Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ірына Халіп: "Я хачу быць эўрапейскім чалавекам"


Вольга Караткевіч, Прага Намесьніца галоўнага рэдактара "БДГ- Деловая газета" Ірына Халіп названая часопісам Time гераіняй Эўропы 2005 году. Сёньня Ірына па тэлефоне са Страсбуру дала інтэрвію беларускай "Свабодзе".

(Караткевіч: ) “Ірына цяпер з намі на тэлефоннай сувязі ў Страсбуры. Ірына, напачатку -- чаму Вы цяпер у Страсбуры?”

(Халіп: ) “Я тут толькі на адзін тыдзень, пакуль не скончыцца сэсія Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Для мяне гэта сапраўды вельмі важна, я думаю, як і для нас усіх. Набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары, і набліжаецца справаздача пра сытуацыю ў Беларусі. Мяркуецца, што ён будзе агучаны на вясеньняй сэсіі”.

(Караткевіч: ) “Ці вядомыя Вам нейкія дэталі дакладу?”

(Халіп: ) “Дакладчык па Беларусі ад Рады Эўропы -- гэта вядомы азэрбайджанскі палітык Азім Мала-задэ, ён вельмі паважаная асоба. Можна сказаць, што гэта -- герой Азэрбайджану. Ён яшчэ напрыканцы 80-ых ствараў Народны Фронт Азэрбайджану разам з Эльчыбеем. Гэта, сапраўды, вельмі разумны чалавек, вельмі цікавы чалавек, і думаю, што ён зробіць моцны даклад. Пакуль што ён сам ня хоча разгалошваньня”.

(Караткевіч: ) “Зразумела. Тэма "герой" -- гэта, відаць, галоўнае ў нашай сёньняшняй гутарцы, хаця мы будзем размаўляць на розныя тэмы. Часопіс Timе вылучыў Вас, Ірына, у ліку герояў Эўропы 2005 году ў катэгорыі "храбрае сэрца". Мы Вас віншуем, і пытаньне -- як часта Вы сябе адчуваеце гераіняй?”

(Халіп: ) “Амаль кожны дзень, калі прымушаю сябе ўзьняцца раней, чым празьвініць будзільнік”.

(Караткевіч: ) “Як Вы ўспрынялі гэтую навіну?”

(Халіп: ) “А я думаю. што гэта нармальна. Я думаю, што напэўна ёсьць нямала людзей, якія ня менш, чым я, заслугоўваюць гэтай узнагароды, але гэта -- нармальна. Наша барацьба, наша дзейнасьць, пра якую мы самі часам думаем, што, можа, яна ня мае ніякага сэнсу, таму што нішто і ніколі ня зьменіцца ў нашай краіне, -- тым ня менш, усё гэта адзначаецца на Захадзе, і добра, што гэта яны адзначаюць. Гэта значыць, што яны нераўнадушныя да нашай краіны, да нас з Вамі, і да таго, да чаго нераўнадушныя мы”.

(Караткевіч: ) “Літаральна некалькі хвілін таму прыйшло паведамленьне, што Дзьмітры Булахаў ізноў паўтарыў, што "сувэрэнітэт -- гэта не ікона, на якую трэба маліцца, каб разьбіць сабе лоб". Як бы Вы пракамэнтавалі такую заяву?”

(Халіп: ) “Сувэрэнітэт -- гэта не ікона, сапраўды, гэта проста каштоўнасьць. Гэта каштоўнасьць, дзеля якой можна і пазмагацца. Дзеля якой можна разьбіць сабе нават і лоб”.

(Караткевіч: ) “Як піша Time, Ірына Халіп - гэта "журналістка, якая выкрывае карупцыю ва ўрадзе, не шкадуючы нават Аляксандра Лукашэнку." Ірына, Вас не аднойчы выклікалі ў пракуратуру, не аднойчы былі прэцэдэнты магчымага судовага разьбіраньня. Якія складнікі, што Вас жывіць і што дае сілы на грамадзянскі супраціў, і што тычыцца Вашай прафэсіі -- даваць сапраўдную інфармацыю?”

(Халіп: ) “Як і ўсе савецкія людзі, я была рабом. Да 1991 года. У 1994-ым дыктатура вярнулася. У мяне было тры гады, каб зразумець, што такое эўрапейскія каштоўнасьці. Я зразумела. Для мяне гэтага было дастаткова. І таму менавіта гэтыя эўрапейскія каштоўнасьцю даюць мне сілы. Я хачу быць эўрапейскім чалавекам, я хачу, каб мая краіна таксама была нармальнай краінай у Эўропе. А не чорнай плямай, белай плямай, а апошнім часам -- крывавай плямай”.

(Караткевіч: ) “Не магу, Ірына, не закрануць апошнія палітычныя падзеі ў Беларусі, а менавіта – выбар адзінага кандыдата. Ім стаў Аляксандар Мілінкевіч. Вамі, як грамадзянцы Беларусі, як успрымаецца такі выбар, і наколькі ёсьць патэнцыял і магчымасьці ў гэтага чалавека перамагчы? Альбо -- у магчымасьці гэтаму чалавеку стварыць каманду з тымі людзьмі, якія здольныя рухаць Беларусь у Эўропу?”

(Халіп: ) “Я думаю, што ў спадара Мілінкевіча сапраўды вельмі добры патэнцыял. Проста я не разумею, шчыра кажучы, мэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Калі яны абіралі адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары - напэўна, гэта было нейкім жартам. Прабачце, я не хачу абагульняць, але я, асабіста я, упэўненая, што ніякіх прэзыдэнцкіх выбараў ня будзе, быць ня можа. І яшчэ летась я казала, што адзіны шлях для Беларусі -- гэта рэвалюцыя. Калі яны зараз далучаюцца да маіх думак -- ну, добра”.

(Караткевіч: ) “Вось якраз Лябедзька, Мілінкевіч заяўляюць, што, хутчэй, сытуацыя будзе вырашацца на вуліцах. Вы сказалі -- рэвалюцыя. Гучала гэта ў іхных інтэрвію, і для радыё "Свабода таксама". Сёньня, дарэчы, мы правялі апытаньне, -- "Што б вас прымусіла выйсьці на вуліцы?". Ірына, я Вас бачыла на акцыях пратэсту, думаю, што не заўсёды гэта была журналісцкая работа. Вы ўжо адказалі, што Вас прымушае ісьці на пратэст. На Вашу думку -- што ў Беларусі можа людзей прымусіць выйсьці на вуліцу? Асобы, ідэі, нешта іншае? Што?”

(Халіп: ) “І асобы, і ідэі, і разуменьне таго, што, можа, гэта апошні шанец выйсьці на вуліцу. Я маю на ўвазе -- "калі я сёньня ня выйду, дык заўтра можа быць позна". Асабіста для мяне самым страшным зьяўляецца, напэўна, тое, калі я зразумею. што заўтра замест мяне на вуліцу выйдзе хтосьці іншы. Для мяне гэта будзе канец маёй грамадзянскай дзейнасьці. І я спадзяюся, што такіх, як я, вельмі многа”.

(Караткевіч: ) “Я працытую адно Вашае выказваньне, што "абавязак кожнага чалавека" - зрабіць усё магчымае, каб зьмяніць сытуацыю ў краіне". Ірына, у ас асабіста ёсьць нейкі герой ці гераіня?”

(Халіп: ) “Вельмі многа. Гэта маі бацькі, якія разам са мной выходзяць на вуліцу. Гэта той кіроўца лёнданскага мэтрапалітэну, які выратоўваў людзей пасьля тэракту (дарэчы, ён таксама прызнаны героем Эўропы). Герой -- гэта той менскі АМАПавец, які загінуў пад час трагедыі на Нямізе, калі спрабаваў выратоўваць дзяўчат. Героі -- гэта савецкія праваабаронцы, якія выйшлі на чырвоную плошчу ў 1968-ым, героі -- гэта ўсе тыя, хто выходзіць на вуліцы Менску сёньня. Герояў – шмат”.

(Караткевіч: ) “Ірына, і апошняе пытаньне. Калі Вы не займаецеся выкрыцьцём карупцыі ва ўрадзе і не выкрываеце хібы грамадзтва -- чым Вы займаецеся? Чым цікавіцеся?”

(Халіп: ) “Як гэта і банальна прагучыць, паэзіяй, музыкай. Паэзіяй 20-ага стагодзьдзя і традыцыйным джазам”.
XS
SM
MD
LG