвы. Такія сховішчы, якіх раней у Беларусі не было, спросьцяць працу аўтадылераў, перакананыя спэцыялісты. А зь іншага боку, дзяржава атрымае дадатковыя грошы за ўтрыманьне на іх машын ды ў цэлым будзе лепей кантраляваць аўтамабільны рынак.

У Беларусі за год прадаецца 4—5 тысяч новых машын. Аднак Аляксандар Лукашэнка хоча паўплываць і на рынак патрыманых аўтамабіляў. Ён заявіў, што час дзікага рынку скончыўся, у тым ліку і аўтамабільнага, таму “хопіць грамадзянам Беларусі штурхацца па аўтарынках Эўропы”. Пры гэтым А.Лукашэнка зазначыў, што грамадзяне краіны штогод вывозяць за мяжу на набыцьцё аўтамабіляў да паўмільярда даляраў. Каля 200 мільёнаў даляраў дзяржава атрымлівае ў выглядзе мытных пошлін і іншых плацяжоў за ўвоз і рэгістрацыю машын. Менскі эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што зварот А.Лукашэнкі да праблемаў аўтамабільнага рынку выкліканы перадвыбарчымі патрэбамі:

(Раманчук: ) “Лукашэнка спрабуе прадэманстраваць, што ён разумее праблемы беларускіх аўтамабілістаў і будзе ім нейкім чынам дапамагаць”.

Яраслаў Раманчук мяркуе, што для ўрэгуляваньня праблемаў беларускага аўтарынку патрэбна выраўняць мытныя плацяжы для юрыдычных і фізычных асобаў.
XS
SM
MD
LG